«Паўночныя Атэны» — на галодным фінансавым пайку

Недахоп фінансавых сродкаў спаралізаваў працу на чарговым гістарычным аб’екце.
Гэтым разам у чаканьні лепшых часоў — замоўнікі і падрадчыкі праекту рэстаўрацыі сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсі на Смаргоншчыне. У 2015 годзе міжнародная грамадзкасьць мае шырока адзначыць 250-годзьдзе з дня нараджэньня ўсясьветна вядомага кампазытара, дыплямата, паўстанца, які жыў у Залесьсі цягам 1802–1822 гадоў і, паводле дасьледчыкаў, менавіта тут стварыў свой найлепшы музычны твор — палянэз ля-мінор («Разьвітаньне з Радзімай»). З чым прыйдуць да юбілею беларусы.

Сьляды будаўнічай дзейнасьці ў маёнтку Агінскіх, яшчэ пры жыцьці самага вядомага прадстаўніка роду названага «Паўночнымі Атэнамі», хоць і прасочваюцца, але адчуваецца, што ўся актыўнасьць — у мінулым. Падчыстую пратэрмінаваныя графікі, вызначаныя пашпартамі аб’екту. На адным пазначана, што праект фінансуецца Эўрапейскім зьвязам і тэрмін заканчэньня працаў — 28 лютага 2013 году. На іншым, выдадзеным інспэкцыяй Дзяржбуднагляду, быў нібыта сьнежань 2012-га, але мясцовыя графіці адкарэктавалі тэрмін на больш відавочны пры цяперашніх тэмпах працы — 2018 год.



Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётар Южык — родам з гэтых мясьцінаў. Пасьля заканчэньня дэпутацкіх паўнамоцтваў і выхаду на пэнсію ён асабіста апякуецца аднаўленьнем палацава-паркавага комплексу. Але прызнае, што пакуль збольшага даводзіцца абмяжоўвацца мэмарыяльнымі мерапрыемствамі:

«Пазалетась зь бюджэту было выдзелена 3 мільярды 600 мільёнаў рублёў на рэстаўрацыю сядзібы. За тыя сродкі ўзнавілі аранжарэю і тую частку, дзе жыў аканом. Пачалі аднаўляць галоўны будынак зь вежай. Стары шпіль на час рамонту зьнялі, бо ідзе рэстаўрацыя. Іншымі словамі, трэба было б пачынаць аздобныя працы. Паціху справу робім, а паралельна ладзім памятныя мерапрыемствы. Мінулым летам, на пачатку жніўня, правялі імпрэзу, прымеркаваную да 210-годзьдзя ад таго моманту, як Агінскі пераехаў у Залесьсе. Атрымалася вялікае сьвята, тысячы пад дзьве было людзей. І пасьпявалі, і патанцавалі, і паўспаміналі. Госьці высокія былі. Асабіста я пастараўся запрасіць прадпрымальнікаў, паказаць ім, пазнаёміць. Можа, яны ў пэрспэктыве нейкую капейчыну ўкладуць у рэстаўрацыю. Дзень нараджэньня Агінскага традыцыйна адзначаем».

Ад прадпрымальнікаў грашовых пераводаў пакуль няма, а дзяржаўны бюджэт латае іншыя дзіркі. Яўген Гурскі, галоўны інжынэр смаргонскага будаўніча-мантажнага трэсту № 41, кажа, што два месяцы арганізацыя- падрадчык чакае паступленьня сродкаў, каб аднавіць прыпыненыя працы. Аднак, апроч абяцаньняў, на рахункі пакуль нічога ня трапіла:

«Што я вам скажу? Праблемы ў нас, як заўсёды... Рэальна было завяршыць працы і ў мінулым годзе, і ў лютым. Але, як ужо стала ў нас традыцыяй, праблема з фінансаваньнем. Таму сёньня пытаньне вызначаецца так: паводле зьвестак, на гэты год усё ж абяцаюць цалкам прафінансаваць аб’ект. То бок каб да канца году выйсьці на яго завяршэньне. Але пакуль, на сёньняшні дзень (а прайшлі ўжо два месяцы гэтага году), мы не атрымалі ні запазычанасьці за мінулы год, бо заставаўся невялікі доўг, ні хоць якіх сродкаў на далейшую працу ў гэтым годзе. Праблема яшчэ ў чым. Сёньня там застаўся вельмі вялікі аб’ём менавіта спэцыфічных працаў — тое, што будзе выконваць менская фірма „Белрэстаўрацыя“. Гэта і спэцдзьверы, і лесьвіцы, і ўсялякая аздоба. Таму на ўсё гэта патрэбныя сродкі. Калі яны будуць, то, у прынцыпе, да канца году ўсё зрабіць рэальна».

Спадар Гурскі ўдакладняе, што эўразьвязаўскае фундаваньне, пра якое паведамляе адмысловая шыльда, мае абмежаваны характар і тычыцца абсталяваньня толькі канцэртнай залі:

«Нават не магу сказаць, ідзе гэта канкрэтна ад ЮНЭСКО ці ад нейкай іншай структуры. Проста атрымліваецца, што пад грант Эўразьвязу выдзелілі адзін асобны ўчастак палаца пад арганізацыю канцэртнай залі. Канкрэтна літоўскі бок грашыма спансіраваў, пералічыўшы, мабыць, па лініі ЮНЭСКО. Была задума, што гэты кавалак, дзе плянуецца канцэртная заля, будзе цалкам фінансаваны за кошт гэтых мэтавых сродкаў. Але паколькі ўсё гэта робіцца ў агульным комплексе, то пакуль таксама асаблівых зрухаў няма. Калі ж будзе зроблена, то, яшчэ раз кажу, адна заля будзе зробленая цалкам за кошт сродкаў Эўразьвязу. Калі гэтыя сродкі ў мінулым годзе ў невялікай колькасьці паступілі, то мы, калі не памыляюся, зрабілі разводку трубаў, электрыку праклалі. То бок чарнавыя справы практычна паробленыя».



Тым часам экспэрты б’юць трывогу, што нават зробленыя працы выклікаюць шмат нараканьняў адносна якасьці іх выкананьня. У прыватнасьці, збудаваная з нуля аранжарэя недапушчальна ўзвышаецца над агульным палацавым комплексам і больш нагадвае офіс са шкла і бэтону. Праўда, назіральнікі пакуль сумняюцца, што гэта будзе самая вялікая бяда, таму што будаўнікі ж яшчэ не дабраліся да аўтэнтычных сьценаў старажытнага палаца.