Дзьмітрыеў: Выступ па БТ — не памылка, гэта абарона сям’і

Андрэй Дзьмітрыеў

Адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў прызнаўся, што выступіў па БТ пасьля выбараў з-за таго, што пасадзілі ягоную сяброўку. Ён расказаў пра гэта ў новай кнізе Аляксандра Тамковіча «Жыцьцё пасьля кратаў».
Дзьмітрыева арыштавалі разам зь іншымі ўдзельнікамі Плошчы. Ён агучыў па тэлебачаньні падрыхтаваны спэцслужбамі тэкст, і 3 студзеня яго вызвалілі. У інтэрвію Тамковічу Дзьмітрыеў тлумачыць свае паводзіны моцным ціскам: «Пад пагрозай знаходзілася мая сям’я. Мала, хто ведае, што мая будучая жонка таксама была арыштавана КДБ і правяла там цэлы дзень».

Ганна Соўсь: Андрэй, чаму вы толькі праз два гады расказалі пра тое, што вас вымусілі ў КДБ зачытаць па тэлевізары заяву, падрыхтаваную спэцслужбамі?

Андрэй Дзьмітрыеў: Гэта было інтэрвію, якое я даваў Тамковічу, паколькі ён пісаў кнігу. Ён запытаў, я адказаў. Гэта не было зроблена спэцыяльна. Ён запытаў, я вырашыў, што магу расказаць. Я патлумачыў, дарэчы, у гэтым інтэрвію чаму, таму што ня важна, якія прычыны былі. Я разумеў, што гэта ўчынак і што я панясу за яго адказнасьць. Апраўдвацца за гэта я не хацеў...

Соўсь: Ці вы ўсьведамлялі, што ўвесь гэты час вашу дзейнасьць у рамках кампаніі «Гавары праўду» ўспрымалі праз прызму гэтай заявы?

Дзьмітрыеў: Я думаю, што тая мая каманда, якая са мной, цалкам усё разумела і ўсё было добра. Як, дарэчы, і паказалі камэнтары на розных рэсурсах, што і гэтая заява нічога не зьмяніла. Тыя, хто мяне ня любяць, так мяне і ня любяць, а тыя, хто нармалёвыя людзі і могуць разумець, што за абставіны ёсьць у Беларусі, тыя і так усё разумеюць.

Соўсь: Алесь Міхалевіч, калі выйшаў з турмы, заявіў, што ён вымушаны быў падпісаць паперу аб супрацы з КДБ і што ён адмаўляецца ад падпісанай заявы. Яму давялося эміграваць пасьля гэтай заявы. Вас прымушалі да супрацоўніцтва з КДБ?

Дзьмітрыеў: Не, так пытаньне ня ставілі, і таму мне пра гэта няма што казаць. Я не падпісваў ніякіх папераў. Мяне не прымушалі да супрацоўніцтва. Я вельмі шкадую аб тым, што так склаўся лёс Алеся, ён вельмі цікавы чалавек. Я думаю, што ён быў бы вельмі цікавым палітыкам. Дай Бог, ён яшчэ вернецца, і ўсё будзе.

Соўсь: У інтэрвію Аляксандру Тамковічу вы расказваеце, што ваша будучая жонка была арыштаваная КДБ. Чым займаецца ваша жонка? Ц адчувае ваша сям’я ціск ці ўвагу з боку спэцслужбаў?

Дзьмітрыеў: Мая жонка цяпер гадуе сына, які нарадзіўся ў мінулым годзе. Увесь час, які ў яе ёсьць, ён забірае, канечне. А што тычыцца ціску, калі займаесься ў Беларусі палітыкай, то ціск і ўвага — гэта тое, што ёсьць пастаянна. Мы цяпер з вамі размаўляем, але і я, і вы размаўляем і з другім, трэцім, чацьвертым, пятым чалавекам, які праслухоўвае мой тэлефон. Напрыклад, нядаўна ў нас было адчуваньне, што калі нас не было дома, да нас мог хтосьці заходзіць. Гэта немагчыма пацьвердзіць, але па некаторых прыкметах пра гэта можна меркаваць. Таму, безумоўна, такі ціск ёсьць заўсёды. Ня толькі ў мяне, але і ва ўсіх, хто займаецца палітыкай у Беларусі.

Соўсь: Палітвязень Мікола Статкевіч ініцыяваў цяпер «разбор палётаў» пасьля Плошчы, абгрунтоўваючы гэта тым, што напярэдадні будучай выбарчай кампаніі нельга дапусьціць, каб у ёй удзельнічалі ці ўплывалі на яе тыя, хто зганьбіў сябе падчас папярэдняй. Дый патэнцыйныя кандыдаты павінны ведаць, што іх дзеяньні будуць потым публічна разабраныя. Ці вы згодныя зь Міколам Статкевічам?

