Сямён Шапіра. Эвалюцыя

Сямён Шапіра

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра публічна прызнаўся, што асабіста даў загад звольніць з Гарадзенскага ўнівэрсытэту дацэнта Андрэя Чарнякевіча — аднаго з аўтараў кнігі «Гродназнаўства», у якой выкладзены незалежны погляд на гісторыю рэгіёну. Гэты ўчынак кіраўніка вобласьці выклікаў вострую рэакцыю ў грамадзтве. Некаторыя слухачы «Свабоды» зьдзіўляюцца: не чакалі гэтага ад колішняга лібэральнага эканаміста, аднаго з заснавальнікаў Грамадзянскай партыі.
Эканаміст-аграрый Міхась Залескі ў свой час працаваў разам з бацькам Сямёна Шапіры:

«Барыс Міронавіч — вельмі цікавы чалавек. Местачковы габрэйскі хлапец робіцца буйным кіраўніком, доктарам навук, працуе над сабою. Ён быў арыгінальны, вясёлы, бадзёры чалавек, своеасаблівы гумарыст. Ён спакойна ставіўся да ўсіх ад’ездаў сваіх супляменьнікаў у Ізраіль ці ЗША.

І разам з тым ён быў савецкім чалавекам, камуністам. Я назваў бы яго чалавекам сярэдзіны. Ён заўжды трымаўся сярэдзіны. Нам па савецкіх часах давялося быць разам і на пакосе, і на навуковым паседжаньні. Я быў значна маладзейшы, глядзеў на яго і бачыў, што стыль жыцьця гэтага чалавека не выклікае адпору, адмаўленьня.

Натуральна, што ў такой сям’і сын гадаваўся з савецкай пэрспэктывай — і на навуку, і на гаспадарку. Гэта Барыс Міронавіч добра разумеў і выгадаваў сына правільна. І Сямён у маладыя гады паказваў тое, што павінен паказваць добры сын добрага бацькі».

Кар’ера сына, які нарадзіўся ў 1961 годзе, склалася так.

Cямён Шапіра, старшыня калгасу «Маяк» Дзяржынскага раёну, жнівень 1998г.



Атрымаўшы эканамічную адукацыю, ён працаваў у гаспадарках Дзяржынскага раёну.

Журналіст Мікалай Галко знаёмы зь Сямёнам Шапірам з 1991 году. Садовы ўчастак, дзе атрымалі зямлю супрацоўнікі «Народнай газэты», знаходзіўся непадалёк ад гаспадаркі Шапіры:

«Ён трапіў у наша журналісцкае асяродзьдзе. І мы яго паважалі. Ён не шукаў ад нашай дружбы нейкіх выгадаў — пахвалы, рэклямы. Сямён мог прыехаць да мяне летам а 10–11-й гадзіне вечара, калі старшынёўскія клопаты заканчваліся, каб абмеркаваць цікавы газэтны артыкул. І так было не аднойчы.

У яго былі цікавыя ідэі, добрыя справы. Сямён шмат чаго цікавага рабіў, многа чытаў. На той час ён быў безумоўны дэмакрат, пра што сьведчылі нашыя шматгадзінныя размовы. І яго прасоўваньне па службовай лесьвіцы было абгрунтаваным».

Шапіра скончыў асьпірантуру, а затым і дактарантуру, ачольваў навукова-дасьледчы інстытут эканомікі і інфармацыі аграпрамысловага комплексу. І паказваў сябе разумным чалавекам, кажа Міхась Залескі:

«Ён выступаў зь лібэральных, рынкавых і вельмі разумных пазыцыяў. Ягоная пазыцыя была ў тым, каб была шматвэктарнасьць, шматукладнасьць разьвіцьця сельскай гаспадаркі. Яго можна было зразумець. Былі сканцэнтраваныя вялікія асноўныя фонды, калясальныя савецкія комплексы, якія не падзеліш паміж людзьмі і фэрмэру не аддасі, і таму іх трэба было захаваць. Тады будзе нейкі толк».

