Варламава вінавацяць у запрашэньні фальшывай перакладчыцы

Саша Варламаў

У Ленінскім судзе Менску працягваецца працэс над мадэльерам Сашам Варламавым, якога вінавацяць у прысваеньні грошай і ў тым, што ён не плаціў падаткі.
17.30 Паседжаньне на сёньня завершанае.

16.02 Пытаньні пачаў задаваць Саша Варламаў.

Варламаў задае пытаньне Хамічук: «Ці можна было з боку ўявіць, што на фэстывалі «Млын моды» супрацоўнікі і мадэлі працавалі бясплатна?

Хамічук: Не, немагчыма.

Пацярпелая пацьвердзіла, што на Фэстывалі моды «Млын моды» кіраваліся прынцыпам «фінансавай канфідэнцыйнасьці», як гэта прынята ў эўрапейскіх цэнтрах моды, ў тым ліку ў Нямеччыне.

Варламаў: Вы памятаеце, як я прывёз куратару фэстываля моды са Швэцыі скрыню зуброўкі?

Пацярпелая такога не згадала, але не выключыла, што такое магло быць.
Пацярпелая згадала выпадкі, калі Варламаў плаціў са сваёй карткі за бронь гатэля.

У траўні 2011 году паехалі ў Бэрлін на 15-годзьдзе галерэі «Лафает», і тады сутачныя заплацілі толькі некалькім супрацоўнікам, у тым ліку не заплацілі сутачныя Сашу Варламаву, бо «ён ня быў супрацоўнікам Цэнтру моды, а лічыўся дырэктарам на грамадзкіх асновах».

Пацярпелая згадала, што калі Варламаў лятаў на паказы на самалёце, гэта мог аплачваць бок, які яго прымаў, бо яму па стане здароўя немагчыма было езьдзіць у аўтобусе. Але БДУ самалёт дакладна не аплачваў.

У 2011 годзе Варламаў зьбіраўся сыходзіць, але на сходзе прадстаўнік юрыдычнага аддзелу БДУ парваў ягоную заяву са словамі «Мы ня можам яго звольніць, бо ён у нас і не працуе», — згадала пацярпелая Хамічук.

15.19 Адкават задае пытаньні Сьвятлане Хамічук.

Ён спытаў пра заробкі, якія ёй плаціў Варламаў у канвэртах. Хамічук дакладную суму не назвала, сказала, што гэта розьнілася па месяцах, але найчасьцей было калі 500 даляраў.

Паведаміла, што рашэньне перадаць банкаўскую картку, каб афіцыйны заробак з БДУ атрымлівала бухгальтарка Кавалеўская, яна «прыняла добраахвотна».

14.20 Працэс аднавіўся.

Хамічук пацьвердзіла, што падпісвала справаздачы, што атрымалі белаурскія грошы у цэнтры моды. «Толькі адносна аднаго подпісу» у яе ўзьніклі сумненьні.

Але на свамой справе беларускія рублі яна не атрымлівала, а ёй плаціў Варламаў валютай у канвэртах.

Зачытваюць пратакол очнай стаўкі Варламава і Хамічук падчас сьледзтва.

На гэтай стаўцы Варламаў казаў, што не атрымліваз грошы Хамічук, якія ёй налічаліся. Хамічук настойвала на тым, што яе карта была ў бугальтара Кавалеўскай. якая здымала яе зарплату і перадавала грошы Варламаву.

Сьледчы Варламаву: На якой падставе вам перадавалі грошы?

Варламаў: Гэтак вырашылі супрацоўнікі цэнтра, «каб дапамагаць тым, хто меньш зарабляе».

У Варламава спыталі, як ён ставіцца да сьведчаньня Хамічук, што ён ёй выдаваў заробак ад 350 да 500 даляраў, а потым у эўра.

Той наўпрост не пацьвярджае: кажа, што калі зарабляла, то атрымлівала.

Адкуль браў грошы? «Я працаваў, зарабляў. Плаціў ёй з асабістых грошай, якія сам зарабляў і ў тым ліку пазычаў.»

