Як дыктатары адзначаюць дні народзінаў

Вядома, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка зьмяніў дату свайго нараджэньня, каб яна супадала з нараджэньнем сына. Аднак шырокіх урачыстасьцяў у гэты дзень не праводзіцца.
У іншых жа краінах, дзе пры ўладзе дагэтуль знаходзяцца сябры і знаёмыя кіраўніка Беларусі, дні нараджэньня ўжо сталі нацыянальнымі сьвятамі. Foreign Policy піша, як адзначаюць свае дні нараджэньня дыктатары ў розных краінах.


Казахстан


У 2008 годзе прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ, каб зрабіць яго дзень нараджэньня нацыянальным сьвятам. Хоць 6 ліпеня афіцыйна называецца «Дзень Астаны» (Астана стала сталіцай краіны ў 1997 годзе), шмат хто ў краіне бачыць сьвята як нагоду для сьвяткаваньня дня нараджэньня прэзыдэнта Казахстану.

У 2010 годзе цягам трохдзённага фэстывалю Дзень нараджэньня пачаўся з адкрыцьця гіганцкага парку (з манарэйкавай дарогай і атракцыёнамі). Італьянскі тэнар Андрэа Бачэлі сьпяваў (а ў 2008 годзе гэта была Ўітні Х’юстан), прыехалі сем прэзыдэнтаў плюс кароль Ярданіі. Усё сьвята каштавала больш за $10 мільёнаў. У тым жа годзе сьвяткавалі Дзень першага прэзыдэнта з нагоды гадавіны абраньня Назарбаева ў 1991 годзе.

Летась праграма сьвяткаваньняў Дня Астаны уключала міжнародны кінафэстываль, Цырк дзю Салей, некалькі канцэртаў і лядовае шоў.

Назарбаеў, які неаднаразова перамагаў (у чым многія сумняюцца) на выбарах з больш чым 90 працэнтамі галасоў, ня мае абмежаваньня ў тэрмінах і можа адзначаць свой дзень нараджэньня шмат гадоў — пакуль дазваляе ўзрост і здароўе.



Артысты робяць прадстаўленьне ў гонар Дня першага прэзыдэнта Рэспублікі Казахстан у Астане 1 сьнежня 2012 году.

Ярданія


Кароль Абдула II

Адзін з ганаровых гасьцей на сьвяткаваньні Назарбаева, відавочна, мае іншае ўяўленьне, як яго краіна павінна адзначаць свой дзень нараджэньня. Ярданцы пачалі адзначаць дзень нараджэньня караля Абдулы II адразу пасьля таго, як той пераняў уладу ад свайго бацькі караля Хусэйна ў 1999 годзе. Дзень нараджэньня абодвух лідэраў — нацыянальныя сьвяты. У 2007 годзе кароль Абдула абвясьціў, што для таго, каб павысіць прадукцыйнасьць, банкі і прадпрыемствы павінны працаваць падчас абодвух сьвятаў.

«Мы вырашылі, што мой дзень нараджэньня і дзень нараджэньня майго бацькі, караля Хусэйна, павінны афіцыйна быць працоўнымі днямі... і спадзяемся, што такім чынам ярданцы змогуць сьвяткаваць абодва сьвяты яшчэ з большай прадукцыйнасьцю».

Кароль Абдула аддае перавагу сьвяткаваць зь сям’ёй, а не зь вядомымі сьпевакамі і замежнымі гасьцямі.

Паўночная Карэя



Сёлета Кім Чэн Ун паказаў усяму сьвету, што даваць можа быць больш прыемна, чым атрымліваць. Па дадзеных дзяржаўных СМІ, паўночнакарэйскі вярхоўны лідэр адзначыў свой Дзень нараджэньня 8 студзеня, — які дагэтуль не аб’яўлены нацыянальным сьвятам — разаслаўшы па аднаму кіляграму цукерак кожнаму паўночнакарэйскаму дзіцяці да 10 гадоў. Нават сельскія жыхары у аддаленых куточках атрымалі такі нечаканы сюрпрыз — яны «ўзарваліся ад радасьці», калі ўбачылі падарункі, згодна з афіцыйным прэс-рэлізам.

