Што трэба ведаць пра рак

Сёньня - міжнародны дзень барацьбы з ракам.
Рак — гэта агульная назва шырокага кола хваробаў розных частак цела. Іншая назва — злаякасныя пухліны і нэаплязмы. Вызначальная рыса раку — хуткае ўтварэньне ненармальных клетак, якія растуць па-за сваімі звычайнымі межамі і пасьля займаюць сумежныя часткі цела і пашыраюцца на іншыя органы. Гэты працэс называюць мэтастазам. Мэтастазы — галоўная прычына сьмерці ад раку.

Факты

• Рак застаецца галоўнай прычынай сьмерці ва ўсім сьвеце — 7,6 мільёнаў сьмяротных выпадкаў (13% усіх сьмерцяў) у 2008 годзе.
• Найбольш з гэтых сьмерцяў штогод выклікаюць рак лёгкіх, страўніка, простай кішкі і грудзей.
• Найбольш пашыраныя тыпы раку розьняцца ў мужчын і жанчын.
• Каля 30% сьмерцяў ад раку зьвязаныя зь 5 галоўнымі праблемамі харчаваньня і стылю жыцьця: атлусьценьне, нізкае спажываньне садавіны і гародніны, нізкая фізычная актыўнасьць, курэньне, ужываньне алькаголю.
• Самы важны фактар рызыкі, які выклікае рак — курэньне: гэта прычына 22% ад усіх сьмерцяў ад раку ў сьвеце і 71% сьмерцяў ад раку лёгкіх.
• Каля 70% усіх сьмерцяў ад раку ў 2008 годзе зарэгістраваныя ў краінах зь нізкім і сярэднім дастаткам.
• Сьмяротнасьць ад раку працягвае расьці і, паводле разьлікаў, дасягне ў 2030 годзе 13,1 мільёнаў.

Што спрычыняе рак?

Рак узьнікае з адной клеткі. Ператварэньне нармальнай клеткі ў пухлінную складаецца зь некалькіх стадыяў, калі даракавае парушэньне перарастае ў злаякасную пухліну. Гэтыя зьмены ўзьнікаюць у выніку ўзаемадзеяньня генэтычных фактараў арганізму з трыма катэгорыямі зьнешніх узьдзеяньняў, якія ўключаюць у сябе:

• фізычныя канцэрагены, напрыклад, ультрафіялетавае або іянізуючае выпрамяненьне;
• хімічныя канцэрагены, такія як асбэст, кампанэнты тытунёвага дыму, афлатаксін (у забруджанай ежы) і мыш’як (у забруджанай вадзе);
• біялягічныя канцэрагены, такія як інфэкцыі некаторых вірусаў, бактэрыяў або паразытаў.

Яшчэ адзін фундамэнтальны фактар разьвіцьця раку — старэньне. Рызыка раку драматычна павялічваецца з узростам. Агульная рызыка спалучаецца з аслабленьнем мэханізмаў клетачнага абнаўленьня ў старасьці.

Фактары рызыкі

Курэньне, ужываньне алькаголю, нездаровая дыета і недахоп фізычнай актыўнасьці — галоўныя фактары рызыкі захворваньня на рак па ўсім сьвеце. Хранічныя інфэкцыі вірусу гепатыту B і гепатыту C, а таксама вірусу папілёмы чалавека — галоўныя фактары рызыкі захворваньня на рак у краінах зь нізкім і сярэднім і дастаткам. Рак шыйкі маткі, выкліканы вірусам папілёмы — галоўная прычына сьмерці ад раку сярод жанчын у бедных краінах.

Зьніжэньне фактараў рызыкі

Больш за 30% выпадкаў сьмерці ад раку можна пазьбегнуць, зьнізіўшы або пазьбегнуўшы наагул фактары рызыкі, такія, як:

• курэньне
• атлусьценьне
• нездаровая дыета з малым аб’ёмам садавіны і гародніны
• нізкая фізычная актыўнасьць
• ужываньне алькаголю
• ВІЧ-інфэкцыя, перададзеная полавым шляхам
• бруднае гарадзкое паветра
• дым у памешканьнях ад згараньня цьвёрдага паліва

Папераджальныя стратэгіі

• Пазьбяганьне пералічаных фактараў рызыкі.
• Вакцынацыя супраць вірусаў гепатыту B і папілёмы.
• Кантроль на месцы працы з шкоднай вытворчасьцю
• Абмежаваньне знаходжаньня на сонцы