Томас Вайлер пра цёплыя пачуцьці да Беларусі

Томас Вайлер у Ляйпцыгу, 18.10.2012

Томас Вайлер (Thomas Weiler) — нямецкі літаратурны перакладчык з польскай, расейскай і беларускай моваў. Жыве ў Ляйпцыгу. Зь беларускай мовы пераклаў, сярод іншага, раман Альгерда Бахарэвіча «Сарока на шыбеніцы», вершы Уладзімера Арлова, Алеся Разанава, Веры Бурлак і інш.
Максімюк: Спадар Вайлер, ня так даўно ў размове ў Café Europa аўстрыйскі пісьменьнік Марцін Поляк сказаў нам, што ён пачаў вывучаць славянскія мовы на злосьць сваёй сям’і, якая складалася з заядлых нацыстаў. А што схіліла вас да вывучэньня польскай, расейскай і беларускай моваў? Таксама зьвядзеньне нейкіх сямейных рахункаў?

ЭКЗОТЫКА НА ПАЛЕСЬСІ І Ў НАВІНКАХ

Вайлер: Зусім не. На шчасьце, у маёй сям’і мне не даводзілася мець дачыненьне з заядлымі нацыстамі. Мой дзед ня быў ваеннапалонным у Менску, а мая бабка не паходзіла зь Сілезіі. Сям’я маёй мамы зьвязаная, хутчэй, з Намібіяй, то бок зь нямецкай Паўднёва-Заходняй Афрыкай. А ў хатняй бібліятэцы майго таты было шмат расейскай клясыкі.

Томас Вайлер у Менску, канец 1998

Яшчэ будучы школьнікам, калі мне было 16 гадоў, я пакарыстаўся магчымасьцю правесьці вакацыі ў моладзевым працоўным лягеры непадалёк ад Бярозы ў Берасьцейскай вобласьці, у вёсцы Пяскі. Спачатку мы, шасьцёра нямецкіх хлапцоў, страшэнна доўга ехалі цягніком з Шварцвальду на поўдні Нямеччыны ў Берасьце, дзе нас сустрэлі і завезьлі аўтобусам на вёску. Гэта былі незабыўныя ўражаньні — прырода, вясковы нужнік, каша з грэчкі і іншая экзотыка... Мы працавалі ў былым парку, разам з тузінам маладых людзей з навакольля Бярозы. Я ня ведаў ні слова па-расейску, а беларусы ведалі толькі некалькі словаў па-ангельску. Але гэта не было праблемай, удзень мы разам працавалі, а вечарам сьпявалі каля вогнішча. Там я ўпершыню пачуў «Кіно», «Чайф», «ДДТ», «Акварыюм», «Nautilus Pompilius»... Я зацікавіўся сьветам, пра які раней нічога ня ведаў, і мяне таксама зацікавіла мова.

Наступнага лета я паехаў у Баранавічы, таксама ў працоўны лягер. Гэтым разам мы дапамагалі пры пабудове каталіцкага касьцёла.

Томас Вайлер у Менску, 1999

Ну і нарэшце, пасьля экзамэну на атэстат сталасьці, у 1998 годзе, я прыехаў у Менск, каб адбыць альтэрнатыўную вайсковую службу. Амаль паўтара года я жыў у Менску і працаваў у Навінках — праўда, не ў самой псыхіятрычнай клініцы, а ў псыханэўралягічным інтэрнаце № 3 для дарослых. У Менску і ў Навінках я пазнаёміўся зь мілымі людзьмі, вывучаў расейскую мову ды закахаўся ў дзяўчыну, якая потым стала маёй жонкай (гэта была немка, якая таксама працавала ў Навінках). Нічога дзіўнага, што і да гэтай пары ў мяне застаюцца цёплыя пачуцьці да Беларусі...

Максімюк: Усё ж дзіўна, што вы выбралі як месца альтэрнатыўнай службы Менск, а ня Гамбург або нейкі іншы нямецкі горад. Цяжка было аформіць адбываньне такой службы ў Беларусі для немца?

Вайлер: Я тады думаў, што паўтара года ў Беларусі — гэта будзе талковая справа і цікавы досьвед для мяне. І да таго новая мова. Таму я шукаў у Нямеччыне арганізацыі, якія прапануюць такія праекты ў Беларусі. Я знайшоў малое таварыства ў Дортмундзе, якое супрацоўнічала з Навінкамі, са шпіталем у Бараўлянах, з габрэйскай грамадой у Менску і падобнымі установамі. Фармальнасьцямі займалася згаданае таварыства і яго партнэры зь беларускага боку. Часам былі праблемы зь візай ці рэгістрацыяй, але гэта мяне ня надта абыходзіла.

