Чатырнаццаць гадоў засухі

17 лютага 1933 году амэрыканскі Кангрэс уздыхнуў усімі сваімі 435 галасамі і адмяніў большасьцю зь іх дзеяньне ў краіне «сухога» закону. Грамадзтва, якое чатырнаццаць гадоў было ў вымушанай «завязцы» пасьля некалькіх стагодзьдзяў хранічнага запою, бурліва адзначыла гэты дзень вызваленьня і перамогі дэмакратыі (і, што ня менш важна, дэмакратычнай партыі). На старым фотаздымку, які зафіксаваў жыхароў штату Юта ў самы ўрачысты момант, відаць непадробная, як добрае віскі, чалавечая радасьць і шчырыя сьлёзы, чыстыя, быццам фірмовы джын. Зь імі міжволі хочацца чокнуцца, з гэтымі вясёлымі і вольнымі людзьмі, якія перажылі на сабе небясьпечны дзяржаўны экспэрымэнт і — выжылі.

А ўсё пачыналася так кранальна і шматабяцальна. У краіне былі зачыненыя 1092 бровары і 236 прадпрыемстваў па вырабу больш моцнай атруты. Ліквідаваныя 177790 бараў, салунаў, піўнух, кабакоў і іншых прытонаў. Ужо праз тры гады злачыннасьць зьнізілася на 70 адсоткаў, турмы апусьцелі, бяз працы засталіся паліцыянты, пажарныя і псыхіятры, рэзка вырасьлі спажываньне малака і сумы на банкаўскіх рахунках. Але нядоўга грала гэтая цьвярозая, як шкло, музыка. Удзячны народ піў сабе малако, а думаў пра кефір, у якім, як вядома, таксама ёсьць ён, запаветны Градус. І не ў аднаго грамадзяніна разрывалася сэрца, калі ён бачыў, як выліваецца ў каналізацыю некалі любімае марачнае брэндзі, смак якога язык чамусьці ніяк ня можа забыць. Ужо ў сярэдзіне дваццатых «сухі закон» адгукнуўся зусім іншым рэхам, гук якога быў больш падобны да адрыжкі п’янага бутлегера, чым да шчасьлівай песьні здаровага і працавітага сем’яніна.

У 1924 годзе хранічных алькаголікаў у ЗША налічвалася амаль удвая больш, чым да прыняцьця закону. Толькі за адзін 1929 год было арыштавана каля 70 тысяч спэкулянтаў алькаголем, самаробным і кантрабандным. У Джорджыі за тое, што гнаў сівуху, быў асуджаны да працы ў каменяломнях і штрафу 500 даляраў нейкі няшчасны 84-гадовы стары, які ўсяго толькі й хацеў, што прабавіць рэшту дзён згодна з уласнымі ўяўленьнямі пра шчасьлівую старасьць. За той самы год было паранена і забіта ў баях з алькагольнай мафіяй каля ста паліцыянтаў. Выдаткі толькі на кантроль за выкананьнем «сухога закону» наблізіліся да выдаткаў на войска, то бок вылічваліся ў сотнях мільёнаў даляраў.

І грамадзтва адступіла.

Спробы паўтарыць амэрыканскі экспэрымэнт працягваліся і працягваюцца там і тут да сёньняшняга дня. Але — калі ў людзей забраць алькаголь, яны ўсё адно яго знойдуць. Нават у гэтай палярнай менскай ночы. З рызыкай для жыцьця і нязгаснай прагай у душы. З энтузіязмам, можа, і вартым лепшага прымяненьня, але ня менш гераічным, чым любы іншы.

Забярыце ў іх алькаголь — і яны будуць піць растваральнікі. Імпарцёры не далічацца стратэгічнага прадукту. Насельніцтва шпаркімі тэмпамі пачне выміраць. Перапоўненыя могілкі і турмы, дэградацыя і масавыя забойствы. Гуманітарная катастрофа. Тэст на апакаліпсіс. Ці каштуе краіна адной пляшкі чарніла?

Як жа супрацьстаяць павальнаму алькагалізму? Самая разумная ідэя, якую я чуў: алькаголь мусіць быць дарагі. Заўсёды трошачкі недаступны. А наогул... Чалавек ніколі ня будзе піць адно малако. Чалавек будзе піць малако тады, калі яму хочацца малака, і віно — калі яму хочацца віна. Выбіраць і вызначаць, што канкрэтна нам хочацца ў гэты час, можам толькі мы самі. Падобна на тое, што гэта — таксама закон, абсалютна «мокры» і неаспрэчны. Ну, ці, прынамсі, правераны на амэрыканцах, а ў іх заўжды ёсьць чаму павучыцца.