«345 акцыяў, а дывідэндаў не хапіла на бохан хлеба…»

Многія акцыянаваныя беларускія прадпрыемствы выплочваюць сваім акцыянэрам настолькі мізэрныя дывідэнды, што людзі адмаўляюцца іх атрымліваць.
Сярод прычынаў — эканамічная адсталасьць прадпрыемстваў, якія ўлада дазволіла акцыянаваць праз чэкі «Маёмасьць», а таксама няразьвітасьць фондавага рынку.

Былы рабочы адкрытага акцыянэрнага таварыства «Гомельжалезабэтон» Аляксандар Працко — адзін з тысяч жыхароў рэгіёну, якія бралі ўдзел у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў праз чэкі «Маёмасьць». Ваганьняў, куды ўкладаць свае акцыі, не было: выбраў роднае прадпрыемства:

«Я другі чалавек-акцыянэр на прадпрыемстве — пасьля дырэктара я другі. А калі браць і дзяржаву, то трэці. Сюды я ўклаў свае акцыі, жончыны, цесьця й цешчы — 345 акцыяў… Прыйшло паведамленьне, каб атрымаў я на пошце дывідэнды ад нашага заводу „Гомельжалезабэтон“, ды вельмі „вялікія“ — 3 тысячы 500 рублёў. Гэта ж вельмі сьмешна! Тры тысячы 500 рублёў — гэта ж на адну акцыю 100 беларускіх рублёў. Ня ведаю, куды іх укласьці. Я не магу нават купіць кветку на магілу цесьця й цешчы, якія памерлі, за іх акцыі».

Такія сумы акцыянэр Працко звычайна адсылае назад свайму прадпрыемству, бо лічыць іх зьдзекам. Акцыянэр мяркуе, што такія выплаты на акцыі, хутчэй за ўсё, зьвязаныя з намерам у недалёкай будучыні пераразьмеркаваць уласнасьць.

Падобнае становішча склалася і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Дывідэнды на акцыю тут у розныя гады вагаюцца ад 10 беларускіх рублёў да тысячы альбо паўтары. Акцыянэры са сваёй мізэрнай доляй акцыяў, па сутнасьці, ніякага ўплыву на прадпрыемства ня маюць.

Адзін з вэтэранаў нафтаперапрацоўчага заводу й ягоны акцыянэр заявіў гэтак:

Мазырскі НПЗ

«У любога, у каго ёсьць акцыі на руках, спытай: „Які ўдзел ты бярэш у кіраваньні?“ Аніякага! Мы там ніхто! Нават калі акцыі ў нас пазабіраюць, то, я думаю, ніхто й бурчаць ня будзе, бо яны што ёсьць, што іх няма».

Жыхар Слуцку Павал Прыходзька набыў акцыі мясцовага цукровага заводу за прыватызацыйныя чэкі «Маёмасьць» яшчэ напрыканцы 90-х гадоў. Кажа, найвялікшыя дывідэнды, што ён неяк атрымаў, склалі каля 75 даляраў у рублёвым эквіваленце. Апошнімі гадамі, заўважыў ён, выплаты скарачаюцца:

«У мяне было 220 чэкаў, і за іх набыў 22 акцыі, бо яны даволі дарагія былі. Напачатку выплачвалі два разы на год, затым скарацілі да аднаго разу. А пасьля выплаты зьменшыліся ўтрая. Да прыкладу, летась я атрымаў прыкладна 200 тысяч рублёў».

Жыхарцы Клецку Зінаідзе Бойкай пашанцавала яшчэ менш: свае прыватызацыйныя чэкі яна ўклала ў акцыі мэблевай фабрыкі ў вёсцы Сіняўка. Але за два дзясяткі гадоў не атрымала практычна нічога, кажа жанчына:

«Я нічога не атрымліваю. Я мо толькі раз атрымала рубель з капейкамі, і гэта было гадоў восем таму. І ўсё — глуха. І зараз мы тут, хто мае акцыі, ня можам канцоў знайсьці: тэлефанавалі, дык то нікога няма, то ніхто нічога ня ведае».

Паводле экспэрта Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Марыі Акулавай, каля 50% чэкаў «Маёмасьць» грамадзяне Беларусі ўклалі ў акцыі беларускіх прадпрыемстваў. Аднак надзеі на дывідэнды зь іх таксама ня спраўдзіліся:

«На жаль, акцыі, якія набываліся праз чэкі „Маёмасьць“, належаць прадпрыемствам не стратэгічнай значнасьці. Часта яны нізкарэнтабэльныя, а таму ўладальнікі акцыяў ня могуць разьлічваць на капіталізацыю кампаніі і, адпаведна, на атрыманьне дывідэндаў. Атрымаць нейкі прыбытак магчыма, калі які інвэстар набудзе пакет гэтых акцый і заплаціць нейкія грошы».
Што тычыцца Беларусі, то тут няма другаснага рынку акцыяў

Аднак фондавы рынак у Беларусі таксама ня разьвіты, і на рух другаснага рынку акцыяў спадзявацца не выпадае. Эканаміст і экспэрт у галіне прыватызацыйных працэсаў у Расеі Дзьмітрый Балкунец заяўляе, што гэта яшчэ адна з прычынаў таго, чаму дывідэнды па акцыях расейскіх прадпрыемстваў у разы перавышаюць аналягічныя выплаты ў Беларусі:

«Гэтыя працэсы былі запушчаныя на пачатку 90-х гадоў, практычна адначасна ў Расеі і Беларусі. Але ў Расеі гэты працэс прыватызацыі быў і працягваецца актыўна. Ёсьць фондавы рынак, дзе на другасным рынку можна вольна набываць акцыі любых кампаній, у тым ліку — банкаў, мабільных апэратараў і гэтак далей. Гэта азначае, што любы грамадзянін Расеі, і нават неграмадзянін, можа вольна набыць гэтыя акцыі альбо іх прадаць. І калі кампанія мае прыбытак, то спакойна атрымліваць дывідэнды, што і адбываецца. Што тычыцца Беларусі, то тут няма другаснага рынку акцыяў — дзікі і незразумелы рынак. Пэўна, у кіраўніцтве краіны дагэтуль не разумеюць сутнасьць эканамічных зьменаў і перавагу рынку. Гэтая сыстэма працуе ня толькі ў Расеі, але таксама на Ўкраіне, у краінах Балтыі. Гэта не працуе толькі ў Беларусі».