А чаго б вы яшчэ хацелі ад Азаранкі?

http://www.youtube.com/embed/RFsKOHA_UXo?rel=0
Апошняя перамога першай ракеткі сьвету, беларускі Вікторыі Азаранкі выклікала вострую палеміку ў беларускай інтэрнэт-прасторы. Высьвятляецца, што шмат каму яе выдатных посьпехаў на корце мала.

Дык чаго чакаем мы ад знакамітасьцяў — выбітных спартоўцаў, мастакоў, пісьменьнікаў, навукоўцаў? Ці толькі рэкордаў на спартовых арэнах, шэдэўраў у мастацтве, рэвалюцыйных навуковых адкрыцьцяў, якія ўжо самі па сабе ўслаўляюць нацыю? Адвечнае пытаньне дачыненьняў творцы і грамадзтва ва ўмовах сучаснай Беларусі ў жывым эфіры на сайце Радыё Свабода абмеркавалі Сяргей Навумчык, Вячаслаў Ракіцкі і Віталь Цыганкоў.

Вячаслаў Ракіцкі: Віталь, чаму Вам мала перамогі Вікторыі Азаранкі? Чаго Вы яшчэ ад яе хочаце?

Віталь Цыганкоў: ... У той жа самай ступені, як і пра палітыкаў, мы павінны ведаць і пра маральны імідж, палітычныя погляды нашых спартоўцаў. Палітыкаў не шкадуюць, іх крытыкуюць. Чаму спартоўцы павінны заставацца па-за крытыкай? Ганарыцца нейкімі баламі, перамогамі — гэта ўсё правільна, лягічна. Але гэта прыблізна тое ж самае, як ганарыцца, прыкладам, трактарам «Беларус», які наша краіна робіць, і ён прадаецца нібыта ў многія краіны сьвету... Адрозна ад Аляксандры Герасімені Азаранка, можа, не настолькі яркі ўзор для перайманьня. Яна не гуляе за беларускую зборную ў тэнісе, адмаўляецца. Яна не займаецца дабрачыннасьцю, хаця грошай, здаецца, мае больш, чым любая іншая беларуская спартоўка. І прывяду знакаміты прыклад, калі яна гуляла ў тэніс з Аляксандрам Лукашэнкам. Напэўна, і з гэтай прычыны яе прозьвішча на слыху знаходзіцца, выклікае такую кантравэрсыю.

Сяргей Навумчык: Мне перамогі Азаранкі абсалютна хапае. Безумоўна, яна стварае Беларусі імідж у тэнісе, у спорце. Слухайце, што мы патрабуем ад чалавека, якому 23 гады? Як я магу чагосьці ад яе патрабаваць, калі ў свае
22-23 гады, гэта быў час высылкі Сахарава ў Горкі, я не выходзіў яшчэ на дэманстрацыі з патрабаваньнем яго вызваліць? Увогуле спартоўцы — зусім маладыя людзі, ім па 19-20 гадоў, рэдка калі нават 25-27 гадоў. Яны ўсё сваё яшчэ кароткае жыцьцё займаліся трэніроўкамі і трэніроўкамі. Гэта не пісьменьнікі, напрыклад, якія ў гэтым ці крыху старэйшым узросьце могуць і павінны нешта ацэньваць, за нешта адказваць...

Ракіцкі: Ці не аддзяляем мы асобу спартоўца, творца ад рэкордаў і шэдэўраў? А як з патрыятызмам, з грамадзянскасьцю? Ці не кладуцца ў канкрэтным выпадку сёньняшняй Беларусі мэдалі ў скарбонку дыктатуры?

Навумчык: Мая пазыцыя — у дыктатурах, аўтарытарных рэжымах спартовыя дасягненьні працуюць на іх. Гэта — факт. Прыклады — ГДР і СССР. А вось з творцамі сытуацыя зусім іншая. Так, можна папракнуць Азаранку, што яна гуляла ў тэніс з Лукашэнкам, а не, скажам, зь Севярынцам, Лябедзькам ці Пазьняком. Праўда, Пазьняк гуляе ня ў тэніс, а ў баскетбол... А прыгадайце 1998 год, калі ўсё кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў было запрошанае да Аляксандра Лукашэнкі, праўда, за выключэньнем Васіля Быкава, які тады ўжо быў у Фінляндыі. І што, яны адмовіліся пайсьці да Лукашэнкі? Яны ўсе, як адзін, пайшлі. Чатыры гадзіны выслухоўвалі яго, фактычна пагаджаліся зь ім, праглынулі ягоныя нядобрыя ацэнкі пэўных апазыцыйных палітыкаў, бо пытаньне стаяла, як захаваць Саюз пісьменьнікаў, захаваць Дом літаратара. Захавалі яны Дом літаратара? Не захавалі! А я кажу, калі б тады ўсе гэтыя народныя паэты і пісьменьнікі, выбітныя літаратары сталі ланцугом і перакрылі на 5 хвілінаў праспэкт Незалежнасьці, я перакананы, ніякі АМОН іх не крануў бы, бо гэта скандал быў бы на ўвесь сьвет. А Лукашэнка сказаў бы Ціцянкову: «Ведаеш, Ваня, адчапіся ты ад іх, знойдзеш ты будынкі пад казіно ці пад што там у іншым месцы. Хай яны застаюцца ў сваім Доме літаратара». Не пайшлі яны на гэта, бо адчувалі сябе бронзавымі клясыкамі...

