Беларус месяц быў закладнікам у Падольску

У беларускім пасольстве ў Маскве пра гэта даведаліся ад карэспандэнта Свабоды.
Праваахоўныя органы Расеі паведамляюць, што 1 лютага ў Падольску Маскоўскай вобласьці затрымалі беспрацоўнага грамадзяніна Арменіі, які з 27 сьнежня гвалтоўна ўтрымліваў у кватэры па вуліцы Кірава 30-гадовага грамадзяніна Беларусі, патрабуючы перадачы 232 тысяч эўра.

Закладнік сам пазваніў у міліцыю, падпільнаваўшы момант няўважлівасьці выкрадальнікаў. Сьледчы камітэт па Маскоўскай вобласьці распачаў крымінальную справу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: аб вымагальніцтве і незаконным пазбаўленьні волі. Падазраванага грамадзяніна Арменіі затрымалі, сьледчыя шукаюць усіх удзельнікаў групоўкі. Пра імя й лёс беларускага грамадзяніна не паведамляецца.

У пасольстве Беларусі ў Маскве Радыё Свабода паведамілі, што ўпершыню чуюць пра здарэньне і ня маюць зьвестак пра вызваленага беларускага грамадзяніна і ягоны лёс.

У дзяжурнай частцы ў Падольску пацьвердзілі інфармацыю пра здарэньне, аднак падрабязнасьці і зьвесткі пра беларуса не паведамляюць. Паводле супрацоўнікаў міліцыі, цяпер вызвалены мужчына застаецца ў Расеі, бо вядзецца сьледзтва.