Stalin kaput на «Лініі Сталіна»

Your browser doesn’t support HTML5

Крывая «Лінія Сталіна»

Сумна, але тых людзей зь вёсак Шчарбіны і Гарошкі, якія шэсьць гадоў таму жывапісалі мне праўдзівую карціну пачатку вайны, ужо няма ў жывых. Толькі адзіны старажыл Гарошак, жвавы дзядок Васіль, пацьвердзіў тое, што вядома. Баёў у 41-м на гэтай лініі не было.

— Тут Сталіна лініі не было. Гэта цяпер зрабілі. Доты былі, а ніякіх баёў не было. Толькі аднаго немца забілі. Немцы абышлі з боку Лашан. І стала ціха. Аднаго немца, ехалі на матацыкле, забілі. Пасьля быў пахаваны немец на месцы. А яны зайшлі з тылу — і двух нашых… Гэта былі два браты. Гітлер і Сталін. Гітлер сваіх давіў, а гэты — сваіх. У кожнай сям’і перадушыў. Ай, было тады і цяпер ёсьць.

— Ня шмат што зьмянілася?

— Безабразіе, жулікі і ўсё.

Вёска Гарошкі, што побач з музэйным комплексам, рыхтуецца да чарговага сьвяткаваньня. 23-га лютага неба над вёскай расквеціцца агнямі ракет. Загрымяць выбухі. Загрукочуць танкі. А несапраўдныя салдаты Чырвонай арміі пагоняць несапраўдных немцаў у бок Гарошак. Старому Міхасю, бязногаму інваліду, які падарваўся на сапраўднай нямецкай міне ў 44-м годзе, гэтая гульня ў вайну ўжо надакучыла.

— Надакучаюць, калі рыхтуюцца.

— А чым надакучаюць?

— Стралянінай. Спачатку было цікава. Першыя гады. А пасьля…

— Раз на год вы апынаецеся на лініі фронту.

— Так.

— А як вы ставіцеся да Сталіна?

— Як? Мой бацька сам сядзеў. Але тут, у Беларусі, у Менску. З год капаў Камсамольскае возера.

— А я ня ведаў, што Камсамольскае возера капалі вязьні.

— Так!

Жыхарка Гарошак баба Зіна, вясёлая адкрытая гаспадыня, да якой мы завіталі зь Міхасём, да выбухаў і страляніны прызвычаілася.

— Мы ўжо прывыклі да гэтага грукату, да гэтага стуку. Ужо не цікава.

— А раней было весела.

— Так. Тут прыйшлі гэтыя танкі. Затапілі тут усё. Немцы! Ё-маё!

— Вярнуліся ў дзяцінства…

— Так. Прыехалі ў новым адзеньні немцы! Усё з-пад іголачкі. А цяпер… Хоць страляюць, хоць бухаюць. Хоць бы далі ім болей зямлі. А то далі латачку маленькую. Каб танкі праходзілі. Усё роўна гэтая зямля пустуе. Далі б ім да канавы. Хай бы гулялі тут. А то далі пятачок маленькі. А колькі бур’яноў ляжыць незасеяных.

— Няма ім дзе, бедным, разгуляцца.

— Вядома, няма.

— Ну, дзякуй Богу, толькі аўтаматамі страляюць. «Кацюшамі» ня б’юць па вас?

— А я глухая. Добра ня чую.

Але спэктакль набывае зусім іншыя фарбы, калі на «Лінію Сталіна» прыяжджае сёньняшні правадыр. Тады гульні сканчаюцца. І вёску займаюць сапраўдныя войскі. Паслухайце старога Міхася.

— Асабліва калі Лукаш прыяжджае, дык акупіруюць стралкі мой дом. І ўжо на дарогу не выпускаюць.

— Нікога тады не пускаюць. Замініравана, ці як? Выбухі ж моцныя. Дык міліцыя ачапіўшы. Мая дачка прыйшла неяк, а дадому не пускаюць. Яна кажа — вось дом, побач. Міліцыя не пускае. Не паложана, і ўсё. Дык абышла кругамі.

— Падчас сьвяткаваньня вёска — у акружэньні.

— О!

— Варожым.

— І сабакі. Хрып, енк, плач.

23 лютага чарга машын і турыстычных аўтобусаў каля той «Лініі» расьцягнулася на пару кілямэтраў. Няўжо людзям няма чым заняцца ў пагодны дзянёк? Ці такая павага да Сталіна? Ці ў жыцьці так мала відовішчаў? Шчыра кажучы, мяне тая пастановачная бітва ня надта ўразіла.

Хоць і танк езьдзіў па полі. І піратэхнічныя выбухі пэрыядычна грымелі. І немцы з паліцаямі мужна біліся за кожны сумёт. Але нагадвала гэтая вайнушка гульню ў сьняжкі.

Самае цікавае пачалося пасьля. Калі стомленыя артысты пайшлі ў народ. Беларускія маладзіцы выстройваліся ў чаргу, каб сфоткацца з афіцэрамі вэрмахту.

Дзеці з усьмешкамі абступалі гітлераўскіх жаўнераў.