Варламаў ня лічыць, што грошы, якія ён плаціў, былі заробкам, а што гэта была дапамога людзям.

Варламаў на вочнай стаўцы прызнаў, што цягам 3 гадоў гэтак ён выплачваў грошы (ад 300 да 500) даляраў штомесяц 4-ом супрацоўнікам і ўсяго выплаціў гэтай «дапамогі» да 50 тысяч даляраў.

Пацярпелая Хамічук пацьвердзіла ўсе паказаньні, якія давала на вочнай стаўцы з Варламавым ў 2011 годзе.

Галоўнае ў пытаньні заробку для яе было тое, што яна атрымлівала ў канвэрце значна болей за той заробак, які ёй афіцыйна налічваўся ў касе БДУ і якога яна не атрымлівала.

Пракурор закончыў допыт пацярпелай.


13.15 Перапынак да 14.00

11.00 У судзе зачытваюцца паказаньні Хамічук пра паездку ў Берлін — паказ ў галерэі «Мэрсэдэс». Там узьнік канфлікт за кулісамі. Варламаў кінуў пачку эўра на стол, сказаўшы, што гэтыя грошы за паказ. Ён сказаў, што грошы агульныя і іх трэба падзяліць. Гэтак і зрабілі.

На допыце Хамічук раней казала: былі выпадкі, калі прымаючы бок часткова аплачваў страты на паездкі. Паводле яе, гэтак было падчас паездкі у сакавіку 2009 году ў Берлін. «Дакладна памятаю, што былі 2 паездкі, калі галерэя Лафает аплачвала адзін дзень ў гатэлі і вячэру. Варламаў заўсёды быў у курсе усіх выплат».

Паводле пацярпелай, з сакавіка 2007 года здаралася, што прымаючы бок аплачваў часткова гатэль.

Сёньня Хамічук цалкам пацьвердзіла тыя свае паказаньні.

Пракурор: як вы пракамэнтуеце тое, што гатовыя мадэлі адзеньня прадаваліся ў Берліне? Як гэта суадносілася з некамэрцыйнай канцэпцыяй фэстываля «Млын моды»?

Хамічук кажа, што ніколі не аддзяляла фэстываль «Млын моды» ад працы над мадэляваньнем адзеньня.

Пракурор: Ці паведамлялі ў БДУ пра тое, што мадэлі адзеньня, якія везьлі ў Берлін, будуць прадавацца?

Пацярпелая гэтага ня ведае, але лічыць, што так мусіла быць.

Адносна паездкі ў 2010 годзе ў Вільню, паводле сьледзтва, не супадаюць рахункі за гатэль: тыя, якія былі пададзеныя ў БДУ аказаліся большымі, чым рахункі за тыя ж паслугі, якія прадставіла літоўская паліцыя паводле запыту беларускіх сьледчых. Таксама розьніцца колькасьць удзельнікаў паездкі. Пацярпелая мяркуе, што ў рахунак, які быў прадстаўлены ў БДУ, былі ўнесеныя праўкі.

Пра тое, што нібыта нейкая сямейная пара з Нямеччыне выдзяліла грошы беларускім мадэлькам, ёй нічога невядома. Цяпер Хамічук цалкам пацьвердзіла гэтыя паказаньні. ( Раней ў сваіх паказаньях Варламаў казаў, што тыя грошы за паказ ў «Мэрсэдэсе» дала нейкая сямейная пара).

Пацярпелая пацьвердзіла свае ранейшыя паказаньні пра тое, што падпісвала справаздачы за сутачныя, якія не атрымлівала. Прыкладна з 2008 года яна даведалася пра сутачныя. Але потым яна разам зь іншай супрацоўніцай Цэнтрумоды Чабаганавай адмовілася падпісваць такія справаздачы. «Прэтэнзій ў мяне да Варламава няма, але з пункту гледжаньня закону так, мае правы парушаліся».


10.30 Працэс аднавіўся. Працягваюць допыт Сьвятланы Хамічук, намесьніцы Сашы Варламава на пасадзе цэнтра моды БДУ.