МОВЫ, СВАЯ І ЧУЖЫЯ

Максімюк: Калі вы адкрылі ў сабе талент да моваў? Колькі моваў вы ведаеце? І як гаварылі ў вас у сям’і — на літаратурным стандарце ці на нейкім дыялекце нямецкай мовы?

Вайлер: У мяне, як думаю, добры музычны слых, які дапамагае пры вывучэньні моваў. Мы — сям’я музыкантаў-аматараў.

Мой тата паходзіць са Швабіі, і ў дзяцінстве мы гаварылі зь ім і зь сябрамі на дыялекце. А мама паходзіць з Вэстфаліі — яна гаворыць на чыстай Hochdeutsch.

Мястэчка Шыльтах у Шварцвальдзе, дзе Томас Вайлер правёў дзяцінства

У школе я вучыўся ангельскай мове зь пятай клясы, лацінскай зь сёмай і францускай зь дзявятай. Потым яшчэ год часу ў мяне была гішпанская мова, але ад яе ў маёй галаве застаўся адно нейкі невыразны туман... Я вывучаў расейскую і польскую ў Ляйпцыгу, Бэрліне і Санкт-Пецярбургу. Я гавару па-швабску, па-нямецку, па-расейску, па-ангельску ды так сабе па-польску і па-беларуску. Што цікава, будучы ў Менску, я амаль зусім страціў дыялект свайго дзяцінства. Вярнуўшыся зь Беларусі ў Нямеччыну, я ўжо ня мог гаварыць натуральна па-швабску. Шкада. Мне цікава, як будуць гаварыць мае дзеці, якія растуць у Саксоніі...

НЕМЦУ БЕЛАРУСКАЯ ЛЯГЧЭЙШАЯ ЗА РАСЕЙСКУЮ

Максімюк: Як вы адкрылі для сябе беларускую мову? Пачулі яе ў Менску на вуліцы?

Вайлер: У Менску толькі зрэдку можна было пачуць беларускую мову. Ды на пачатку мне хапала клопату і з расейскай. Калі я толькі прыехаў у Менск, я ведаў усяго 100-200 словаў па-расейску. Наконт беларускай мовы не было і гаворкі. Але з часам, калі я ўжо крыху асвойтаўся з расейскай, я пачаў зьвяртаць увагу на адрозьненьні. Я тады завучыў свае першыя беларускія словы — уваход, выхад, калі ласка, хутка-смачна... Мне падабалася тое, што беларуская мова чытаецца значна лягчэй, чым расейская (я кажу гэта з гледзішча немца): заўсёды вядома, што «о» — гэта «о», а «ё» — гэта «ё». Мне таксама прыгадваецца, як я цешыўся, калі ў нейкім тралейбусе пачуў: «Наступны прыпынак — вуліца Валадарскага!» Я вельмі палюбіў беларускае «г».

У Навінках працавала адна жанчына-пэдагог, якая гаварыла выключна па-беларуску. Спачатку я яе амаль не разумеў, але потым было штораз лепш. Была там таксама адна пацыентка, якая размаўляла са мной па-беларуску. Мне яшчэ прыгадваецца, што аднойчы, на самым пачатку нашага побыту ў Менску, мы пайшлі на дыскусію ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў з прадстаўнікамі апазыцыі. Яны катэгарычна адмаўляліся гаварыць па-расейску, і мы амаль нічога не зразумелі.

Некалькі гадоў пазьней я зрабіў цікавае адкрыцьцё — на сьвеце ёсьць людзі, якія размаўляюць адно з адным па-беларуску, але ня ведаюць расейскай мовы... Я два разы быў на трыялёгах у Крынках, арганізаваных Сакратам Яновічам, які нядаўна памёр.

Максімюк: Ці вы хадзілі на нейкія курсы беларускай мовы?

Вайлер: Я вучыўся галоўным чынам у Ляйпцыгу, польскай і расейскай мовам. На шчасьце, ва ўнівэрсытэце ў Ляйпцыгу працавалі выкладчыкі славістыкі, якія былі няблага абазнаныя ў беларускай літаратуры і мовазнаўстве. Я ўдзельнічаў у іхных занятках, цягам аднаго сэмэстру я нават быў адзіным студэнтам, які хадзіў на «практычныя заняткі беларускай мовы». У Ляйпцыгу таксама вучыліся Андрэ Бём, славіст і перакладчык, ды Кляўдыя Гуртыг, якая выдала першую беларускую граматыку на нямецкай мове.

УЛЮБЁНЫЯ ЧЫТАНЬНІ

Максімюк: Вы любіце чытаць кніжкі? Што зь нямецкай літаратуры чытаеце найбольш ахвотна — клясыку, дэтэктывы, трылеры, сучасных аўтараў? Каго з сучасных нямецкіх аўтараў вы парэкамэндавалі б?

Вокладка кнігі "Кастрычніцкая плошча" Марціна фон Арндта

Вайлер: Я люблю чытаць, і мне хацелася б чытаць больш літаратуры, а менш мэйлаў. Усё не хапае часу, і я практычна не бяру ў рукі дэтэктываў ці трылераў. Зь дзецьмі чытаю клясыку дзіцячай літаратуры — Міхаэля Эндэ (Michael Ende), Отфрыда Пройсьлера (Otfried Preußler), Братоў Грымаў, «Крата Грабоўскага» Люіса Муршэца (Luis Murschetz) — ды паэзію, перш за ўсё Хрыстыяна Моргенштэрна (Christian Morgenstern). Хрыстыян Моргенштэрн (1871-1914) — адзін з маіх улюбёных аўтараў, вельмі рэкамэндую!

Далей, мне моцна падабаецца паэт-лірык і празаік Рор Вольф (Ror Wolf; нар. 1932). І падабаецца амаль усё, што напісала знакамітая стылістка і проста мудрая жанчына Юлі Цэ (Juli Zeh; нар 1974), а асабліва ейны раман «Spieltrieb» («Цяга да гульняў», 2004). Зь цікавасьцю чытаўся раман «Oktoberplatz» (2012) Марціна фон Арндта (Martin von Arndt; нар. 1968). Марцін фон Арндт — нямецкі пісьменьнік, які напісаў вельмі цікавы і пераканаўчы раман пра Беларусь, пра вугорска-беларускую сям’ю; гэты раман выходзіць далёка па-за стэрэатып «апошняй дыктатуры Эўропы». Я мару, каб нехта пераклаў гэтую кнігу на беларускую мову. Зацікаўленаму перакладчыку я ахвотна дапамагу ўвайсьці ў кантакт з аўтарам.

БАХАРЭВІЧ І ІНШЫЯ

З Альгердам Бахарэвічам на чытаньнях у Пасаў, 11.01.2011

Максімюк: А хто, на вашу думку, найбольш цікава піша па-беларуску? Акрамя Бахарэвіча, зразумела...

Вайлер: Я цяпер захоплены паэзіяй Алеся Разанава. Пераклаў некалькі ягоных пункціраў, але пакуль не хапае сьмеласьці ўзяцца за іншыя формы. Калі яшчэ пра паэзію, дык я зь цікавасьцю сачу за тым, што пішуць Віктар Жыбуль і Вера Бурлак — элемэнты дзіцячай гульні ў іхных вершах вабяць мяне ў найбольшай ступені. Таксама ахвотна чытаю прозу Ігара Бабкова.

Максімюк: Дзе вы пазнаёміліся з Альгердам Бахарэвічам — яшчэ ў Менску ці ўжо ў Нямеччыне? І хто заплаціў за выданьне «Сарокі на шыбеніцы» па-нямецку — выдавец ці, можа, з дапамогай тут прыйшоў нейкі літаратурны грант?

Вокладка нямецкага перакладу "Сарокі на шыбеніцы" Альгерда Бахарэвіча

Вайлер: Будучы ў Менску, я нічога ня ведаў пра існаваньне беларускай літаратуры. Сапраўдная зацікаўленасьць узьнікла толькі ў мае ўнівэрсытэцкія гады. Першым тэкстам Бахарэвіча, які мне трапіў у рукі, быў раман «Ніякай літасьці Валянціне Г.». Я набраў ахвоты перакласьці некаторыя карацейшыя рэчы Бахарэвіча. Я навязаў зь ім кантакт па электроннай пошце, потым мы сустрэліся на кніжным кірмашы, ужо ня помню, у Франкфурце або ў Ляйпцыгу. Ад гэтага часу мы знаходзімся ў сталым кантакце, сустракаемся тут і там, часам на аўтарскіх сустрэчах, часам на кніжных кірмашах, а часам і без прафэсійнай прычыны. Я пераклаў ягоную «Сароку на шыбеніцы» і некалькі апавяданьняў. «Сарока» выйшла ў выдавецтве «Leipziger Literaturverlag». Даволі складаны і доўгі тэкст невядомага тыпа зь Беларусі ў прыватным выдавецтве — тут бяз гранту ня варта і падыходзіць. На шчасьце, мы знайшлі спонсара.

