У Café Europa гасьцюе Анна Плішкава – кіраўніца Інстытуту русінскай мовы ў Прэшаўскім унівэрсытэце ў Славаччыне. Яна – першая асоба ў сьвеце, якая напісала і абараніла кандыдацкую дысэртацыю на русінскай мове («Списовный язык карпатьскых Русинів: проблемы становліня, кодіфікації, акцептації і сфер функціонуваня»).
РУСІНЫ І РУСНАКІ
Максімюк: Спадарыня Плішкава, на пачатку я хачу запытаць у вас пра этнонімы «русіны» і «руснакі» ў Славаччыне. Як насамрэч называюць сябе людзі русінскага паходжаньня ў вас на вёсцы? Ці ня думаеце, што назва «русіны» ў адносінах да вашай меншасьці шмат для каго ў сьвеце можа блытацца з русінамі, якія былі продкамі беларусаў і ўкраінцаў у Вялікім Княстве Літоўскім?
Плішкава: Што тычыцца этноніму, дык інакш падыходзяць да яго людзі на вёсцы, а інакш – інтэлігенцыя. Гэта кампраміс, да якога павінна была прыйсьці русінская інтэлігенцыя ў Славаччыне пасьля 1989 году. Тады была дыскусія, якую назву прыняць – такую, якую пераважна ўжываюць людзі, гэта значыць, руснакі, або такую, якую рэкамэндавалі яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі, напрыклад, русінскі нацыянальны абуджальнік Аляксандар Духновіч (1803-1865) і славацкі нацыянальны абуджальнік Людавіт Штур (1815-1856) – гэта значыць, русіны. Аляксандар Духновіч напісаў у сваім вядомым вершы «Я русін быў, ёсьць і буду», і з гэтага якраз выходзіла русінская інтэлігенцыя, калі ўводзіла ў жыцьцё этнонім «русін» пасьля 1989 году.
Гэтая праблема вырашалася яшчэ і перад 1989-м годам, пасьля вядомай «пражскай вясны», калі ў Чэхаславаччыне стала магчыма запісваць нацыянальнасьць «русін». І хоць этнонім русін, так сказаць, пісаўся ў дужках, але я думаю, што якраз гэтым кіравалася русінская інтэлігенцыя пасьля 1989 году. І я лічу, што народ атоесьніў сябе з гэтым этнонімам. Ён ужываецца штораз часьцей і людзьмі з-па-за кола русінскай інтэлігенцыі.
Your browser doesn’t support HTML5
Максімюк: А ці назва «руснак» ня мае нейкай адмоўнай афарбоўкі для русінаў?
Плішкава: Не. Я думаю, што сёньня гэтага ўжо няма. У гістарычнай літаратуры мы можам знайсьці сьведчаньні, што слова "руснак" мела адмоўныя канатацыі, напрыклад, у часы мадзярызацыі і ў часы, так сказаць, нацыяналістычных памкненьняў і эмоцый, якія выступалі ў нашым рэгіёне. Але ў сучаснасьці назва «руснак» ня мае нэгатыўных канатацый.
Максімюк: Вы згадалі, што русінам можна было запісацца і ў часы Чэхаславаччыны. І фактычна былі людзі, якія тады пісаліся русінамі?
Плішкава: Так, я ведаю старэйшых людзей, якім сёньня ўжо больш за 80 гадоў, у якіх ва ўнутрыдзяржаўным чэхаславацкім пашпарце была запісана нацыянальнасьць «русін».
Рэклямны русінскі ролік перад перапісам 2011 у Славаччыне:
http://www.youtube.com/embed/58k5TxHLRBk
ВАЙНА ЗА ДУШЫ
Максімюк: Цяпер я хачу запытацца ў вас пра перапісы насельніцтва ў сучаснасьці, у незалежнай Славаччыне. Гэтыя перапісы сьведчаць, што колькасьць славацкіх русінаў увесь час большала: 17 тысяч у 1991 годзе, 24 тысячы ў 2001 годзе, 33 тысячы ў 2011 годзе. У гэтым самым часе колькасьць славацкіх украінцаў меншала: з 13 тысяч у 1991 годзе да 7 тысяч у 2011. Чаму? Вы ваюеце з украінцамі за русінскія душы?
