Гавары-камень

4 сакавіка 1832-га ў Парыжы ва ўзросьце 42 гадоў памёр Жан-Франсуа Шампальён — чалавек, які чытаў старажытнаэгіпэцкія герогліфы з такой лёгкасьцю, нібы перад ім ляжала «Юманітэ». Ну, ці не «Юманітэ», а «Амі дзю пёпль» — калі ўжо думаць пра час і эпоху.

А думаць пра іх варта... Ён здолеў зрабіць немагчымае — расшыфраваць старажытнаэгіпэцкае пісьмо — і пры гэтым быў прыхільнік Напалеона і ня надта цырымоніўся з археалягічнымі знаходкамі, пераступаючы празь любыя перашкоды лёгка і без згрызотаў сумленьня, як і сам Банапарт. Яго цікавіў Тэкст. Тое, на чым ён напісаны, было ўсяго толькі паперай — хай сабе і гранітнай, каштоўнай і тысячагадовай. Для таго, каб здабыць патрэбнае, Шампальён мог пайсьці на дробны подкуп і шантаж, ён наогул ня гідзіўся барбарскіх мэтадаў. Залаты час для дасьледчыкаў: усё вакол калгаснае, у сэнсе — нічыё. Хто першы падыме, той і гаспадар, хто сапраўдны геній, той і расшыфруе... І ня трэба, як цяпер, прасіць у народна-дэмакратычных намадаў і бэдуінскіх бюракратаў візаў і дазволаў на раскопкі і экспэдыцыі. Тубыльцам толькі і трэба, што грошы — у адрозьненьне ад вучонага зь ягоным высакародным паляўнічым азартам. Невядома, куды ён прывядзе, гэты азарт, — але нюх не падводзіць, і малюнкі, падобныя да зморшчынаў на камні, складваюцца ў словы.

Ягоны ўнёсак у агульначалавечую сьвінку-скарбонку ня так ужо й гучна бразгае, калі яе патрэсьці — і тым ня менш, калі тую скарбонку разьбіць, не заўважыць навуковы подзьвіг Шампальёна нельга. Ён здолеў прачытаць надпіс на Разэцкім камні, што не ўдавалася да яго нікому, нават самім старажытным эгіпцянам — і тым самым пахаваў для нас яшчэ адну таямніцу. Пахаваў і надпіс напісаў: «Кароткі нарыс герагліфічнай сыстэмы старажытных эгіпцянаў або дасьледаваньні гэтага пісьма».

У няпоўныя дзевятнаццаць ён — прафэсар, у дваццаць — валодае чатырнаццацьцю мовамі, у тым ліку копцкай, самай блізкай да мовы старажытных эгіпцянаў. З такімі тэмпамі ў пяцьдзясят ён мог бы даведацца, у чым сэнс жыцьця, і прачытаць у арыгінале нататнік самога Бога, які той згубіў падчас Патопу. Але хітрыя старажытныя шыфравальнікі ўсё прадумалі загадзя: Разэцкі камень быў зачараваны Ісідай і пракляты львіцай Сэхмэт. Іншага тлумачэньня проста не існуе: Шампальён, які разгадаў таямніцу герогліфаў, нечакана памёр ад інсульту ў росквіце сілаў. Грамадзтва гэта не насьцярожыла, а дарэмна. Ведала б яно, якія сюрпрызы рыхтуе яму ў будучыні дасьледаваньне Эгіпту.

Праз сто гадоў адзін за адным памруць у самых лепшых гадах лорд Карнарван і ягоныя трынаццаць паплечнікаў, адважныя дасьледчыкі пірамідаў, а таямнічая эгіпэцкая мумія патопіць «Тытанік» — і зробіць выгляд, што яе не было на борце і ўсё гэта выдумкі журналюгаў. І герогліфы працягнуць губіць абраных: тых, хто аднойчы прачытае ў савецкім школьным падручніку пра Сярэдзіннае царства і будзе перамалёўваць іх флямастэрамі, на ўсё жыцьцё апантаны таямніцай Знаку.

Не хадзі ўначы да Нацыянальнай бібліятэкі, калі душы старажытных пісараў бязьмежна ўладараць над гэтай пустэльняй.