Швэдзкія пілёты атрымалі прэмію «Хартыі'97»

Супрацоўнікі швэдзкага рэклямнага агенцтва Studio Total Томас Мазэці, Ганна Фрэй і Пэр Кромвэл сталі ляўрэатамі прэміі «Хартыі'97» у галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.
Прэмія «Хартыі'97» была заснаваная ў 1998 годзе. У выніку плюшавага дэсанту два беларускія грамадзяніны трапілі пад перасьлед КДБ. Да таго ж гэта было незаконнае перасячэньне мяжы. Для швэдаў гэта было, відаць, авантурай.



Чаму ўсё ж такі яны сталі ляўрэатамі?

Адказваючы на гэтае пытаньне карэспандэнта «Свабоды», рэдактарка сайту «Хартыі'97» Натальля Радзіна сказала:

«Гаворка ідзе пра гераізм швэдаў, а не пра маразм беларускай дыктатуры».

Самі швэды героямі сябе ня лічаць. «Гэта вы — героі ў Беларусі. Мы рызыкавалі ўсяго гадзіну, а вы жывяце пры дыктатуры кожны дзень цягам амаль 19 гадоў», — сказалі ляўрэаты сайту «Хартыі'97».

4 ліпеня 2012 году, на наступны дзень пасьля пампэзнага параду ў сталіцы Беларусі, аднаматорны самалёт, пілятаваны грамадзянамі Швэцыі, скінуў на Івянец і Менск некалькі сотняў плюшавых мядзьведзяў зь лёзунгамі ў падтрымку свабоды слова. Самалёт вылецеў з тэрыторыі Літвы і бясьпечна вярнуўся назад.

Мінабароны Беларусі доўга не прызнавала факту незаконнага перасячэньня мяжы, называла выкладзенае пілётамі відэа фальшыўкай. Потым улады ўсё ж прызналі відавочнае, завялі крымінальную справу, арыштавалі па ёй фатографа Антона Сурапіна, які сфатаграфаваў мішак, і рыэлтара Сяргея Башарымава, які здаваў прадстаўнікам Studio Total кватэру, калі тыя наведвалі Менск. Абодвух утрымлівалі ў СІЗА КДБ, а пазьней былі вымушаныя выпусьціць пад падпіску аб нявыезьдзе.
31 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў з пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і Войскамі паветранай абароны Ўзброеных сілаў генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна, якія такім чынам пацярпелі за швэдзкі плюшавы дэсант.

Пацярпеў за мішак і швэдзкі амбасадар Стэфан Эрыксан, якому ў жніўні не падоўжылі акрэдытацыі. Сьледам за дыпляматычным канфліктам швэдзкую амбасаду ў Менску і беларускую ў Стакгольме зачынілі.