«Заўхоз» пад хатнім арыштам?

Мікалай Корбут

«У вытворчасьці Сьледчага камітэту няма такой крымінальнай справы. Таму пра што можа ісьці гаворка?»
У прэс-службе Генпракуратуры таксама сказалі, што ня маюць інфармацыі адносна «хатняга арышту» Мікалая Корбута.

Пра тое, што Мікалая Корбута зьмясьцілі пад хатні арышт, паведаміў сайт belaruspartisan.org. Нібыта чыноўніка вінавацяць у тым, што ён дапусьціў парушэньні пры будаўніцтве беларускіх аб’ектаў у Сочы.

Кіраўнік спраў прэзыдэнта Мікалай Корбут вызвалены ад пасады 18 студзеня. Паводле прэзыдэнцкага ўказу, ён пераходзіць на іншую працу. 21 студзеня на пасаду кіраўніка спраў прэзыдэнта быў прызначаны Віктар Шэйман.

Мікалая Корбута прызначылі на гэтую пасаду ў сьнежні 2009 году, калі яе пакінуў Мікалай Дамашкевіч. Дагэтуль Корбут быў першым намесьнікам кіраўніка спраў.

Найдаўжэй на пасадзе «прэзыдэнцкага заўгаса» заставаўся Іван Ціцянкоў. Ягоная адстаўка «па ўласным жаданьні» стала шмат для каго нечаканасьцю, бо гэта быў адзін з самых адданых прыхільнікаў Лукашэнкі. Ціцянкоў зьехаў у Расею.

Другім кіраўніком спраў зрабіўся Ўладзімер Ганчарэнка, які раней займаў міністэрскую пасаду, але кіраваў нядоўга.

Трэцім кіраўніком спраў прэзыдэнта прызначылі Галіну Жураўкову. Яна, як вядома, скончыла сваю палітычную кар’еру на лаве падсудных.

Чацьвёртым кіраўніком спраў Лукашэнка прызначыў Генадзя Лаўранкова, які раней ачольваў інспэкцыю Міністэрства падаткаў і збораў па Магілёўскай вобласьці. Лукашэнка паставіў тады яму задачу самым жорсткім чынам, «гарачым жалезам» выпаліць усё нячыстае ў гэтай структуры зьверху данізу. Лаўранкова кіраўнік краіны знаў асабіста яшчэ па сваёй працы на Шклоўшчыне і заявіў, што як ніколі раней на гэтую пасаду прызначаецца «чалавек прэзыдэнта». Аднак пратрымаўся Генадзь Лаўранкоў на сваёй пасадзе менш за год. Лукашэнка, зрэшты, не пакінуў яго бяз працы і прызначыў памочнікам прэзыдэнта, галоўным інспэктарам па Магілёўскай вобласьці.

Пасьля Лаўранкова тры гады гэтую пасаду займаў Аляксандар Кулічкоў, які быў дагэтуль міністрам гандлю. Яго зьмяніў былы кіраўнік Меншчыны Мікалай Дамашкевіч, які заставаўся на пасадзе адзін год.