Чортава чэрава

11 сакавіка 1878 году францускі прафэсар Жан Буё проста ў залі Акадэміі навук абазваў вынаходніка Томаса Эдысона нехарошым словам. Настолькі кепскім, што нават прыгожы адпаведнік у беларускай мове з ходу не падбярэш. «Чэрававяшчальнік! — крыкнуў Буё, ускочыўшы зь месца. — Няўжо гэты махляр-чэрававяшчальнік і праўда думае, што мы здольныя паверыць у такі прымітыўны падман? Каб нейкі там паскудны мэтал мог гаварыць высакародным чалавечым голасам? Ха-ха-ха!»

У залі акурат праводзілася дэманстрацыя новага цуду тэхнікі — прыдуманага зусім нядаўна Эдысонам фанографа. Найлепшыя розумы Францыі заварожана слухалі, як дзіўная прылада, адхаркваючыся і плюючыся, сьпявае песеньку «Мела мамка тры сыночкі», а дакладней, «Mary had a little lamb». І не пасьпеў the teacher did reply, як прафэсар Буё прамовіў свой кароткі маналёг, падскочыў да фізыка Мансэля, які арганізаваў мярзотнае відовішча, і пачаў яго душыць.

Жарсьці, да якіх далёка нават Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Ці не адсюль пайшло супрацьстаяньне «фізыкаў» і «лірыкаў»? Зрэшты, акадэміка Буё можна зразумець. Цяжка прыняць выхад слова з-пад кантролю, нават калі гэта слова пра Мэры і ягнятка, а вымаўляе яго ня нейкі дзёрзкі выскачка, а амэрыканская снопавязалка з трубой. Слова мусіць ляжаць у магіле, якую яму так клапатліва выкапалі ў прамерзлым грунце супрацоўнікі філфакаўскай пахавальнай канторы. Яны ж так стараліся: апранулі слова ў новы гарнітурчык, зьвілі вяночкі, запрасілі найлепшага патолягаанатама. А труну якую змайстравалі: з камэнтарамі і ўсімі вэнзэлямі!.. Помнік замовілі мармуровы, агароджа з чыгуну, кветачкі ў вазе, шыльдаў мэмарыяльных — на кожную вуліцу па трыццаць штук!.. А слова ўсё адно гучыць: ня там, не пра тое, не туды і не ад таго. Суцэльнае махлярства, хунвэйбінства і чэрававяшчаньне на кароткіх хвалях.