На «Граніце» працягваецца ціск на актывістаў

Кіроўцу «БелАЗу» Сяргея Кацубу выклікала начальства і настойліва раіла выйсьці з незалежнага прафсаюзу. Спадар Кацуба кажа, што калі ён не пакіне прафсаюз, то можа пазбавіцца працы.
Як распавёў Сяргей Кацуба, на гутарку яго выклікалі галоўны інжынэр «Граніту» Валерый Батура, начальнік аўтатранспартнага парку Аляксандар Кісьлюк і кіраўнічка афіцыйнага прафкаму на прадпрыемстве Тацьцяна Гарбенка:

«Быў такі наезд, як быццам яны мяне зьбіраюцца ледзьве ня выгнаць... Як яны сказалі, выбару няма — або выходзь, або ні ў якім прафсаюзе ня будзь. І такое сказалі, што калі ня вырашу гэтае пытаньне, то ў іх, маўляў, таксама магчымасьці ўсялякія ёсьць... А я і кажу, што канешне, усялякія, маўляў, вы мяне таксама можаце звольніць... Дакалупацца да чалавека на вытворчасьці можна да любога, разумееце... Яны ня спыняцца ні перад чым...»

Сяргей Кацуба ўжо 29 гадоў працуе на «Граніце» кіроўцай «БелАЗу». Выхоўвае сына-студэнта і дачку-школьніцу. Ён кажа, што баіцца, што ня зможа дапамагаць дзецям, калі яго звольняць.

Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу Алег Стахаевіч кажа, што лічыць выклік Сяргея Кацубы да начальства вынікам нядаўняга адкрытага ліста працаўнікоў «Граніту» ў падтрымку рабочых прадпрыемства «Дываны Брэста»:

«Гэта прамы вынік нашай салідарнасьці, „гранітаўскай“ салідарнасьці з працаўнікамі ААТ „Дываны Брэста“. Мінулы год паказаў, што ніхто з кіраўніцтва нават не мае схільнасьці да нейкага канструктыўнага дыялёгу. Яны могуць выкарыстоўваць толькі гэтую закулісную брудную барацьбу.»

Сакратар суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Анатоль Літвінка мяркуе, што ўлады маюць намер зусім зьнішчыць суполку:

«Гэта атрымліваецца для іх як бяльмо на воку — калі ёсьць людзі з незалежным меркаваньнем...»

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства звольненыя актывісты БНП Алег Стахаевіч, Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Людміла Літвінка, Віталь Пашэчка.