Былых імпэратараў, як і былых забойцаў, не бывае. 16 лютага 1815 году Напалеон І Банапарт, першы імпэратар Францыі, палкаводзец і самы знакаміты выгнаньнік стагодзьдзя, у нядаўняй мінуўшчыне таксама першы консул Францускай рэспублікі, кароль і прэзыдэнт Італіі, а ў далёкай будучыні — смачны савецкі торт, пачаў рыхтаваць свае ўцёкі з выспы Эльба, куды яго засунулі далей ад граху напалоханыя эўрапейскія манархі. Ніхто не здагадваўся, што пляны ўцячы адсюль карсыканец выношваў з таго самага дня, як скончылася Бітва Народаў. Хоць вонкава ён і выглядаў як чалавек, які зьмірыўся са сваім лёсам, толькі дурань мог паверыць, што нядаўні фактычны ўладар паловы Эўропы задаволіцца ўладай над трыма тысячамі душаў і будзе да канца жыцьця разводзіць скунсаў на Эльбе, калекцыянаваць чужыя трохвуголкі і пісаць мэмуары.
І час надышоў. Ніколі не здавайся, нагадала імпэратару 16 лютага, пралятаючы над Эльбай, тая самая шчасьлівая, але ўжо трохі стомленая зорка, пад якой нарадзіўся некалі амбітны адвакацкі сын Напалеонэ, які больш за ўсё на сьвеце ненавідзеў халодную паленту і французаў. Ён ужо даўно сачыў за падзеямі на кантынэнце, дзе ўсё складвалася як ніколі ўдала: ягоныя пераможцы перасварыліся між сабой, а Бурбоны, вяртаньне якіх нядаўна ў Францыі сустракалі з такой палёгкай, пасьпелі ўсім настолькі абрыднуць, хоць махалам гані. І махала выправілася ў дарогу. 26 лютага імпэратар на чале тысячнага атраду высадзіўся недалёка ад Канаў. Празь некалькі дзён ягонае войска павялічылася да 7000, а яшчэ праз два тыдні — да 20000.
Напалеона любілі самыя розныя людзі, у тым ліку адна жанчына з Марцінікі, а больш за ўсё яго багомілі паэты, у тым ліку з Расеі і Ангельшчыны, заклятых ворагаў імпэратара. Дзіва што — такія жарсьці, такі дэманічны вобраз і такая актуальная тэма. Падрыхтоўцы ўцёкаў з Эльбы прысьвяціў свой напышлівы вершык Пушкін, які некалькі разоў піша пра кайданы, якія выгнаньнік, седзячы ўначы на марскім беразе, зноў прымервае для беднай Эўропы. А пра трыюмфальнае вяртаньне імпэратара ў Парыж напісаў сам Байран — маўляў, імпэратар і ў выгнаньні не перастаў быць джэнтэльмэнам і «перад дамамі здымаў капялюш, а ворагаў лупіў па шапцы».
Не адставалі ад паэтаў і францускія газэтчыкі. У гісторыі ўцёкаў імпэратара з Эльбы гэта самы вясёлы разьдзел. «Карсыканская пачвара высадзілася ў бухце Жуан», пісалі парыскія выданьні ў пачатку сакавіка. Загаловак празь некалькі дзён: «Людажэр на падыходзе да Граса». Трохі пазьней: «Узурпатар увайшоў у Грэнобль». Наступнае паведамленьне: «Банапарт захапіў Ліён». Яшчэ тры дні: «Напалеон каля Фантэнэблё». І нарэшце, 20 сакавіка: «Ягоную імпэратарскую Вялікасьць чакаюць сёньня ў ягоным верным Парыжы».
І ўсё пачалося спачатку. Толькі гэтым разам скончылася значна хутчэй, бо і ў шчасьлівых зорак ёсьць свой тэрмін прыдатнасьці — пазначаны маленькімі літарамі на ўпакоўцы. Іх мала хто чытае — на шчасьце для паэтаў і на бяду трыюмфатарам.