Сямён Шапіра ўваходзіў у аргкамітэт стваральнікаў Грамадзянскай партыі, кажа сустаршыня гэтай партыі Васіль Шлындзікаў:

«Ён стаяў ля вытокаў партыі. Разам з такімі людзьмі, як Барыс Луцэнка, Аляксей Дудараў, Мікалай Бабрыцкі, Леанід Злотнікаў... На той час ён быў лібэралам у эканоміцы. І я ня думаю, што ягоныя погляды прынцыпова зьмяніліся. І я таксама ня думаю, што ён стаў сатрапам. Мабыць, ёсьць нешта такое, чаго мы ня ведаем».

Выступ Сямёна Шапіры на зьезьдзе



Cьпіс чальцоў прэзыдыўму Статутнага зьезду АГП. Фрагмэнт кнігі «Гражданская партия. Хроника, факты, люди, события»



Фрагмэнт кнігі «Гражданская партия. Хроника, факты, люди, события»




Журналіст Яўген Агурцоў — таксама адзін з ініцыятараў стварэньня Грамадзянскай партыі. Ён згадвае, што Сямён Шапіра актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы партыйных праграмы і статуту.

«Навошта яму было гэта патрэбна?» — задаецца пытаньнем Агурцоў і сам жа адказвае:

«Партыю тады называлі „партыяй тлустых катоў“. Таму што людзі ў ёй былі пераважна чыноўныя. І наагул партыя ўяўлялася як нейкая кадрыраваная. То бок, што калі спатрэбіцца, хтосьці прывядзе за сабою аддзяленьне, хтосьці — узвод, а хтосьці — і батальён. А былі і такія, хто мог прывесьці і полк са сваёй пасады. Там жа былі нават і мэры гарадоў. Кампанія прыстойная. Там былі людзі, якія і сёньня вялікія чыны маюць. І Шапіра сярод іх.

Мы ўсе прайшлі па гэтым водападзеле. Хто галоўны рэдактар сур’ёзнага рупару ўлады — „Народнай газэты“? Уладзімер Уладзімеравіч Андрыевіч — з Грамадзянскай партыі. А як зьмяніўся той жа Мікола Мятліцкі?»

Кар’ера Сямёна Шапіры імкліва пайшла ў адміністрацыйны бок. Заняў пасаду дырэктара дэпартамэнту эканомікі ў Мінсельгасе. Мікалай Галко кажа, што менавіта Шапіра запрасіў яго стаць галоўным рэдактарам галіновага часопіса. «Ён ведаў, што ў мяне былі на той час службовыя непрыемнасьці, але не пабаяўся зрабіць прапанову»:

«Пачалі мы выпускаць гэты часопіс. І памятаю — першы бар’ер. Нехта напісаў добры аналітычны матэрыял пра праблемы вытворчасьці піва. А мы далі ў якасьці ілюстрацыі нейкі здымак ад піўбара. Міністар Русы падняў такі вэрхал: „Как это так?! Вы опозорили ведомство!“ На гэтым маё з Шапірам супрацоўніцтва скончылася. Але я хачу сказаць, што калі б нашая краіна разьвівалася па дэмакратычным шляху, то гэта быў бы і дэмакрат, і рыначнік».

Калі казаць пра Сямёна Шапіру, то нельга выкарыстоўваць толькі адну фарбу, кажа вядомы аграрый Аляксандар Ярашук. Ён шмат зрабіў для рэфармаваньня свайго першага калгасу, спрабаваў унесьці істотныя зьмены ва ўвесь аграрны комплекс краіны:

Аляксандар Ярашук

«Прызначэньне Сямёна Шапіры ў якасьці міністра было абсалютна абгрунтаваным. Гэта не было выпадковасьцю. Гэта было сьведчаньнем таго, што гэты чалавек прайшоў адпаведныя ступені і што ён быў здольны на тым этапе ўзначаліць Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Я не магу абвяргаць тое, што цяпер пішацца і гаворыцца пра Шапіру. Я проста хачу, каб людзі не сьпяшаліся з высновамі і адназначна не казалі, што Шапіра — гэта прыстасаванец і перараджэнец, як гэта робіць Валер Мазынскі».

Дык ці можна сёньня сьцьвярджаць пра перараджэньне Сямёна Шапіры? І ці можа дасьведчаны, адукаваны чалавек рэалізаваць сябе цалкам у беларускай намэнклятурнай сыстэме?