Рабі чорна-белыя здымкі — і гатовае прапагандысцкае кіно 41 году пра «асвабадзіцеляў». Не хапала толькі хлеба і солі. Лепшага падарунка Сталіну і прыдумаць цяжка.

А мне стала цікава, што ведаюць і думаюць пра Сталіна людзі. І высьветлілася, што жывы яшчэ правадыр. А як інакш патлумачыць лёгкі страх адказаць на простае пытаньне ў маладой дзяўчыны гадоў 18-ці?

— Калі перавесьці на сучасную мову, дык гэта прэзыдэнт Савецкага Саюзу.

— А ў вас ёсьць стаўленьне да гэтай гістарычнай асобы?

— Я не хацела б яго агучваць.

— Вы да гэтае пары баіцеся Ёсіфа Вісарыёнавіча?

— Ёсьць і станоўчыя, ёсьць і адмоўныя моманты. Нейкая ідэя была. «За Родину! За Сталина!» Народ быў больш патрыятычны, чым цяпер.

— А якія адмоўныя?

— Даносы, канцлягеры. Уся творчая інтэлігенцыя ў лягерах. Гэта сумна.

А вось стары ў зашмальцаванай вушанцы прывёў унучку.

— Хто Ёсіф Сталін?

— Як хто? Гэта гаспадар рускага народа.

— Гэта быў добры гаспадар?

— Гледзячы зь якога боку глядзець. Але ён быў ваяўнічы чалавек. З-за яго і вайну выйгралі.

Настаўніца гісторыі з Мазыра прывезла сюды сваіх вучняў.

— Ёсьць і адмоўнае, ёсьць і станоўчае. Але ў большай ступені адмоўнае. У першую чаргу, палітычныя рэпрэсіі. Памылкі, якія былі ў кіраўніцтва і перад вайной, і падчас вайны.

— У школе Сталіна падносяць як вялікага і мудрага?

— Не. Проста як асобу. Асабістую ацэнку мы не даем.

— Ці заслугоўвае гэтая асоба бюста?

— Маё асабістае — больш адмоўнае.

А вось маладая прыгожая паненка, што ахвяравала свой час на гэтае прадстаўленьне.

— Галоўнакамандуючым можна назваць яго.

— У вас ёсьць нейкае стаўленьне да гэтай асобы?

— Не магу адказаць.

— Вы б хацелі жыць пры Сталіну?

— Вось і ўсё! Я адказаў. Не.

— Чаму?

— Страшныя часы былі. Жахліва было жыць. Калі ўсе ўсяго баяліся. Адзін аднаго здавалі. Людзі зьнікалі начамі. Таму…

Якая асалода назіраць за двума сябрукамі, адзін зь якіх апрануты ў кажух савецкага афіцэра, а другі — у форму жаўнера Беларускай Краёвай Абароны.

Але на гэтым кіно ня скончылася. Адзін расейскамоўны, другі гаворыць чыста па-беларуску. І баец БКА, у жыцьці інжынэр-электрык з Глыбокага, ня проста так выбраў гэты мундзір.

— Хто такі Ёсіф Сталін? Кіраўнік савецкай дзяржавы. Была такая крывавая імпэрыя. Якой кіраваў Сталін. Вынішчаў самых выдатных, самых таленавітых людзей зьнішчаў. Зьнішчаў іншыя народы, парабашчаў іншыя краіны. Вось чым ён займаўся. Быў такі самы, як і Гітлер. Нічым ня лепшы. Але Сталін больш людзей пазабіваў. Таму яму паставілі помнік.

— І ён горшы за Гітлера. Бо Гітлер сваіх прыхільнікаў не зьнішчаў. Бальшавіцкае выхаваньне. Закон куратніка.

— Ён не заслугоўвае помніка?

— Ну, калі ўжо паставілі. Хай бы ў страйкбол стралялі хлопцы. Ці дазволілі б размалёўваць. Альбо хай бы побач паставілі Гітлера. І напісалі — гэта кат, і гэта гад.

— Тлумачыць можна, што гэта гістарычная асоба. Але пры чым тут Беларусь?

Чым болей я слухаў гэтага байца ў чорным шынялі і з «Пагоняй» на шапцы, тым больш мне падабалася «Лінія Сталіна». Аўчынка варта вычынкі ўжо толькі дзеля гэтага пэрформансу.

— Форма яшчэ не дакладная.

— Мала хто адважыцца вось хадзіць.

— Трэба яшчэ каўнер абшыць шэрым. Не дабраўся яшчэ. Вось Беларускай Краёвай Абароны пятліцы. Мне вельмі падабаецца. З дазволу нямецкіх уладаў 23-га лютага ў 44-м годзе была заснаваная Беларуская Краёвая Абарона. Кіраўніком быў Францішак Кушаль. У Глыбокім быў лейтэнант Зэбайла.

Павіншаваўшы байца Краёвай Абароны з Днём абаронцы Айчыны, сапраўды ягоным сьвятам, я з узьнятым настроем падаўся да выхаду. Мармуровы правадыр на ўзгорку нібы спэцыяльна павярнуўся сьпінаю. Каб ня бачыць гэтага сьвяткаваньня. Нібы ў ягоны гонар.