Пракурор зачытвае пратакол допыту Хамічук адносна паездкі за мяжу, куды езьдзіла сярод мадэлек і дызайнэраў Юлія Высоцкая, дачка супрацоўніцы Мінадукацыі Емельянчык. Хамічук паказвала на допыце, што ёй невядома пра тое, каб Высоцкая нешта рабіла падчас паездкі, між тым Варламаў паказваў, што яе ўзялі як перакладчыка. Хамічук сказала сьледчым, што гэта Варламаў загадаў уключыць Высоцкую у сьпіс на паездку.

Сёньня Хамічук паўтарыла тое, што казала на сьледзтве і пацьвердзіла, што Высоцкую уключыў у паездку Варламаў (Паводле сьледзтва, на Высоцую, як і на іншых удзельнікаў паездкі, выдзяляліся з бюджэту грошы і сьледзтва падазрае, што іх прысабечыў Саша Варламаў).

Паводле Хамічук, яна рыхтавала дакумэнты ад імя Варламава, але ніколі ня дзейнічала без ягонага ведама. Бывала, што калі дакумэнт ня быў падпісаны Варламавым, а час падціскаў, то яна адносіла дакумэнт ў бухалтэрыю БДУ, каб па ім працавалі далей. Але потым заўсёды падпісвала ў Варламава.

Пацьвердзіла, што заняткі ў Цэнтры моды ладзіліся нібыта ад Агентства моды Сашы Варламава, паколькі тады не трэба было плаціць арэнду. Пацьвердзіла, што давала такія паказаньні без ціску.

Дае паказаньні пра паездку ў Бэрлін ў 2009 годзе на калядную ярмарку. На сьледзьтве Хамічук казала, што беларуская дэлегацыя нічога не плаціла за арэнду памяшканьня, дзе праходзіў паказ, і за арэнду абсталяваньня.

У кастрычніку таго ж года езьдзілі ў Брусель і Бэрлін. Варламаў частку паездкі перасоўваўся не ў аўтобусе, а самалётам. У гатэлі ў Нямеччыне жылі танна, Варламаў дзяліў пакой яшчэ з трыма удзельнікамі паездкі.

На сьледзтве Хамічук выказвала меркаваньне, што самалётам Варламаў лятаў за грошы, якія сабраў з бацькоў, бо БДУ на самалёт яму грошы не выдзялала.

Пацьвердзіла ранейшыя паказаньні і свае падлікі адносна рахунку на 7800 эўра, які быў выстаўлены БДУ. Яна лічыць, што ў гэты рахунак увашлі і страты на 3 гатэлі і арэнда абсталяваньня (гук, сьвятло) падчас паказаў. Цяпер пацьвердзіла. што давала паказаньні без ціску.

Пра паездку ў Швэцыю ў 2007 годзе сказала, што тады яны ня мелі ніякіх выдаткаў, у тым ліку на жытло. І што не везьлі з сабой беларускія мадэлі адзеньня, а паказвалі швэдзкія. Сёньня пацярпелая гэта пацьвердзіла.

Хамічук паказала, што на ўсіх кантрактах з гатэлямі падпісваўся Варламаў і ставіў пячатку цэнтра моды БДУ.



Хамічук дапытваюць ад 7 сакавіка.

Былога кіраўніка фэстывалю «Млын моды» абвінавацілі, між іншага, у крадзяжы ў вялікім памеры праз злоўжываньне службовым становішчам.
Сьведкамі і пацярпелымі ў справе праходзяць 800 чалавек. Раней Саша Варламаў прызнаў сваю віну толькі ў нясплаце падаткаў.

Варламаў быў арыштаваны ў траўні 2011 году і з таго часу ўтрымліваецца пад вартай.

Судзьдзя на працэсе — Надзея Навіцкая

Адвакат — Павал Піваварчык

Адзін з пракурораў — Антон Загароўскі — той самы, які прадстаўляў бок абвінавачаньня ў працэсе над былым кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым.