Падпольны канцэрт Галіча ў Сельгаспасёлку

Сельгаспасёлак на шпегаўскім спадарожнікавым здымку 1964 году

Беларускія блогеры адшукалі і апублікавалі рассакрэчаныя фотаздымкі Менску з амэрыканскіх спадарожнікаў-шпіёнаў. Асабліва ўразіла панарама гораду 1964-га году. Беларускую сталіцу безь перабольшваньня можна было назваць вялікай вёскай. Бо мураванымі былі толькі гістарычны цэнтар і галоўны праспэкт. Уся астатняя забудова была драўляная. Ад Камароўкі да Зялёнага Лугу раскінулася велізарнае мора прыватнага сэктару. Сельгаспасёлак. На рагу вуліцы Някрасава і Ўсходняга завулку жыла сям’я мастацтвазнаўцы Алега Сурскага. Пра тыя часы ўзгадвае ягоны сын, кіраўнік Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі.

Кіраўнік Саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі


— Гэта было рызыкоўна на самой справе — прайсьці праз увесь пасёлак незнаёмаму чалавеку. Тут на самой справе было шмат «малін». І я памятаю, як на рагу стаіць купка людзей рознага ўзросту. Ад дваццаці да сарака гадоў. І тыповая пасадка, калі на кукішках сядзіць. І ўправа, і ўлева ён сочыць, каб ні міліцыянтаў, ні каго не наехала. І яны там нешта труць нейкія базары. І панажоўшчыны былі, і забівалі людзей, і проста помсьцілі жывёлам. Памятаю, валялася, дзеці паказвалі, зарэзаная аўчарка. Хто яе прырэзаў? Можа, сам гаспадар, можа, ворагі нейкія. Усе трымалі галубоў. Галубятні былі ў кожным двары. Яны таксама адзін аднаму помсьцілі. Падпальвалі галубятні. Калі кот забярэцца ў галубятню, яны яго павесяць. І будзе вісець. Такая паказальная кара.

Пяцідзесяцігадовы мастак, расказваючы пра Сельгаспасёлак, на вачах пераўтвараецца ў хлапца зь легендарнага раёну. Зьміцер можа расказваць пра той раён доўга. І слухаць усё цікавей.

— Акрамя бандытаў, жылі цікавыя людзі. На рагу жылі габрэі-кавалі. Вялікая сям’я. Яны зараблялі зборам мэталалому. Была кузьня, але на маёй памяці яны ўжо там не працавалі. Гэта былі нейкія рэшткі ад бацькі-каваля. Яны распрадавалі яго прыстасаваньні, яго інструмэнты. Якія імёны былі ў людзей! Жыў чалавек з такім імем скандынаўскім Альгерд. У бараку побач з намі жыла такая дама, Анжэла. А яе брата клікалі Арнольд. Насупраць жыла такая бабулька, пані Яноўская. Полька. Яе даглядалі суседзі. Наш дом, суседні. Прыносілі ёй ежу, палілі ў печцы. Вельмі цікавая, эмацыйная. Падобная да Бабы-Ёжкі, у доўгай спадніцы, з горбікам. Такая жвавая. «Я мам маёнтэк! Я мам белізны! Я мам дыямэнты! Муй ойцец быў аптэкажэм! Ён казаў: «Не захапай цузэго!» Цікавая бабуля. Яе дзед працаваў у маёнтку Горватаў. І я жывапіс знайшоў даволі цікавы ХІХ стагодзьдзя. І знайшоў дываны, калі яна памерла. Два габэлены ручной працы. І знайшоў маленькія аскепкі нейкіх дыямэнтаў. Там не брыльянты, а менавіта алмазы.

— І вельмі цікава было з бацькамі. Бо да іх у дом прыходзілі вядомыя людзі. Прыходзіў і Адамовіч, і Навум Кісьлік, і Тарас. Вельмі цікавыя гутаркі. На маёй памяці прыяжджаў Галіч тады ў Менск, падпольны даваў канцэрт. У доме бацькоў.

— Якія ўражаньні ад Галіча?

Аляксандар Галіч, фота РІА «Новости»

— Мне было гадоў 11. Ён мне падаўся ня тое што снобам, але нейкім чужым. Бо ён кампанію ня добра ведаў. Да яго было шмат увагі, што натуральна. Ён сьпяваў. Я чуў мацюкі. Мяне гэта каробіла. Я мату ніколі ня чуў. Пры мне ні бацькі, ні іх знаёмыя ніколі не дазвалялі сабе…

— Маты ня ў песьнях?

— У песьнях. «Он мне, б…, по яйцам целится».

«А он мне всё по яйцам целится,
Этот Боби, сука рыжая,
А он у них за то и ценится —
Мистер-шмистер, ставка высшая!

А я ему по-русски, рыжему:
«Как ни целься — выше, ниже ли,
Ты ударишь — я, б…, выживу,
Я ударю — ты, б…, выживи!»

Як ад адной толькі згадкі пра легендарнага савецкага барда зьмяняецца звыклы краявід. Праходзячы па пустынных і бязьлюдных вуліцах сёньняшняга Сельгаспасёлку, я заўжды буду ўзгадваць голас Галіча. Дэталі таго канцэрту 70-га году ўспамінае Валянціна Акунькова, удава Алега Сурскага.

Валянціна Акунькова, удава Алега Сурскага


— Народу было нямнога. Чалавек 10–12. Сьпяваў ён. Сабраліся спэцыяльна на Галіча паглядзець. Ён сьпяваў песьні, якія мы чулі, але ня ўсе. «Мы похоронены где-то под Нарвой». А пасьля многа дасьціпных. «Израильская военщина известна всему свету. Как мать говорю и как женщина. Я требую их к ответу». Усё, што ён сьпяваў цэлы вечар, запісвалі. Выпілі водачкі. Ён быў вясёлы такі, у гуморы. Ён гэта добра сьпяваў, і мы гэта добра прымалі. А сьпеваку гэта вельмі прыемна.

«Израильская, — говорю, — военщина
Известна всему свету!
Как мать, — говорю, — и как женщина
Требую их к ответу!

Который год я вдовая,
Всё счастье — мимо,
Но я стоять готовая
За дело мира!

Как мать вам заявляю и как женщина!..»

— Мы шмат добрых песень сьпявалі. Высоцкага шмат. Дваровых. Накшталт «чужой мілай». Нашыя абавязкова. «Купалінку». Стараліся. Так што беларускія песьні сьпяваліся. Як мы сьпявалі «Мішэль» «Бітлз», так і «Купалінку». І гэта падабалася.

Праграміст Юры Макоўскі

Праграміст Юры Макоўскі, інтэлігентны, хударлявы спадар, чый дом быў зьнесены на пачатку 80-х, так і ня змог жыць у бэтоне. Прадаў кватэру і вярнуўся ў родны раён. У 90-я прадпрымальныя гады. Раён, па словах Юрыя, тады было не пазнаць.

— Там дзіўна жылі людзі. Дом — зэк, алкаш. Наступны дом — дырэктар ГУМа. Ізноў нейкі зэк, наступны — начальнік водаканалу. Разнастайныя людзі жылі. У 90-я гады, калі з працай былі праблемы, амаль усе займаліся бізнэсам. Усе свае плошчы здавалі ў арэнду, пад склады. Асаблівы быў наплыў семачнікаў. Семкі вазілі фурамі малдаване, румыны. Гэта быў жах. У гаражах веялкі, сеялкі стаялі. Бізнэс быў такі, што о-го-го! Цяпер часткова застаўся, але мала. А было ў кожным доме. Цяпер у асноўным аўтасэрвісы, дробная бакалея захоўваецца.

Сёньня Сельгаспасёлак абкружаны новабудоўлямі. Юры Макоўскі, як і тысячы жыхароў Сельгапасёлку, жыве ў трывожным чаканьні заўтрашняга дня.