Плішкава: Безумоўна, мы ваюем за русінскія душы. Але мы ня ставім сабе мэту, каб ваяваць зь нейкай іншай нацыянальнасьцю. Для нас большую цікавасьць прадстаўляюць людзі – а такіх большасьць сярод людзей русінскага паходжаньня – якія запісаліся славакамі. Значыць, калі можна казаць пра нейкую «вайну», дык мы ваюем толькі за тых русінаў, якія пішуць сабе славацкую нацыянальнасьць. Пытаньне русінаў, якія пішуць сабе ўкраінскую нацыянальнасьць, менш важнае.
Максімюк: Вы кажаце, што большасьць русінаў запісаліся славакамі. Паводле вашай ацэнкі, колькі ў Славаччыне людзей, якія пры нейкіх больш спрыяльных для русінскага руху абставінах маглі б запісацца русінамі?
Плішкава: Я думаю, што нашмат болей, чым цяпер. Асабліва, калі возьмем пад увагу колькасьць людзей у Славаччыне, якія дэкляруюць прыналежнасьць да праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэркваў – больш за 300 тысяч. Гэта ж пераважна русіны. Так што я ацэньваю, што колькасьць русінаў у Славаччыне значна перавышае 100 тысяч чалавек.
Максімюк: У Польшчы ў 2011 годзе таксама быў перапіс. У ім можна было запісаць сабе дзьве нацыянальнасьці, напрыклад, назваць сябе беларусам, але таксама далучыцца да польскай нацыянальнасьці. Калі б такая падвойная нацыянальнасьць была магчымая ў перапісе ў Славаччыне, дык ці ня думаеце, што колькасьць русінаў магла б значна ўзрасьці за кошт тых, якія пісаліся б славакамі і русінамі адначасова?
Плішкава: Ня ведаю, як вам на гэта адказаць. Магчыма, трэба было б правесьці апытаньне, каб нешта сказаць пра такую перапісную альтэрнатыву. Але ў нас, як лічу, іншая праблема. У нас русінскую як родную мову дэкляравалі 56 тысяч чалавек. А русінскую нацыянальнасьць – 33 тысячы. Нашым людзям, як мне здаецца, цяжка зразумець розьніцу паміж нацыянальнай ідэнтычнасьцю і дзяржаўнай прыналежнасьцю. У гэтым пытаньні людзі наогул дэзарыентаваныя. Таму я ня ведаю, ці магчымасьць падвойнай нацыянальнай ідэнтычнасьці ў перапісе пабольшыла б колькасьць русінаў.
КАРПАТАРУСКАЯ МОВА
Максімюк: Вы згадалі праблему роднай мовы русінаў. Як выглядала сытуацыя русінскай мовы ў Чэхаславаччыне, перад Другой сусьветнай вайной і пасьля яе? Гэтай мове вучылі ў школах? І пад якой назвай яна выступала?
Плішкава: Што тычыцца перадваеннага пэрыяду, дык у адносінах да нашай мовы ўжывалася назва карпатаруская мова. Тут у нас, у Прэшаўскай вобласьці, русафільскія традыцыі сярод русінаў былі наймацнейшыя, так што тая мова была мяшанкай расейскай мовы зь мясцовымі дыялектамі, да таго яшчэ ў ёй была дамешка царкоўнаславянскіх тэрмінаў. У прынцыпе, якраз такой мове тут, у Прэшаўскай вобласьці, вучылі ў школах. Але рэальная сытуацыя ў канкрэтнай школе залежала ад настаўніка гэтай мовы. Калі настаўнікам быў чалавек мясцовы, роднай мовай якога быў русінскі дыялект, дык ён аддаваў перавагу той мове, якую ён найлепш ведаў і на якой гаварыў дома.
Максімюк: А пасьля вайны?
Плішкава: Пасьля вайны сытуацыя дыямэтральна зьмянілася. У таталітарным камуністычным рэжыме ў Чэхаславаччыне русінская нацыянальная ідэнтычнасьць не была дазволеная, ажно да 1968 году. Дый наогул у той час ва ўсіх іншых краінах Усходняй Эўропы лічылася, што русіны – гэта частка ўкраінскай нацыі, а іхная мова – дыялект украінскай мовы. З гэтай пазыцыі арганізавалі школьніцтва для славацкіх русінаў пасьля вайны – русінскія дзеці маглі вывучаць толькі ўкраінскую літаратурную мову, якая лічылася іх роднай мовай. Гэта адна з прычынаў, чаму русіны пачалі адыходзіць ад украінскай, а раней русінскай, ідэнтычнасьці, і сталі пісацца славакамі ды пасылаць сваіх дзяцей ў школы са славацкай мовай навучаньня. Яны не атоесьнілі сябе з украінскай мовай.
