У Ватыкане выбіраюць папу

Завешаныя вокны базылікі сьвятога Пятра ў Рыме

У Сыкстынскай капэлі Ватыкану распачынаецца канкляў па выбарах новага папы рымскага. Удзел у канкляве возьмуць 115 кардыналаў, сярод якіх будзе абраны 266-ты наступнік сьвятога Пятра.

З гэтай нагоды на Сыкстынскай капэлі замацаваны адмысловы комін: калі зь яго пойдзе белы дым, то гэта будзе азначаць, што новы пантыфік абраны. Чорны дым сьведчыць пра адсутнасьць вынікаў галасаваньня.

Дым мусіць зьявіцца ў адной з двух чыгунных печак: адна зь іх выкарыстоўваецца з 1939 году, і ў ёй спальваюцца карткі, выкарыстаныя кардыналамі для галасавання. Другая ўпершыню была ўжытая ў 2005 годзе, дзе з дапамогай хімічных рэчываў вырабляецца дым белага альбо чорнага колераў. За комінам на даху Сыкстынскай капэлі можна будзе назіраць у жывым эфіры. Першае спаленьне выбарчых картак заплянаванае на 12 сакавіка каля 20:00 рымскага часу (22:00 па менскім), паведамляе Ватыканскае радыё.

У Сыкстынскай капэлі ўсталёўваюць печкі


Прысягу аб захаванні ў таямніцы інфармацыі, зьвязанай з абраньнем Папы, прынесьлі ня толькі сьвятары, але таксама і пэрсанал, які будзе дапамагаць кардыналам падчас канкляву — агулам каля 90 чалавек.

Сьвятая імша ў інтэнцыі выбару новага пантыфіка а 18:30 адбудзецца ў менскім архікатэдральным касьцёле Імя найсьвяцейшай панны Марыі. Літургію ўзначаліць мітрапаліт менска-магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.