Яраш Малішэўскі — пра паўстаньне 1863 году ў беларускай літаратуры

Яраш Малішэўскі

150-ыя ўгодкі паўстаньня мы сустракаем ува ўнікальных варунках, калі героямі робяць катаў і акупантаў.
Пад лямант тых, каму яно — нібы прамень сьвятла для вупыраў. Беларушчына вынішчаецца мэтанакіравана, русыфікацыя сягнула гэткіх межаў, што… Зрэшты было б дзіўна мець з нашчадкамі Мураўёва агульную мову. Дзякуй Богу, у нас свая ёсьць. І твораў, якія прысьвячалі паўстаньню — безьліч. Хто толькі не пісаў на гэтую тэму! Вось, дарэчы, днямі пабачыла сьвет і паэтычная анталёгія «Тварам да шыбеніцы». Мы ж узгадаем колькі кніг, што ёсьць ужо добра вядомымі.


Уладзімер Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім. Менск, «Мастацкая літаратура», 2001

Падбіраючы пяцікніжжа пра паўстаньне, ня ўзьнікне і ценю сумлеву наконт таго, якая кніга будзе там абавязкова. Вядома ж, «Каласы…» Эпічнае палатно, дзе каго толькі не спаткаеш. І калі сёньня многія з гістарычных асобаў успрымаюцца належным чынам, дык падчас напісаньня раману шмат што было адкрыцьцём.

Адыходзіла Літва, нараджалася Беларусь. Кепска гэта ці не, але гэтак сталася. Вось і тут — зьяўляецца, высьпявае і сталее нацыянальная сьвядомасьць у сабе і сьвядомасьць у народзе. Час вызначацца з тым, ёсьць ты альбо цябе няма. У «Каласах…» выразна адчуваецца зьмена часоў, сьветапоглядаў, пакаленьняў. Само паўстаньне ў рамкі твора не ўваходзіць, але гэткае напружаньне «перад» мо ня меней моцнае. Як насычэньне паветра бурай перад самой бурай. Ды і назвы рамана і частак якія — і «Каласы…», і «Выйсьце крыніц», і «Сякера пры дрэве»! Тэма патрыятызму, каранёў — скразная. Безь якіх ані чалавек (калі гэта чалавек), ані дрэва існаваць ня можа (хаця сёньня зноў намагаюцца давесьці беларусам — маўляў, цалкам магчыма). Пошукі сябе, і сябе ў народзе. І сам непарыўны ланцужок: мінулае—сёньня-заўтра. Перарві, і ўсё зьнікае.

«Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. Ну што ж, калі твая „неабходнасьць“ не можа даць ім палёгкі і волі і шчасьця — тым лепей. Тады па сваёй „неабходнасьці“ яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстаньня, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора. Нядоўга чакаць».


Генадзь Кісялёў. Сейбіты вечнага. Менск, «Дзяржаўнае выдавецтва БССР», 1963

Нягледзячы на тое, што кніга выйшла ў такія ўжо далёкія часы, яна і дагэтуль актуальнасьці зусім ня страціла. Тут — шматкаляровая мазаіка, датычная, зразумела, паўстаньня, якую складаюць лёсы людзей. Кожны зь іх рабіў свой унёсак, змагаўся — па-свойму. У «Сейбітах» Кісялёў почасту адчыняе і малавядомыя тэмы паўстанцкае «кухні». Таго, што адбывалася ўнутры — што адбылося і што плянавалася ў выглядзе рэальных пэрспэктываў, часам з розных прычынаў так і не перайшоўшы ў практычную плоскасьць.

А людзі! Вось, да прыкладу, якая ж цікавая постаць аднафамільца Кастуся — Рафала-Юзафа Каліноўскага і ягоны, амаль неверагодны жыцьцёвы шлях! Расейскі вайсковы інжынэр, паўстанец, вязень, манах-кармэліт, сьвяты. Ці Антон Трусаў — змаганьне, эміграцыя, працяг дзейнасьці на чужыне, вяртаньне на радзіму. Людвік Нарбут, Язэп Клімашэўскі альбо сям’я Дуніна-Марцінкевіча… Імёны і больш вядомыя, і тыя, што сталіся клясыкамі-узорамі. Розныя іхныя лёсы, дзе паўстаньне было злучвом — моцным, трывалым. Кожная постаць — асоба, якая вымагае асобнай размовы.

Час мінае, а да тых дасьледаваньняў, ведаў пра людзей і падзеі дадаваліся новыя, у тым ліку і сьветлай памяці Генадзя Кісялёва — чалавека, які працягнуў справу 1863-га. Бо папросту немагчыма было паспаборнічаць зь ім у ведах пра Каліноўскага і паўстаньне. Можна быць пэўным: без Кісялёва яно ў дваццатым, дый у дваццаць першым стагодзьдзі гэтак бы не выглядала.