РУСІНСКІЯ МОВЫ СА ЗНАКАМ ЯКАСЬЦІ
Максімюк: У студзені 1995 году русіны ў Славаччыне ўрачыста абвясьцілі, што кадыфікавалі сваю мову. У чым палягалі найважнейшыя розьніцы паміж ранейшымі варыянтамі русінскай мовы, напрыклад, карпатарускай, і гэтай сучаснай, кадыфікаванай? На аснове якога дыялекту была кадыфікаваная ваша мова?
Плішкава: Галоўная розьніца палягае ў тым, што кадыфікаваны ў 1995 годзе варыянт русінскай мовы абапіраецца на жывыя русінскія дыялекты ў Славаччыне, на жывую гутарковую мову. Дыялектная база кадыфікаванай русінскай мовы – гэта тэрыторыя, якая знаходзіцца больш-менш 100 кілямэтраў на ўсход ад Прэшава, там, дзе знаходзяцца такія вёскі як Пхні, Чэленнэ, Гоставіцы, Зубнэ і іншыя...
Максімюк: А ваша родная гаворка – яна з гэтага базавага арэалу кадыфікаванай русінскай мовы?
Плішкава: Так, я паходжу зь вёскі Пхні (па-славацку Pichne).
Максімюк: А наколькі ваша кадыфікаваная русінская мова адрозьніваецца ад мовы лэмкаў у Польшчы або мовы русінаў у Закарпацкай вобласьці Ўкраіны? Дарэчы, русіны ў Польшчы і на Закарпацьці маюць кадыфікаваныя варыянты сваёй мовы?
Плішкава: Маюць. Калі навукоўцы і карыстальнікі русінскай мовы толькі прыступалі да яе кадыфікацыі, узьнікла дыскусія, якім чынам гэта правесьці. Ці адразу стварыць адну норму для ўсіх русінаў, ці пайсьці за некаторымі рашэньнямі ў іншых этнічных супольнасьцях у Эўропе і стварыць некалькі варыянтаў пісьмовай мовы? Ну бо ёсьць розьніца паміж русінскімі гаворкамі ў Польшчы, Славаччыне і Ўкраіне – з аднаго боку, гэтая розьніца абумоўленая ўплывам, так сказаць, мажарытарнай мовы, а з другога – гістарычнымі зьменамі, якія ў гэтых гаворках адбыліся. У 1992 годзе, калі ў Славаччыне меў месца Першы кангрэс русінскай мовы, было пастаноўлена прыняць рэтараманскую мадэль кадыфікацыі – гэта значыць, у кожным рэгіёне русіны будуць кадыфікаваць уласны варыянт русінскай мовы, а потым, калі ўзьнікне такая аптымальная сытуацыя, яны прымуць або створаць адзіную норму для ўсіх русінаў.
Цяпер сытуацыя такая, што ў 1995 годзе была кадыфікаваная русінская мова ў Славаччыне, у 2000 годзе – у Польшчы, а ва Ўкраіне было створана некалькі пісьмовых нормаў, але, як мне здаецца, ніводная зь іх да гэтага часу не была прынятая ў якасьці агульнай нормы. Розьніца паміж гэтымі пісьмовымі варыянтамі ў трох краінах існуе, але яна не настолькі вялікія, каб русіны з розных краінаў не маглі паразумецца паміж сабою і каб у пэрспэктыве не магла ўзьнікнуць адзіная норма русінскай мовы.
ДЗЕ ЧУВАЦЬ РУСІНСКАЕ СЛОВА?
Максімюк: А як выглядае сытуацыя з русінскай мовай у школах у Славаччыне?
Плішкава: У нас існуюць школы з навучаньнем русінскай мовы і школы з навучальнай русінскай мовай. Гэтых першых, дзе русінская мова навучаецца як прадмет, у нас 11 або 12. Але ў апошнія гады пачалі ўзьнікаць школы з навучальнай русінскай мовай, дзе па-русінску, акрамя сваёй мовы, навучаюць таксама і некаторым іншым прадметам -- напрыклад, музычнаму выхаваньню і гісторыі.
Максімюк: А засталіся яшчэ школы, дзе вучаць украінскай мове?