Калі Кім Чэн Ун спадзяецца стварыць уласны культ асобы, ён знаходзіцца на правільным шляху. І яго бацька і дзядуля пэрыядычна прадэманстравалі сваю «бацькоўскую любоў» да маладога пакаленьня Паўночнай Карэі, раздаючы на дзень нараджэньня цукеркі і іншыя тавары спажываньня, такія як яйкі ці цыгарэты. Сёньня, калі былыя лідэры маюць свае нацыянальныя сьвяты — «Дзень яркай зоркі» адзначае дзень нараджэньня Кім Чэн Іра, у той час як «Дзень Сонца» ўшаноўвае Кім Ір Сэна, — Кім Чэн Ун сьціпла аддаў даніну павагі свайму бацьку 16 лютага. Ён наведаў магілу Кім Чэн Іра, адправіў дзікі мёд у радзільню... і зладзіў выпрабаваньні ядзернай зброі. «Нашыя салдаты і людзі сьвяткавалі нараджэньне нашага вялікага лідэра пасьля таго, як мы паказалі нашую сілу і мужнасьць падчас пасьпяховага ядзернага выпрабаваньня», перадае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва краіны.



Урачыстасьці з нагоды 100-годзьдзя з дня нараджэньня Кім Ір Сэна ў Пхеньяне 16 красавіка 2012 году.

Куба


З моманту прыходу да ўлады ў 1959 годзе, Фідэль Кастра адзначаў свой кожны дзень нараджэньня шырокімі ўрачыстасьцямі на Кубе. У 2011 годзе, напрыклад, тыдзень сьвяткаваньняў завяршыўся выступам артыстаў з Эўропы і Лацінскай Амэрыкі, у тым ліку ўдзельнікаў Buena Vista Social Club. У тым жа годзе Кастра адзначыў народзіны са сваім былым саюзьнікам Уга Чавэсам, які апынуўся на Кубе падчас лячэньня раку.

«Вось зь Фідэлем, сьвяткуем яго 85-гадовы юбілей», напісаў Чавэс у твітэры. «Няхай жыве Фідэль!»

Летась Кастра не зьявіўся на публіцы ў дзень нараджэньня. Аднак дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі павіншавалі яго, адбываліся канцэрты, і Саюз камуністычнай моладзі прэзэнтаваў яму торт.




Туркмэністан


У 2005 годзе былы дыктатар Сапармурат Ніязаў адзначаў 65-годзьдзе. Туркмэністан з гэтай нагоды увёў у абарот набор манэт з радаводам прэзыдэнта. Праз год Ніязаў адчаканіў мноства залатых і срэбных манэт у гонар сваіх зборнікаў паэзіі — чатыры зборнікі і два тамы ён назваў «Кніга душы». Дзеці вывучалі гэтыя кнігі ў школе, а асуджаныя кляліся ў вернасьці яму пасьля вызваленьня з турмы — пакуль пераемнік Ніязава выпусьціў свой уласны духоўны даведнік, каб замяніць яго.

Пасьля прыходу да ўлады пасьля сьмерці Ніязава ў 2006 годзе Гурбангулы Бердымухамэдаў прасіў, каб яго дзень нараджэньня адзначаўся ня так шырока. Таксама адмянілі раскошныя ўрачыстасьці ў гонар нараджэньня папярэдніка. У 2011 годзе Бердымухамэдаў, напрыклад, выканаў песьню пра каханьне, якую ён напісаў сам. Дзяржаўнае тэлебачаньне абвясьціла, што гітара — цяпер «нацыянальны набытак і вялікі скарб» і будзе захоўвацца ў музэі. У 2012 годзе адбыліся разнастайныя прадстаўленьні ў гонар Бердымухамэдава.



Людзі праходзяць міма плякату Бердымухамэдава падчас параду Дня незалежнасьці ў Ашгабадзе 27 кастрычніка 2008 г.