Максім Гарэцкі. Асколкі літаратурнай перапіскі

Фота са справы Гарэцкага ў НКВД

Кафка – Рэмарку


Дарагі Эрых,

Вы напісалі выдатны раман «На заходнім фронце безь перамен». Я ў захапленьні. І найперш я захоплены тым, што і па-нямецку магчымы такі твор, якім зьдзівіў нас усіх Максім Гарэцкі. Разумею, што Ваша кніга натхнёная яго раманам «На імпэрыялістычнай вайне». Я зусім ня ведаю, што там адбываецца ў таямнічай краіне пад назвай Беларусь, але шчыра рады, што і наша літаратура можа вырабляць такія штукі ў жанры ваеннай прозы.

Ваш Іосіф К.

Канчэўскі – Гарэцкаму


Увесь час працы над «Адвечным шляхам» мяне не пакідала ўражаньне, што Абдзіраловіч – гэта я сам. Пытаюся Вашага дазволу выкарыстаць гэтае імя як мой псэўдонім, пры тым адчуваю, што такое рашэньне ўжо прыняў сам лёс.

Гашак – Кафку


Камунізм, Франц, прыдумалі габрэі. А літаратуру ХХ стагодзьдзя – Гарэцкі. Мяне ўразілі яго «Дзьве душы», фантастычны раман, у якім відаць і твае людзі-кузуркі, і гэты пякельны «Уліс» Джойса, пра які ўсе цяпер гавораць. Я бываў у Беларусі і магу пагадзіцца з думкай, што літаратуру прыдумалі там. З чаго б там акапацца старажытнаму Герадоту? Ну і Біблію яны надрукавалі па-свойму раней за ангельцаў. Быў у Гутэнбэрга такі прыяцель, як жа яго звалі? Як корачка на хлебе. Ну, хай будзе Корачка – вельмі па-нашаму гучыць. І надрукавалі яны беларускую Біблію ў нашай Празе. У іх нейкая паталягічная цяга ўсё на сьвеце засвойваць і ўсяму ўсіх вучыць.

Харэўскі – Антаняну


Дружа мой, мілы хачык. Сёньня наш рэдактар назваў славуты раман Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары» «Віленскімі кулінарамі». Але ты не крыўдуй на яго. Там сапраўды так шмат кулінарыі, іншы раз здаецца, што галоўны герой толькі есьць, прычым – смачна. Я не кажу пра міндалі ўсякія (ты ж ведаеш, я сам кухар), але і вараныя пацукі, аказваецца, у нейкі час прыдаюцца. Неверагодна. Твой С.

Камю – Сартру


Пасьля прачытаньня апошняй кнігі Аляхновіча («У кіпцюрох ГПУ») ня бачу для сябе магчымасьці заставацца ў вашай камуністычнай кампаніі. Гэтае рашэньне сьпялілася даўно. Цяперашняя навіна пра арышт Гарэцкага стала апошняй кропляй.

Бунін – Джойсу


«Партрэт мастака ў маладыя гады» і «Дублінцы» мне нагадалі мяне самога. Гэта неперадавальна. Так шмат ад Гарэцкага! Стыль! Дзівосная лёгкасьць пяра і – карціны. Я нават задумаўся – як Гарэцкі ўмее ствараць візуальныя вобразы пісьмом. Увесь час шукаю выхад на гэта. А «Уліс», даруйце, ня ўразіў. Пасьля табуяванай (але я дастаў) «Камароўскае хронікі». Праўда, ня буду нападаць на вас, бо пісьменьніку важна быць у цэнтры ўвагі, але гэта спрацуе пазьней. Гэта вельмі цяжка, але нашчадкі знойдуць «Камароўскую хроніку», верагодна, пасьля «Уліса» і акажацца, што «Уліс», прабачце...

Акутагава – Борхесу


Добра вы абышліся зь бібліятэкай, гэткім чынам акрэсьліўшы межы таленту, пра якія мне даводзілася пісаць. Хіба што ў Гарэцкага я гэтых межаў не заўважыў.

Рэмарк – Прусту


Я заўсёды вызнаваў стылістыку «сьветлага лесу» і цяпер зь цікавасьцю назіраю, як іншыя пісьменьнікі пераходзяць у «лес дрымучы», быццам зусім ня дбаючы пра камфорт чытача. Напэўна, жаданьне такога пераходу нарадзілася з «Дон Кіхота», прызнанага найлепшай кнігай усіх часоў і народаў, хоць чытаць яго ў арыгінале немагчыма. Затое ўсе ведаюць, пра што ён. У найноўшым часе «дрымучы лес» адрадзіў Гарэцкі ў сваіх «Дзьвюх душах». Кажуць, яны таксама нечытабэльныя ў арыгінале, аднак калізія вядомая кожнаму школьніку. Напэўна, гэта нейкая зусім іншая літаратурная ліга, далучыцца да якой я, бадай, ужо не змагу.

Бахарэвіч – Шупу


Гарэцкі ў «Дзьвюх душах» раскрыў сваю асабістую гісторыю. А Кафка, Гашак, Джойс, Бунін і іншыя напісалі з гэтага свае творы. (Пройдзе паўсотні гадоў і на «Дзьвюх душах» вырасьце цэлы Балівуд:) Ну канечне, засланыя палітрукі са сваім некаленапрыклонствам перад Захадам будуць нам даказваць, што Джойсы-Буніны Гарэцкага не чыталі. Але чаму яны ўсе растуць зь яго, як з гогалеўскага шыняля? Загадка прасторы і часу! Будзьма са сваім.


6 лютага – 120 гадоў з дня нараджэньня беларускага пісьменьніка, гісторыка культуры і правадніка нацыянальнай ідэі Максіма Гарэцкага.

10 лютага – 75 гадоў з дня расстрэлу Максіма Гарэцкага ў турме НКВД.