Ігар Аліневіч чытае ў калёніі кнігу Хадаркоўскага

Ігар Аліневіч

Палітвязьню Ігару Аліневічу ў калёнію ўдалося перадаць шэраг кніг. Сярод іх «Турма і воля», аўтарам якой зьяўляецца расейскі палітвязень, былы алігарх Міхаіл Хадаркоўскі.
Маці Ігара Аліневіча Валянціна кажа, што перад тым, як пераслаць кнігу сыну, сама яе ўважліва прачытала:

«Пачынаеш разумець, што тое, што абурае нас, сваякоў беларускіх палітвязьняў — пэўныя дзеяньні нашых турэмшчыкаў, — гэта ўсё адпрацаваная з 1937 года мэтодыка. Робіцца гэта дзеля таго, каб задушыць волю людзей. І Хадаркоўскі пра гэта таксама піша. Аказваецца, яму першае спатканьне з жонкай далі толькі праз 4 гады зьняволеньня.»

Валянціна Аліневіч адзначае, што яе кантактаваньне з сынам зараз вельмі абмежаванае. Лісты ад яго прыходзяць рэдка, апошняе было ў пачатку лютага. Тэлефанаваць Ігару Аліневічу дазваляюць не часьцей як раз на 3 месяцы, хаця звычайныя вязьні гэта робяць штомесяц. Ігар Аліневіч, як і шмат хто зь палітвязьняў, залічаны ў злосныя парушальнікі і таму яму таксама абмежавалі колькасьць спатканьняў з роднымі.

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня за ўдзел у нападах на шэраг афіцыйных будынкаў. Сваёй віны Аліневіч у судзе не прызнаў. Трымаюць Ігара Аліневіча ў наваполацкай калёніі.