Мастак Мікола Купава даслаў лісты старшыні аршанскага гарвыканкаму Мікалаю Лісоўскаму і старшыні віцебскага аблвыканкаму Аляксандру Косінцу. Ён патрабуе зьвярнуць ўвагу на разбурэньне ў Воршы архітэктурнага помніку XVIII стагодзьдзя — будынку Базылянскага кляштару.
Трэба хаця б закансэрваваць будынак, хаця б зрабіць дах
"Гэты помнік руйнуецца праз чалавечую абыякавасьць, хаця на будынку вісіць шыльда, што ён ахоўваецца дзяржавай. Напрыканцы 1960-х гадоў на маіх вачох была зруйнаваная велічная царква Апекі Маці Божай. Але застаўся цэлы будынак кляштара, і яшчэ 20 гадоў таму там былі звычайныя кватэры. Потым людзей выселілі, паступова будынак прыйшоў у заняпад, а ў 2006-м годзе, калі пад цяжарам сьнегу праваліўся дах, гарадзкія ўлады перадалі помнік архітэктуры Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы. У дзяржавы не было грошай, у царквы таксама няма грошай на рэстаўрацыю. Але трэба хаця б закансэрваваць будынак, хаця б зрабіць дах, каб помнік не разбураўся пад сьнегам і дажджом", -- гаворыць Мікола Купава.
А таксама спадар Купава лічыць неабходным задумацца і пра наступную рэстаўрацыю гістарычнага помніка. Сродкі на яе зьбіраюцца ў Воршы, і сам Мікола Купава гатовы ахвяраваць на аднаўленьне архітэктурнага помніка XVIII стагодзьдзя большую частку грошай ад продажу сваіх мастацкіх працаў.
Ён пэўны, што грамадзкасьць падтрымае ініцыятыву захаваньня і рэстаўрацыі Базыльянскага кляштара. І прапануе чыноўнікам не заставацца герастратамі, як іхныя папярэднікі, якія толькі руйнавалі сьвятыні ў часы "ваяўнічага атэізму". А ўзяць на сябе адказнасьць за ўзнаўленьне гістарычнай спадчыны, заслужыўшы ўдзячнасьць нашчадкаў.