“Хартыя’97” уганаравала прэміяй у галіне правоў чалавека

Станіслаў Шушкевіч, Натальля Пінчук і Генадзь Фядыніч падчас цырымоніі ўзнагароджаньня прэміяй "Хартыі'97"

Алесь Бяляцкі, Генадзь Фядыніч, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Міхалок, а таксама аўтары «плюшавага дэсанту» — супрацоўнікі швэдзкага рэклямнага агенцтва Studio Total — Томас Мазэці, Ганна Фрэй і Пэр Кромвэл названыя ляўрэатамі прэміі «Хартыі’97».

Цырымонія ўзнагароджаньня Нацыянальнай прэміяй у галіне абароны правоў чалавека за 2012 год адбылася ў Варшаве, дзе месьціцца цяпер рэдакцыя парталу «Хартыя’97».

Галоўная рэдактарка парталу Натальля Радзіна заявіла, што сёньня — адметная дата ў беларускай гісторыі, бо менавіта ў гэты дзень 150 гадоў таму на беларускіх землях пачалося паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага:

«Такія людзі, як Каліноўскі, сваёй барацьбой вярнулі беларусам пачуцьцё годнасьці і нацыянальнай сьвядомасьці. Людзі, якіх мы ушаноўваем сёньня, таксама змагаюцца за свабоду нашай краіны. Сваім прыкладам яны вяртаюць сваёй нацыі пачуцьцё годнасьці».

Прэмію атрымлівае Станіслаў Шушкевіч



Ляўрэаты ўзнагароды — старшыня Вярхоўнага Савету XII скліканьня Станіслаў Шушкевіч і прафсаюзны лідэр Генадзь Фядыніч — дзякавалі за ўганараваньне.

Шушкевіч: «Цешуся, што гэтая прэмія зьвязаная зь імем Каліноўскага. Уявіце, у 26 гадоў, ідучы на сьмерць, напісаць нешта такое, што зьяўляецца ўзорам ляканічнасьці, выдаваць цудоўную „Мужыцкую праўду“».

Фядыніч: «Скажу шчыра, што прэмія гэтая не асабістая, а прэмія — нашай камандзе, якая, нягледзячы ні на што, нягледзячы на рэпрэсіі і перасьлед, працуе».

Зьбігнеў Буяк

У цырымоніі ўзяў удзел таксама легендарны змагар польскай «Салідарнасьці» Зьбігнеў Буяк, які пажадаў беларусам посьпехаў у барацьбе за дэмакратычныя перамены ў сваёй краіне ды параіў як мага лепей да іх падрыхтавацца:

«Я вам зайздрошчу, бо мы выкарыстоўвалі ў змаганьні прылады XIX стагодзьдзя — друкарні, улёткі. А вы маеце інтэрнэт-парталы, радыё і тэлебачаньне. І посьпех вам наканаваны».

Ад імя Алеся Бяляцкага прэмію атрымала ягоная жонка Натальля Пінчук.

Віцэ-прэзыдэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасьці Марцін Вайцяхоўскі ўручае прэмію Натальлі Пінчук


Цырымонія выклікала зацікаўленасьць мэдыяў