Ракіцкі: У спорце людзі з адкрытай пазыцыяй насамрэч рэдка сустракаюцца. У Беларусі хіба што адкрыта выказалі сваё стаўленьне да рэжыму шахматыст Віктар Купрэйчык і вясьляр Уладзімер Парфяновіч. Нядаўна ўжо знакамітая, але яшчэ зусім юная, плыўчыха Герасіменя выказала сваё стаўленьне да нацыянальнай сымболікі, падтрымала бел-чырвона-белы сьцяг... А ў мастацтве, літаратуры? Чаму ў бальшыні сваёй у Беларусі такая апалітычная ці пасіўная ў грамадзтве творчая, навуковая, спартовая эліта? Чаму мы не пачулі яе галасоў у падтрымку палітзьняволеных? Чаму, прыкладам, артысты Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы прамаўчалі, калі ў турму кінулі Андрэя Саньнікава — унука рэжысэра Канстанціна Саньнікава, выключнай асобы ў гісторыі іхнага тэатру? А чаму шэраг творцаў, калі ў турму кідалі апазыцыянэраў, сярод якіх былі нават пісьменьнікі (Някляеў, Севярынец, Фядута), у гэты час прысутнічалі на інаўгурацыі Лукашэнкі? Іхныя каменныя твары тэлерэжысэры выдавалі на буйных плянах, маўляў, падтрымліваюць. Ну, хоць бы хворымі прыкінуліся і не прыйшлі. Чаму не выступаюць у абарону свабоды слова, нацыянальных каштоўнасьцяў, супраць зьнішчэньня архітэктурных помнікаў, тых жа гістарычных забудоваў старога Менску? Адзін голас знакамітасьці можа быць больш важкім, чым сотні галасоў малавядомых людзей.

Цыганкоў: Чаму спартоўцы ня любяць рабіць палітычныя заявы? Па-першае, у Алімпійскай хартыі сказана, што спорт па-за палітыкай. Хаця, калі казаць праўду, гэта не вытрымліваецца, але з маладосьці спартоўцаў гэтаму вучаць ва ўсіх краінах...

Можна ўзгадаць і славутую фразу самага, бадай, вядомага спартоўца ў сьвеце, баскетбаліста Майкла Джордана. Калі яго спыталі, чаму ён ня робіць палітычных заяваў, не выступае за дэмакратаў, ён адказаў: "Рэспубліканцы таксама купляюць красоўкі". А Джордан, як вядома, быў тварам кампаніі Найк. Ну і самы галоўны аргумэнт, пра які часта кажуць, напрыклад, амэрыканскія спартоўцы: на трыбуне сядзяць розныя людзі. І калі я скажу, што я, напрыклад, за дэмакратаў, то іншая палова адчуе, што я ім чужы, перастане мяне падтрымліваць. Гэта аб'ектыўныя матывы для пэўнай грамадзянскай пасіўнасьці спартоўцаў. Дарэчы, пасьля спартовай кар'еры яны ўжо становяцца больш палітычна актыўнымі, ідуць у палітыку, і нават той самы Джордан цяпер ужо падтрымаў Абаму на апошніх выбарах.

А ў Беларусі сытуацыя нашмат горшая. У Беларусі спорт моцна залежыць ад дзяржавы. І тым ня меней, у знакамітага беларускага баскетбаліста Ягора Мешчаракова ёсьць на плячы татуіроўка Пагоні. Ён так выказаў сваю пазыцыю...

Навумчык: Мяне, як думаю і шмат каго, вельмі парадавалі словы Аляксандры Герасімені пра бел-чырвона-белы Сьцяг. І я б ня стаў падводзіць нейкую адмоўную рысу пад тым, што робіць Азаранка — яна яшчэ маладая дзяўчына. Давайце пачакаем 15-20 гадоў. Прыгадаем, што ў пачатку 1970-ых, калі КДБ зьнішчала нацыянальную групу «На паддашку» ў Менску, самы малады ў Савецкім Саюзе акадэмік, член ЦК камсамола, матэматык Уладзімер Платонаў ніводным словам ня выступіў у абарону Пазьняка ці Куліка. А прайшлі гады, і ў 1991 годзе на сэсіі Вярхоўнага Савету ўжо прэзыдэнт Акадэміі навук Платонаў сваім выступам адыграў ключавую, можна сказаць, ролю пры прыняцьці Бел-Чырвона-Белага сьцягу і «Пагоні» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў. Таму — гісторыя пакажа.