Партыя БНФ патрабуе запрасіць спэцдакладчыка

Партыя БНФ заклікала кіраўніцтва краіны запрасіць у Беларусь спэцдакладчыка ААН у правах чалавека ў Беларусі Міклаша Харасьці і выдаць яму візу на ўезд у Беларусь.
Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай 23 лютага на сойме партыі.

Мандат спэцдакладчыка па Беларусі быў заснаваны Радай па правах чалавека ААН 5 ліпеня 2012 году, а ў верасьні на гэтую пасаду быў прызначаны прадстаўнік Вугоршчыны Міклаш Харасьці. Па выніках сваёй дзейнасьці ён прадставіць справаздачы аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Радзе ААН па правах чалавека і Генэральнай Асамблеі ААН. Аднак беларускія ўлады адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спэцдакладчыкам.

Сваю прапанову аб запрашэньні ў Беларусь спэцдакладчыка ААН Міклаша Харасьці Партыя БНФ накіруе ў Міністэрства замежных спраў Беларусі.