Плішкава: Па-мойму, так. Але я ня думаю, што іх будзе больш чым 10.
Максімюк: Вы – першая асоба ў сьвеце, якая напісала сваю кандыдацкую дысэртацыю на русінскай мове і абараніла яе. У вас не было праблемы зь лексыкай? Адкуль вы бралі патрэбныя словы, калі іх не было ў жывых дыялектах – з славацкай мовы?
Плішкава: Ведаеце, я вывучала ва ўнівэрсытэце ўкраінскую мову і літаратуру ды славацкую мову ды літаратуру, і яшчэ вучылася расейскай мове, так што нейкіх праблемаў з тэрміналёгіяй у мяне не было. Мая дысэртацыя была па сацыялінгвістыцы, і я «перабірала» тэрміналёгію як з славацкай мовы, так і з украінскай.
Калі справа датычыць агульнай праблемы канструяваньня навуковай і спэцыяльнай тэрміналёгіі для русінскай мовы ў Славаччыне, дык у першую чаргу мы бярэм словы з славацкай мовы.
Максімюк: Ці русінская мова існуе таксама на радыё і ў тэлевізіі?
Плішкава: Так, ужо доўгі час. На славацкім радыё ёсьць рэдакцыя для нацыянальных і этнічных меншасьцяў, а ў яе рамках дзейнічае асобная русінская група. У тэлевізіі таксама ёсьць перадача на русінскай мове. У нас ёсьць прафэсіянальны русінскі тэатар, на русінскай мове выходзяць газэты і часопісы, кніжкі, падручнікі. У цэрквах таксама чуваць русінскую мову. Карацей, ёсьць сфэры, дзе карыстаньне ўнармаванай русінскай мовай мае ўжо сваю традыцыю, запачаткаваную ў 1995 годзе.
ПЕРШЫЯ МАГІСТРЫ
Максімюк: Скажыце, калі ласка, некалькі словаў пра Інстытут русінскай мовы ў ва ўнівэрсытэце ў Прэшаве. У вас ёсьць студэнты? Кім яны могуць працаваць, закончыўшы ваш унівэрсытэт па спэцыяльнасьці русінская мова?
Плішкава: Інстытут русінскай мовы дзейнічае як самастойны інстытут ад 2008 году. Але русіністыка ў Прэшаўскім унівэрсытэце пачала разьвівацца ўжо 1999 годзе. На дадзены момант наш інстытут ажыцьцяўляе дзьве навучальныя праграмы настаўніцкага профілю – бакаляўрскую і магістарскую – па спэцыяльнасьці русінская мова і літаратура ў камбінацыі зь іншымі прадметамі. Русінскую мову ў нас можна вывучаць у камбінацыі з 16 іншымі прадметамі. Інстытут праводзіць і пэдагагічную, і навуковую працу. Гэта два прыярытэтныя накірункі нашай працы. У гэтым годзе ў нас заканчваецца поўны цыкль акрэдытаванай магістэрскай праграмы па спэцыяльнасьці русінская мова і літаратура. Мы будзем мець сваіх першых магістраў.
А дзе яны могуць знайсьці працу? Паколькі яны закончаць настаўніцкую навучальную праграму, дык зразумела, што яны ў першую чаргу могуць працаваць у школьніцтве, у школах, дзе ўжо навучаюць русінскай мове, або могуць самі ініцыяваць такое навучаньне ў рэгіёнах, дзе такіх школаў няма. У нас ёсьць прафэсійны тэатар, і некаторыя з нашых папярэдніх выпускніцаў сталі прафэсіянальнымі акторкамі. У нас ёсьць пэрыядычныя выданьні – «Народныя навінкі» і часопіс «Русін» – так што яны могуць працаваць і там.
Максімюк: Колькі сваіх магістраў будзе ў вас сёлета?
Плішкава: У сярэднім мы маем па пяць студэнтаў на кожным курсе. Але некаторыя са студэнтаў, якія пачыналі вучобу пяць гадоў таму, з розных прычынаў яе перапынілі, і першых магістраў сёлета мы будзем мець толькі двое.
РУСІНЫ Ў СЬВЕЦЕ
Максімюк: Вы згадвалі пра Першы кангрэс русінскай мовы, які адбыўся ў Славаччыне гадоў 20 таму. Як разумею, у славацкіх русінаў ёсьць кантакты з русінамі, раскіданымі па ўсім сьвеце. Ці маглі б вы сказаць колькі словаў пра гэтыя кантакты? І колькі наогул русінаў жыве на сьвеце?