Міхась Залескі:

Міхал Залескі

«Калі ты ўставіў галаву ў хамут, то далей цябе будуць толькі сьцябаць у плечы. Чым больш будзеш брыкацца, тым мацней будуць сьцябаць. І бачна, чым гэта заканчваецца. Пачварныя адбываюцца рэчы. Чалавек ён разумны. Ён проста не туды галаву ўставіў. Ён у хамуце. І тут атрымлівацца такая сытуацыя. Цябе альбо на бойню адправяць, альбо ты будзеш самым перадавым. І гэта ўжо праходзілі і пры Гітлеру, і пры Сталіну, і цяпер пры Лукашэнку».

Мікалай Галко:

«Пасада вельмі мяняе чалавека. Калі Шапіра стаў міністрам, то я чуў ад людзей, што ён зрываўся. Гэта былі ці то крыкі, ці то сварка. Але людзі казалі: Сямёна цяпер не пазнаць. Я думаю, што ён ужо ня той. І, мабыць, ужо ня столькі пра рынак думае, колькі пра тое, каб ня трапіць пад нож апалы.

Калі ён зрываецца на тое, каб выганяць гісторыкаў, незалежнікаў, дэмакратаў, то гэта ўжо не да твару».

Філёзаф Валянцін Акудовіч:

Валянцін Акудовіч

«У нашай сёньняшняй сытуацыі радыкальнае меркаваньне, як у адзін бок, так і ў другі, выглядае не зусім слушным. Харошая пазыцыя з маральна-этычнага гледзішча — ігнараваць уладу і працу ва ўладных установах, таму што ўлада недэмакратычная. Яна звальняе людзей, садзіць у турмы, і гэтак далей, і да таго падобнае. Але колькасьць людзей, якія могуць прыняць такую радыкальную пазыцыю — сыходу, адсланеньня, ахвяраваньня сваім жыцьцём дзеля чысьціні ідэалаў — ад прыроды невялікая. Такіх людзей няшмат. Іх можна і трэба паважаць.

Але разам з тым асноўная маса грамадзтва — гэта звычайныя людзі. Яны хочуць жыць і павінны жыць пры любой уладзе. І менавіта жыць, а не змагацца. Бо змаганьне — гэта ня плённы шлях. Змаганьне слушнае толькі ў нейкія пэрыяды, у моманты нейкіх вялікіх забурэньняў. І тады пажадана, каб у іх удзельнічала як мага больш людзей. А ў пэрыяды доўгага звычайнага жыцьця жыцьцё трымаюць ня тыя, хто змагаецца, а тыя, хто служыць — ходзіць на заводы, на фабрыкі, узначальвае прадпрыемствы, адным словам — працуе і служыць. З гледзішча нейкіх абсалютных каштоўнасьцяў, вядома, яны выглядаюць непрэзэнтабэльна. Разам з тым на іх трымаецца жыцьцё.

І ў кожным канкрэтным выпадку, як у выпадку звальненьня гісторыка, гэта ганьба Шапіру. Ганьба і яшчэ раз ганьба, таму што напэўна ён мог бяз гэтага абысьціся.

А што конь у аглоблях? Каб не было аглобляў, то каму патрэбны быў бы конь? Усё гэта складана пераплятаецца».

У 2010 годзе Сямён Шапіра ўзначаліў Гарадзенскі аблвыканкам. 12 чэрвеня 2011 году інцыдэнт адбыўся на памежным пераходзе «Брузгі» (Гарадзенская вобласьць). Каля 200 чалавек перакрылі дарогу, абураючыся тым, што мытнікі не выпускалі на тэрыторыю Польшчы кіроўцаў, якія выяжджалі туды другі дзень запар. Мытнікі матывавалі свае дзеяньні рашэньнем урада аб абмежаваньні і забароне вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва і шэрагу спажывецкіх тавараў. Улагоджваць канфлікт на мяжу прыехаў і старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра. Інцыдэнт у «Брузгах» доўжыўся тры гадзіны, спыніў стыхійную акцыю спэцназ. 22 чалавекі былі затрыманыя і аштрафаваныя.

Відэа з акцыі пратэсту на памежным пераходзе «Брузгі»
http://www.youtube.com/embed/ygdP9WqLeiI