Адам Мальдзіс. Восень пасярод вясны. Менск, «Мастацкая літаратура», 1984

Падзеі кнігі Адама Мальдзіса разгортваюцца амаль што конадні паўстаньня, да якога застаецца якіх пару гадоў. Што праўда, у тыя часы год ішоў за дзесяць. Зрэшты, гэткіх сьціснутых, спрэсаваных часоў у Беларусі заўжды ставала — і ў далёкай мінуўшчыне, і ў ня надта далёкай. Сярод іншых — тыя ж, добра знаёмыя асобы: Каліноўскі, Сыракомля, што выпадкова апынаюцца побач… Вельмі, дарэчы, «жывыя», што дае файную магчымасьць зірнуць на іх, так бы мовіць, у твар. Тут і паветра Вільні, якое насычаецца тым, што неўзабаве выбухне, і паветра шляхецкага засьценка. Як вядома, засьценкі ў нас адыгрывалі почасту ня меней важкую ролю за сталіцы…

Кніга, дзе спалучаюцца факты, дапушчэньні, паданьні — цудоўны зрэз часу. Калярытныя, смачныя апісаньні краёвых звычаяў, традыцыяў і наагул — самой атмасфэры. Багата тут і моўных разыначак, якія так прыемна смакаваць. Адным словам, годны складнік пяцікніжжа. Знаёмыя людзі ў варунках, пра якія часта нават не задумляемся. Цікава, займальна, сьмешна, павучальна. Як па мне, то якое файнае кіно можна было б зьняць! На колькі сэрыяў. У іншы час. За іншай уладай. Сваёй.


Уладзімер Арлоў. Пяць мужчын у лесьнічоўцы. У кнізе «Ля дзікага поля». Гістарычныя апавяданьні. Аповесьць. Эсэ. Менск, «Логвінаў», 2010

Твор Уладзімера Арлова апавядае пра маленькі эпізод паўстаньня. Адна з найвядомейшых старонак 1863-га — дзейнасьць на Магілёўшчыне аддзелу «Тапара». Гэта ён, Людвік Зьвяждоўскі, былы капітан Генэральнага штабу, які быў узорам пасьпяховага расейскага афіцэра, ахвяруе ўсім, каб стацца вайсковым начальнікам Магілёўскай губэрні, каб змагацца, каб адчуць смакі перамогі і паразы. Каб біцца і быць забітым акупантамі. Менавіта яму належыць знакамітае ўзяцьце паўстанцамі Горак. І той самы посьпех, які нібы акрыліў іх усіх, дый ня толькі іх, стаўся першым і апошнім буйным посьпехам.

«За шэсьць дзён, палячы паперы валасных праўленьняў, валячы тэлеграфныя слупы і затрымліваючы пошту, атрад прайшоў палявымі і ляснымі дарогамі болей за сотню вёрст. У кожнай вёсцы паўстанцы зьбіралі сялян і чыталі маніфэст аб надзяленьні зямлёй і скасаваньні паншчыны. Але зь дня ў дзень гэты паход усё больш нагадваў кружляньне аточанага лаўцамі зьвера».

Кола сьціскаецца. Безвыходнасьць сытуацыі і роспуск адзьдзелу, каб унікнуць бессэнсоўных ахвяраў. Гэтак ёсьць шанец уратавацца, і тым, хто мае імпэт, пратачыцца на захад. За галаву паўстанца ўлады даюць пяць рублёў…

І гэтыя чатыры, якія засталіся ў лесьнічоўцы, калі выйсьця амаль няма. Колькі думак віруе, гутарак вядзецца! Усё зьмяшалася — адвага поруч са здрадай, а баязьлівасьць — з самаахвярнасьцю. Усе яны — розныя людзі, часта з зусім рознымі поглядамі, якія, аднак, апынуліся побач. Чатыры інсургенты і адзін палонны, зь якім трэба нешта рабіць. Забіць? І ёсьць завошта — ад ягоных рук у баі загінуў іхны таварыш. Палонны — тутэйшы, але на іншым баку. Ён вораг. Ён мусіць быць забіты — гэтак лічыць частка прысутных. Дый што далей рабіць? Усё, нібы на вастрыні ляза…


Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасьць. Творы, дакумэнты. Менск, «Беларускі кнігазбор», 1999

Каб размаўляць пра Каліноўскага, пра паўстаньне, трэба, безумоўна, вывучыць дакумэнты, аўтэнтыкі, так бы мовіць. Вядома, справа гэтая ці не бязьмежная, але прачытаўшы зялёны кнігазбораўскі тамок, ведамі ўзбагацісься. І тут шмат дзе — проста праграмная рэч, у якой часта завіруе тое, што адчуваеш сам. І ты разумееш, што думкі твае на дзіва супадаюць, кладуцца сьлед у сьлед са словамі, якія пісалі і чыталі людзі сто пяцьдзясят гадоў таму. Дарма, што гэтулькі часу мінула, дарма, што сьвет, здавалася б, зьмяніўся да непазнавальнасьці.

Словы, якія цаляюць у дзясятку, што і сёньня адпавядаюць таму, што наўкол. Словы, ад якіх усю гэтую навалач курчыць і выкрыўляе, калі ідэі Кастуся — як сонечнае сьвятло для вупыраў. «Атрады польскай шляхты», «Ён ненавідзеў беларусаў» — нат за Саветамі такога ўявіць сабе нельга было. Апакаліпсыс. Адно добра — кожны выяўляецца напоўніцу.

А ты сам узгадаеш тое, пра што апавядаў табе дзед — пра ўрочышча «Шыбеніцу», пра дуб, пад якім зьбіраліся паўстанцы… Дуб той сьпілавалі дзесяць гадоў таму. Разам з тымі дубамі, якія вядомая ўсім «адміністрацыя» прадае за мяжу. На месцы ўрочышча — катэджны пасёлак. Крыж у чарговы раз спляжаны — мо гэтымі навучэнцамі суседняй расейскамоўнай школы? Але застаецца зьніч Кастуся, да якога далучаюцца людзі, якія жадаюць быць людзьмі, а не перасоўнымі страўнікамі.