Плішкава: Цяжка ўстанавіць агульны лік русінаў на сьвеце, таму што ад канца Другой сусьветнай вайны амаль да канца ХХ стагодзьдзя русінаў у прынцыпе не адзначалі ў статыстыках. Русінская нацыянальнасьць не адзначалася ні ў якай краіне, за выняткам русінаў у Ваяводзіне. Таму цяпер можна рабіць толькі ацэнкі. Я тут толькі магу спаслацца на працы гісторыка Робэрта Магачы або іншых, якія ацэньваюць, што ў сучасным сьвеце можа быць каля паўтара мільёна людзей з русінскімі каранямі.
Станоўчым у гэтай сытуацыі ёсьць тое, што пасьля 1989 году русіны з розных краінаў сьвету пачалі кантактаваць адзін з адным, пачалі аб’ядноўвацца ў міжнародныя арганізацыі. Адной з найстарэйшых арганізацый, якая ўзьнікла ў 1991 годзе, ёсьць Сусьветны кангрэс русінаў. Гэтая арганізацыя існуе да сёньняшняга дня, і я лічу, што яна зрабіла вялікую працу дзеля ўзмацненьня русінскай ідэнтычнасьці і русінскай мовы ў шырокім, міжнародным кантэксьце.
ЦІ МОЖНА НАГАДАВАЦЬ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ?
Максімюк: Як выглядае сытуацыя з русінскай літаратурай і выдаваньнем кніжак на русінскай мове ў Славаччыне? Ці славацкая дзяржава дапамагае вам у гэтым?
Плішкава: Ад самага пачатку, як толькі Славаччына прызнала русінскую нацыянальнасьць як асобную нацыянальнасьць і русінскую мову як самастойную мову, славацкая незалежная дзяржава, а раней і посткамуністычная Чэхаславаччына, падтрымлівала русінскую літаратуру, культуру і мову. Так што цяпер у Славаччыне мы маем русінскіх пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня, сярэдняга пакаленьня і, дзякуючы магчымасьці вывучэньня русінскай мовы ў нашым унівэрсытэце, расьце нам маладое пакаленьне людзей, якое цікавіцца літаратурай і мае схільнасьць пераносіць свае эмоцыі на паперу і нешта ствараць. Наколькі мне вядомы, калі рэч датычыць прыгожага пісьменства, дык кожны год у Славаччыне выходзіць каля 10 кніжак паэзіі і прозы на русінскай мове. Без дапамогі дзяржавы гэткае разьвіцьцё русінскага пісьменства не было б магчымае.
Максімюк: Наколькі я вас зразумеў, за апошнія 20 гадоў русінская мова ў Славаччыне прайшла істотную трансфармацыю – з народнай, занядбанай мовы яна разьвілася ў мову высокай культуры, ў мову ўнівэрсытэцкай адукацыі. Як вы наогул гледзіце на далейшыя пэрспэктывы разьвіцьця вашай роднай мовы?
Плішкава: У такой ацэнцы нам трэба зыходзіць з кантэксту, які існуе на сёньняшні дзень. Ёсьць людзі, студэнты, якіх мы спрабуем здабыць для літаратуры і публіцыстыкі ці, кажучы агульна, для пісанага русінскага слова. Ці здолеем ўзгадаваць у іх гэтыя схільнасьці? Гэта шмат у чым залежыць ад дзяржаўнай падтрымкі культурам нацыянальных меншасьцяў у Славаччыне, ня толькі русінам, але і іншым. Значыць, тут два чыньнікі. Першы – ці дзяржава будзе далей падтрымліваць разьвіцьцё русінскай мовы? Вырашэньне пытаньня, ці людзі будуць ведаць русінскую мову – гэта галоўным чынам наша заданьне. Зразумела, дзяржава падтрымлівае Прэшаўскі ўнівэрсытэт у агульнасьці і наш інстытут у прыватнасьці. Але толькі ад нас залежыць, ці зможам мы далучыць гэтых маладых людзей да літаратурнага працэсу і дапамагчы ім знайсьці сябе ў жыцьці. На маю думку, калі гэтыя два чыньнікі будуць і далей у наяўнасьці, дык пэрспэктывы разьвіцьця русінскай мовы ў Славаччыне трэба ацаніць станоўча.
Максімюк: Вялікі дзякуй за размову.