Расейская армія «пачырванее» да ўзроўню беларускай

Вайсковае кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі вяртае старую савецкую сымболіку на армейскую тэхніку. Расейскія СМІ паведамляюць: першымі чырвоныя зоркі (замест цяперашніх бела-сіне-чырвоных — колераў расейскага сьцяга) намалююць на самалётах ды верталётах. А вось у Беларусі ад пяціканцовай зоркі нават не адмаўляліся.
Расейскія экспэрты прыйшлі да высновы: трохколерныя зоркі дэмаскіруюць вайсковую авіяцыю. Вырашана замяніць цяперашнія бартавыя знакі на старыя савецкія зоркі — праўда, будуць яны ў паўтара раза меншыя за цяперашнія. Вяртаньне да савецкай сымболікі ўжо ўхваліў нядаўна прызначаны міністар абароны Расеі Сяргей Шойгу.

Ініцыятыва выклікала супярэчлівую рэакцыю ў расейскім грамадзтве. Тыя, хто настальгуе па савецкіх часах, падтрымліваюць саветызацыю войска, іншыя ж кажуць пра пагрозу рэанімацыі савецкіх традыцыяў у маштабах Расейскай Фэдэрацыі. Гаворыць ваенны карэспандэнт Аркадзь Бабчанка, які ў сярэдзіне 1990-х быў мабілізаваны і браў удзел у збройных канфліктах на тэрыторыі Чачэнскай рэспублікі:

«У мяне ўвогуле такое адчуваньне, што мы тут у Расеі (не магу казаць за Беларусь, бо магу памыляцца ў суб’ектыўнай ацэнцы сытуацыі) вельмі імкліва скочваемся ў часы СССР. Прычым ня проста ва ўмоўныя 1970–1980-я, а ў эпоху гэткага махровага сталінскага СССР. І такі адкат назіраецца практычна па ўсіх пазыцыях. Жывучы ў Расеі, вельмі дакладна адчуваеш, што тая ж рыторыка з высокіх трыбунаў пайшла чыста сталінская. Зноў чуюцца словы пра ўсясьветную змову, агентаў, шпіёнаў, замежных наймітаў. Як лягічны вынік, дагаварыліся ўжо да ворагаў народу. Таму чаго зьдзіўляцца, што паступова вяртаюцца і сымбалі таго часу? І Беларусь, дарэчы, тут не выключэньне — у вас гэтаксама ловяць шпіёнаў, гавораць пра натаўскую пагрозу ды сумуюць па СССР».

Ад моманту стварэньня ў 1920-х савецкая авіяцыя маркіравалася чырвонымі аднатоннымі зоркамі. У 1970-я да іх дадалася белая акантоўка. У такім выглядзе сымболіка дасталася ўсім краінам, якія ўтварыліся ў выніку распаду СССР. Дарэчы, Беларусь — адзіная, якая пакінула савецкую армейскую спадчыну ў некранутым выглядзе.



У Казахстане чырвоная зорка хоць і засталася, але была аздоблена іншымі атрыбутамі — выявай сонца пасярэдзіне і крыламі ўнізе. У Таджыкістане зорка Ўзброеных сілаў пазелянела, у іншых дзяржавах за аснову бяруцца кругі, афарбаваныя ў колеры нацыянальных сьцягоў. У 2010-м з ініцыятывы тагачаснага міністра абароны Расеі Анатоля Сердзюкова зорцы дамалявалі сінюю акантоўку, у выніку чаго яна паўтарыла сваімі колерамі расейскі сьцяг. Згодна з рашэньнем новага кіраўніка абароннага ведамства Сяргея Шойгу, адноўленыя чырвоныя зоркі на бортах авіятэхнікі застануцца без аніякіх абводак, але зьменшацца ў памеры.

Лётчык-выпрабавальнік, герой Расеі Магамэд Талбоеў вітае вяртаньне расейскага войска да традыцыяў савецкай арміі:

«Ды чхаць на тых, хто нэрвуецца, хто пацяшаецца. Дарэчы, дакладна гэтак жа робіць Амэрыка, якая ні перад кім не адказвае. А мы чамусьці за ўсё павінны
Ды чхаць на тых, хто нэрвуецца, хто пацяшаецца

апраўдвацца. Мы што, прастытуткі нейкія, ці хто? Я пра гэта прэзыдэнту Расеі казаў, калі была апошняя сустрэча давераных асобаў. Чаму амэрыканцы Кітай не чапаюць? Чаму Кітай робіць усё што захоча, а Амэрыка гэтага нібыта не заўважае? Таму што трасецца ад страху. А чаму тады Расея павінна падпарадкоўвацца амэрыканскай дактрыне? Рабіць больш няма чаго? Таму я і кажу: усе свае пытаньні мы самі вырашым, без дарадцаў. Наступны выступ перад прэзыдэнтам у мяне будзе ў чэрвені, я буду ўздымаць менавіта гэтае пытаньне — перад супастатамі ня трэба класьціся. Дарэчы, Беларусь таксама ніколі ні перад кім ня кланялася. Мы радзіму не прадаем».

Пасьля рэанімацыі чырвонай зоркі эмблемы ваенна-паветраных сілаў расейскай і беларускай арміі стануць амаль ідэнтычнымі. Адстаўны вайсковец Ільля Копыл, які ад пачатку 1960-х служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня, перакананы: беларуская армія так і ня стала незалежнай, увесь час застаючыся марыянэткай у руках Масквы:

Ільля Копыл

«У нас сумесныя з Расеяй ваенна-паветраныя войскі, тут стаяць расейскія базы, ладзяцца маштабныя вучэньні. Дэ-факта расейскія войскі пастаянна знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Таму ў гэтым сэнсе ніякай незалежнасьці няма. І гэта вельмі прыкра. А цяпер будуць дзьве братэрскія арміі яшчэ і па сваім духу. Памятаеце, на апошніх парадах ляталі самалёты, на якіх луналі савецкія сьцягі з выявамі Леніна-Сталіна? Вось гэта наперадзе нас і чакае — гэткае савецка-сталінскае братэрства. Таму ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі ўсё вяртаецца назад. Прыйшоў у Расеі новы міністар абароны, яму трэба нешта рабіць, паказаць, што ён не Сердзюкоў, які нешта ініцыяваў, але не ажыцьцявіў. На такіх дробязях, магчыма, намагаецца зрабіць сабе піяр. Нічога глябальнага Шойгу ня робіць, а вось такога кшталту дробязі, якія распачынаў яшчэ Сердзюкоў, укараняе. Але чырвоныя зоркі там у іх будуць на тэхніцы ці бела-сіне-чырвоныя, сутнасна ад гэтага нічога ня зьменіцца».

На сайце Міністэрства абароны Беларусі зьмешчаная эмблема Ўзброеных сілаў з афіцыйным тлумачэньнем: пяціпромневая зорка цёмна-чырвонага (рубінавага) колеру з рэльефнымі гранямі і залацістым кантам, накладзеная паверх вянка з залацістых дубовых (зьлева) і лаўровых (справа) галінаў.