З ЧАГО МОЖНА ВЫЖЫЦЬ?

Максімюк: Вы перакладаеце яшчэ з польскай і расейскай. Каго? Ды ці магчыма перакладчыку ў Нямеччыне выжыць зь літаратурных перакладаў? Калі не сакрэт, чым вы зарабляеце на жыцьцё?

Вайлер: Апошнім часам я больш перакладаю з польскай, наогул з гуманітарнай галіны (літаратуразнаўства, антрапалёгія, сацыялёгія). Ня ведаю, наколькі вядомыя па-за Польшчай такія аўтары, як Марыя Янён (Maria Janion), Яанна Такарска-Бакір (Joanna Tokarska-Bakir) ці Кшыштаф Міхальскі (Krzysztof Michalski). Я пераклаў таксама некалькі кніжак для дзяцей. У сакавіку выйдзе мой пераклад кніжкі для дзяцей пра сучаснае і канцэптуальнае мастацтва, напісанай Сэбастыянам Ціхоцкім і ілюстраванай сужонствам Даніэлем і Аляксандрай Мізелінскімі. Нямецкі загаловак гэтай кніжкі — «Sommerschnee und Wurstmaschine». Мне моцна падабаецца працаваць зь дзіцячай літаратурай, я маю надзею, што і ў беларусаў зьявяцца цікавыя рэчы ў гэтай дзялянцы. «Нататкі таткі» Андрэя Хадановіча я ўспрымаю як абяцальны прыклад такой літаратуры, я пераклаў некалькі ягоных вершаў на кніжны кірмаш у Ляйпцыгу.

З расейскай мовы ў маёй шуфлядзе ляжаць пераклады вершаў Данііла Хармса і Алега Грыгор’ева, выдатнага паэта ленінградзкага андэрграўнду.

У Нямеччыне цяжка выжыць толькі з адных перакладаў. Я перакладаю з трох моваў, і ў большасьці не мастацкую літаратуру. Перакладчыцкія ганарары — мізэрныя, але я ўсё яшчэ адчуваю радасьць, працуючы з тэкстамі і мовамі.

КАМУ ЦІКАВЫ БЕЛЛІТ?

Максімюк: Скажыце некалькі словаў пра інтэрнэт-старонку literabel.de. Гэты праект мае нейкую пэрспэктыву? Каго ў Нямеччыне можна зацікавіць беларускай літаратурай?

Вайлер: На старонцы literabel.de знаходзіцца інфармацыя на нямецкай мове пра сучасных беларускіх пісьменьнікаў. Маем там біяграфіі, спасылкі, фрагмэнты перакладаў, бібліяграфію нямецкіх перакладаў зь беларускай, інфармацыю пра нямецкіх перакладчыкаў зь беларускай і кантакты. Хутчэй за ўсё мы ня здолеем такім чынам выйсьці наўпрост на выдаўцоў і зацікавіць іх. Але калі раптам узьнікне такая зацікаўленасьць, у нас ёсьць што прапанаваць. Некалькі разоў з намі зьвязваліся журналісты, якія рыхтавалі матэрыялы пра беларускую літаратуру. Арганізатары аўтарскіх вечарынаў таксама ахвотна карыстаюцца нашай крыніцай.

Мне падабаецца старонка Kamunikat.org, шкада толькі, што яна накіраваная на беларускага чытача. Калі б у Беларусі была ўстанова накшталт польскага Інстытуту кнігі, якая прафэсійна займалася б прапагандай літаратуры за мяжою, наша старонка ня мела б сэнсу. А так, пакуль што...

Максімюк: Што вы цяпер перакладаеце?

Вайлер: «Мапы» Даніэля і Аляксандры Мізелінскіх ды літаратуразнаўчыя артыкулы Марыі Янён. Але калі б знайшоўся нямецкі выдавец «Пасьлямовы перакладчыка» Альгерда Бахарэвіча, «Шалому» Артура Клінава або «Параноі» Віктара Марціновіча, дык я ахвотна ўзяў бы на сябе і гэтае заданьне.