Вось пра што можа задумацца звычайны чалавек, перад якім раптам ва ўсёй сваёй аголенасьці, нявіннасьці і пекнаце адбываецца «Нараджэньне Вэнэры» Батычэлі? Здаецца, моцна думаць тут наогул не давядзецца, мазгі адключаюцца — пасьпець бы налюбавацца. І нарадавацца: за Вэнэру, да якой можна вось проста так хадзіць у адведкі, за тое, што яна нарадзілася адразу такой, з усімі належнымі Вэнэры вабнотамі, прамінуўшы стадыю гаршка і соскі; за Батычэлі, шэдэўр якога добра захаваўся, бо ў ягоны рэцэпт уваходзіў яечны жаўток; ды за сябе, грэшнага, які можа ў момант сумненьняў паглядзець на гэтую карціну і пераканацца, што прыгажосьць яшчэ плавае ля нашых берагоў і тануць не зьбіраецца.
Але гэта звычайны чалавек — дылетант і прафан, які нічога не разумее ў мастацтве. Асоба, якая глядзіць на карціну поглядам спэцыяліста, адразу заўважыць, што левае плячо ў Вэнэры апушчанае занадта нізка, а гэта, як вядома, дае падставы меркаваць пра наяўнасьць тубэркулёзу ў плечавым поясе. Асоба сапраўды неабыякавая да жывапісу палезе ў архівы і даведаецца, што жыхарка Флярэнцыі Сыманэта Катанэа, у замустве Вэспучы, сваячка таго самага Вэспучы, які скраў у Калюмба Амэрыку, менавіта тая жанчына, зь якой Батычэлі пісаў Вэнэру, памерла ад сухотаў ва ўзросьце дваццаці двух гадоў. Зрабіўшы гэты мастацтвазнаўчы аналіз, асоба задаволена гмыкне і страціць да карціны ўсялякі інтарэс. Бо дыягназ пастаўлены. Што і патрабавалася даказаць. Кропка.
У часы Батычэлі людзі мерлі ад сухотаў, як мухі. Сухотная палачка, якой было ўсё адно, Вэнэра перад ім або Лярнейская Гідра, касіла ўсіх без разбору, як Ясь канюшыну — карыстаючыся сваёй няўлоўнасьцю. Сухотная бактэрыя — рэч ня простая: калі звычайным мікробам трэба ўсяго паўгадзіны, каб пачаць дзяліцца, то цыкл дзяленьня сухотнай мікабактэрыі складае амаль суткі, таму чакаць вынікаў кожнага дасьледаваньня трэба тыдні і нават месяцы. Апрача таго палачка Коха мае абарону ў выглядзе тоўстага пласта тлушчоў і воску і таму не рэагуе ні на сьпірт, ні на шчолак, ні на кіслату, ні на малітвы, ні на хабар, ні на пагрозы — нездарма ніхто ня мог яе выдзеліць і ўтаймаваць.
І толькі ў дзевятнаццатым стагодзьдзі, роўна праз чатырыста гадоў пасьля таго, як Батычэлі пачаў пісаць «Вэнэру», знайшоўся чалавек, які выкрыў яе і прыціснуў да пазногця. 24 сакавіка 1882 году на паседжаньні Бэрлінскага фізіялягічнага таварыства нямецкі навуковец доктар Робэрт Кох выступае са спавешчаньнем на тэму «Этыялёгія сухотаў», якое робіць яго знакамітым на ўвесь сьвет. Адначасова з гэтым трыюмфам Коха ананімная палачка перажывае самае вялікае ў сваёй творчай біяграфіі прыніжэньне: ёй даюць імя яе пераможцы.
Да гэтага навуковага подзьвігу доктар прыйшоў не адразу. Ён абклаўся мышамі, якія тысячамі гінулі на ягоных руках; кожную раніцу, як на працу, ён хадзіў у шпіталь Шарытэ, што знаходзіўся недалёка, і рупліва зьбіраў там макроту і кроў, выплюнутую бэрлінскімі сухотнікамі, каб да сьвітанку фарбаваць іх, як натхнёны мастак, і шукаць загадкавага ўзбуджальніка.
У прынцыпе, тым, што ён зрабіў, можна любавацца, не раўнуючы карцінай. На якую пайшло столькі крыві і макротаў і мышыных жыцьцяў, што міжволі закашляешся і задумаешся над сэнсам быцьця.