Чаму беларускія праекты ў трэцім сьвеце правальваюцца?

Андрэй Фёдараў

Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца зь дзяржаўным візытам у Інданэзіі. Ці апраўдалася стаўка на іншыя, акрамя Захаду і Расеі, рэгіёны сьвету ў беларускай замежнай палітыцы? Ці адбываюцца прарывы ў гандлёвых дачыненьнях зь нейкай краінай пасьля візыту туды кіраўніка Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт у міжнародных дачыненьнях Андрэй Фёдараў.

— Пасьля таго, як у афіцыйнага Менску пагоршыліся стасункі з Захадам, быў узяты курс на пашырэньне супрацоўніцтва з краінамі з іншых рэгіёнаў. Ці адбыліся прарывы ў супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і тымі дзяржавамі, куды езьдзіў Лукашэнка — Іран, Індыя Віетнам, Вэнэсуэла, Блізкі Ўсход?

— Сапраўды, такіх паездак было нямала, асабліва недзе на мяжы стагодзьдзяў. Асабліва часта беларускі кіраўнік тады наведваў краіны Блізкага Ўсходу. Потым асноўная ўвага была нададзена Ірану і Вэнэсуэле, цяпер, як выглядае, галоўная ўвага сканцэнтраваная на далёкім Усходзе.

Аднак нельга сказаць, што гэтыя надзеі на дывэрсыфікацыю спраўдзіліся. Калі ўзяць замежны гандлёвы абарот за мінулы год, то ён складае 92 мільярды. І зь іх 88 працэнтаў прыпадае на краіны СНД (58 працэнтаў) і Эўразьвязу (амаль 30 працэнтаў). Яшчэ Кітай — 3 працэнты. На ўвесь астатні сьвет прыпадае 9 працэнтаў.

Таму тыя краіны, дзе даўно ўжо пабываў Лукашэнка, далёка ня ў лідэрах. І ўлічваючы ранейшыя тэндэнцыі, прарыву тут чакаць не даводзіцца. Гэта, вядома, не азначае, што ня трэба шукаць прырост экспарту ў гэтыя краіны нават на нейкія дзясяткі мільёнаў.

— Актыўная дыпляматыя ў краінах трэцяга сьвету была закліканая замяніць эўрапейскі накірунак, які не спрацоўваў з-за палітычных момантаў. Ці адбылося такое замяшчэньне? Столькі гаварылася пра іранскія і вэнэсуэльскія праекты, столькі туды было ўкладзена. Ці дало гэта свой вынік?

— Вядома, казаць пра замену эўрапейскага накірунку не выпадае. Так, ва ўладаў былі спадзяваньні, асабліва на Іран і Вэнэсуэлу. І яшчэ два-тры гады Вэнэсуэла займала 7-ае месца ў беларускім таваразвароце — праўда, пры гэтым у нас было вельмі вялікае адмоўнае сальда. Вэнэсуэльская нафта ў выніку аказалася вельмі дарагой, калі Расея працягнула нам пастаўляць сваю. Таму ад вэнэсуэльскай нафты давялося адмовіцца, і таваразварот з гэтай краінай моцна ўпаў, яна выпала нават зь першай дваццаткі гандлёвых партнэраў.

З Іранам таксама не атрымалася. Тыя ўмовы, якія прапанаваў Тэгеран для сумеснай здабычы нафты, былі неспрыяльнымі для беларусаў. Што да праекту вырабу сумеснага легкавіка, то ад пачатку было зразумела, што праект несур’ёзны: старая мадэль з іранскай «дапрацоўкай» — цяжка было чакаць чагосьці іншага.