Італьянскі фатограф надрукаваў у Esquire рэпартаж з Коласаўскага ліцэю

Падпольны ліцэй: фотарэпартаж з Esquire

Днямі ў расейскім выданьні Esquire зьявіўся вялікі фотарэпартаж --> http://esquire.ru/photo/the-hidden-school з падпольнага ліцэю імя Якуба Коласа, зроблены італьянскім фатографам Алесандра Вінчэнцы.

ФОТАРЭПАРТАЖ ТУТ


Алесандра Вінчэнцы апавёў у інтэрвію Радыё Свабода, чым яго натхніла Беларусь і як ён трапіў у падпольны ліцэй

Франак Вячорка: Чаму Беларусь?

Алесандра Вінчэнцы: Беларусь, таму што калі я пачаў працаваць ва Ўсходняй Эўропе, нічога ня ведаў пра гэтую краіну, і проста хацеў даведацца больш.

Франак Вячорка: І вы вырашылі туды паехаць?

Алесандра Вінчэнцы: Я ўпершыню паехаў у Беларусь у 2009 годзе, каб зрабіць здымкі беларускага Свабоднага тэатру, і пакуль я там быў, даведаўся шмат новага ды цікавага, многія сталі маімі добрымі сябрамі. Першы раз я паляцеў наўпрост з Мадрыду ў Менск, а другі раз ехаў празь Вільню, там цягніком.

Франак Вячорка: А чым вас прывабіў падпольны беларускі ліцэй?

Алесандра Вінчэнцы: Мае добрыя сябры сказалі пра гэты ліцэй, маўляў, гэтая тэма можа мяне зацікавіць. І сапраўды, гэта было надзвычай цікава. Я паехаў у Менск і правёў 10 дзён у ліцэі. Гэта незвычайная школа. Гэта асабліва для Эўропы. Я б нават сказаў — гэта ўнікальна. Я проста быў уражаны адданасьцю спадара Коласа, выкладнікаў ды ліцэістаў. Іншыя б людзі склалі рукі пасьля такога перасьледу, які ім давялося перажыць.

Франак Вячорка: А што вы хацелі сказаць гэтым рэпартажам?

Алесандра Вінчэнцы: Мая галоўная мэта — апавесьці гісторыі, які раскрываюць сытуацыю ў Беларусі. Маленькія гісторыі складваюцца ў сукупнасьці могуць значна глыбей паказаць агульную сытуацыю ў краіне, чым нейкі рэпартаж.


У 2003 годзе на загад Міністэрства адукацыі беларускамоўны ліцэй быў зьліквідаваны за адукацыйную палітыку, якая ішла ўразрэз зь дзяржаўнай ідэалёгіяй. Ужо дзесяцігодзьдзе Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа працуе ў падпольлі. Але попыт на адукацыю, пазбаўленую празьмернай дзяржаўнай заідэалягізаванасьці і арыентаваную на вывучэньне гістарычнай спадчыны беларусаў, застаецца стабільна высокім. У ліцэй прыходзяць новыя вучні, якія спадзяюцца, што іх навучальная ўстанова раней ці пазьней зноў верне свой легальны статус. Апошнія выпускі істотна пашырылі і без таго шырокую геаграфію беларускай прысутнасьці ў сьвеце. Польшча, Літва, ЗША, Нідэрлянды, Італія, Нарвэгія, Індыя — у гэтых ды іншых краінах ліцэісты працягваюць адукацыйны працэс.