Дзьмітрыеў: Па прынцыпе, што трэба аналізаваць, рабіць працу над памылкамі, безумоўна. На тое, як гэта трэба рабіць, я лічу, патрэбныя іншыя інструмэнты, але безумоўна, гэта павінна быць.

Соўсь: Як вы лічыце, на якія памылкі мае права палітык? Напрыклад, некаторыя цяперашнія апазыцыйныя палітыкі былі ў камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Некаторыя называюць гэта памылкай. Ваш выступ па тэлебачаньні таксама можна назваць памылкай...

Дзьмітрыеў: Мой выступ па тэлебачаньні быў абаронай сям’і. Гэта іншая рэч. Што тычыцца памылак, то ў нармальнай краіне, якія памылкі можна рабіць ці не, вырашае выбарца. І праз галасаваньне ён кажа, ці была зроблена памылка, ці зьяўляецца яна для яго фатальнай ці не. Таму я не судзьдзя і не зьбіраюся нікога судзіць. Магу сказаць, што калі чалавек шчыры, калі чалавек разумее, што гэта памылка, і гэта прызнае, калі чалавек сапраўды ідзе наперад, то ўсе мы людзі, і палітык — ён таксама чалавек. Гэта трэба і памятаць, і разумець. Калі вы бачыце, што чалавек мяняецца, што ён асэнсоўвае свой шлях, то часам зрабіць памылку і пайсьці далей, гэта больш важна, чым упарта перці немаведама ў якім кірунку.

Соўсь: На якія памылкі палітык ня мае права?

Дзьмітрыеў: Галоўнае, палітык ня мае права здраджваць свайму выбарцу, на гэтую памылку ня мае права. А ўсё астатняе — як у людзей.

Соўсь: Якую выснову вы зрабілі з той сытуацыі, у якой апынуліся пасьля Плошчы?

Дзьмітрыеў: Шмат насамрэч. Першае, што калі я не магу абараніць сям’ю, то ўсё астатняе няважна. Калі ты абараніў сям’ю, ты можаш казаць, што ты будзеш бараніць і астатніх. Нават часам коштам сваёй рэпутацыі ці коштам таго, што ты будзеш кімсьці нелюбімым. Гэта важна для палітыка. Другая выснова вельмі важная: галоўнае, калі з табой у цяжкіх абставінах застаюцца сябры, сям’я, каманда. Бяз гэтай каштоўнасьці таксама нічога быць ня можа. Трэцяя выснова, якую я зрабіў: фраза «усё, што нас не забівае, робіць мацнейшым» — гэта праўда.

***

На другі дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году ў эфіры Першага тэлеканалу Андрэй Дзьмітрыеў заявіў, што супрацоўнікі міліцыі не вінаватыя ў разгроме мікрааўтобуса з радыёапаратурай 19 сьнежня падчас разгону калёны, якая ішла на Кастрычніцкую плошчу Менску ад офіса Уладзімера Някляева.

«Ззаду з натоўпу пачалі насоўвацца п’яныя маладыя людзі. Завязалася бойка. І падасьпелая міліцыя змагла гэтую бойку разьняць. Супрацоўнікі міліцыі не вінаватыя ў тым, што здарылася», — адзначыў тады ён.

http://www.youtube.com/embed/m0Qc_kRRpMA?rel=0

Летась у студзені Андрэя Дзьмітрыева выключылі з шэрагаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Тады старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў так патлумачыў гэтае рашэньне:

«За нанясеньне палітычнай шкоды партыі. А палітычная шкода відавочная. Возьмем мінулыя выбары. Упершыню партыя рашэньнем зьезду вылучыла свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Пры гэтым Дзьмітрыеў, будучы ня проста шараговым сябрам партыі, а чальцом Нацыянальнага камітэту і кіраўніком Міжнароднай камісіі АГП, дэманстратыўна займаўся кіраўніцтвам штабу абсалютна іншага кандыдата. Як гэта разглядаць, як не палітычную шкоду? І другі момант — яго заява, якая прагучала па беларускім тэлебачаньні пасьля 19 сьнежня 2010 году. Трэба аддаць належнае Яраславу Раманчуку — пасьля сваёй заявы па БТ ён знайшоў у сабе мужнасьць, напісаў заяву і выйшаў з партыі. Дзьмітрыеў не палічыў гэта патрэбным. Ён мусіў сам пайсьці, але не зрабіў гэтага. Таму рада прыняла такое рашэньне».