Польшча сьвяткуе, афіцыйная Беларусь ігнаруе

Кастусь Каліноўскі

150 гадоў таму пачалося паўстаньне Каліноўскага. Народы Беларусі, Літвы, Польшчы ўзьняліся супраць расейскай акупацыі. Паўстаньне доўжылася да 1864 году і было задушана.
У Польшчы ганаровы патранат над урачыстасьцямі, зьвязанымі са сьвяткаваньнем юбілею гэтай гістарычнай падзеі ўзяў на сябе прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі, урачыстае адкрыцьцё юбілейнага году адбылося 16 студзеня 2013 году ў прэзыдэнцкім палацы. У розных імпрэзах, прысьвечаных юбілею, якія будуць адбывацца цягам году, акрамя прэзыдэнта, прымуць удзел прадстаўнікі вышэйшых дзяржаўных органаў улады — Старшыні Сэйму і Сэнату Польшчы, прадстаўнікі Рады аховы памяці барацьбы і пакутніцтва, Міністэрства нацыянальнай абароны, шматлікіх арганізацый.

Акрамя канцэртаў, навуковых канфэрэнцый, вэрнісажаў і выстаў, прысьвечаных паўстаньню, людзі наведаюць магілы паўстанцаў і месцы памяці.

Сёньня на месцы пахаваньня паўстанцаў на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве адбудзецца пераклічка прозьвішчаў загіблых, ускладаньне кветак і запальваньне лямпад. У імпрэзе прыме ўдзел прэзыдэнт Польшчы і прадстаўнікі краін, на тэрыторыі якіх адбываліся баі: Літвы, Латвіі, Беларусі і Ўкраіны.

Як паведамляе амбасада Польшчы ў Менску, сьвяточныя захады заплянаваныя і на тэрыторыі Беларусі. З гэтай нагоды амбасадар Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка 22 студзеня накіроўваецца ў Сьвіслач, дзе ўскладзе вянкі да помнікаў Рамуальду Траўгуту і Кастусю Каліноўскаму, лідэрам паўстаньня.

Аб сьвяточных мерапрыемствах амбасада Польшчы ў Менску паінфармавала беларускія ўлады і запрасіла іх прыняць удзел у сьвяткаваньні
Паведамленьне Амбасады Польшчы

Прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве былі запрошаныя прадстаўнікі пасольстваў Літвы, Латвіі і Ўкраіны. У гэтыя дні прадстаўнікі польскіх консульскіх аддзелаў наведаюць магілы і памятныя месцы гераічнага чыну паўстанцаў па ўсёй Беларусі.

«Аб сьвяточных мерапрыемствах амбасада Польшчы ў Менску паінфармавала беларускія ўлады і запрасіла іх прыняць удзел у сьвяткаваньні 150-годзьдзя Паўстаньня 1863-1864 гадоў, таму што агульная гісторыя павінна аб’ядноўваць, а не дзяліць суседнія народы», — гаворыцца ў паведамленьні польскай амбасады.

Тым часам ні пра якія афіцыйныя беларускія захады з нагоды юбілею Паўстаньня Каліноўскага невядома.

На нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі на пытаньне журналісткі ПАП, ці будуць нейкія агульныя з Польшчай мерапрыемствы сьвяткаваньня гадавіны паўстаньня, Лукашэнка адказаў: «Я пра гэта ня чуў. Калі такія прапановы будуць, і яны не разыходзяцца з той палітыкай, якую мы праводзім у нашай дзяржаве, чаму не».

На навуковай канфэрэнцыі з удзелам набліжаных да ўлады гісторыкаў пад назвай «Польскае шляхецкае паўстаньне 1863 году. Погляд на падзеі праз 150 гадоў», якая прайшла днямі ў Менску, Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў называлі тэрарыстамі і заклікалі паставіць у Менску помнік цару Аляксандру другому, душыцелю паўстаньня, хвалілі губэрнатара Мураўёва-вешальніка.

Адзін з удзельнікаў той канфэрэнцыі рэдактар дзяржаўнага часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін, у прыватнасьці, заявіў: «Быў вялікі тэрор, аб якім мы ня ведаем, мы гаворым пра 128 павешаных Мураўёвым паўстанцаў, але ня ведаем, што ад іх рук загінулі сотні калі ня тысячы ахвяр, якія часам былі вінаватыя. Прычым гэта былі зусім дзікія тэрарыстычныя расправы».

Прапагандыст Лукашэнка Гігін заклікае пазбавіцца ад «Каліноўшчыны», разьвеяць міт аб Каліноўскім як нацыянальным героі, быццам бы створаным савецкай гістарыяграфіяй, якая бачыла ў лідэры паўстанцаў змагара з царызмам.

Гісторык Ігар Кузняцоў перакананы, што падобным чынам улады Беларусі ставяцца ня толькі да постаці Кастуся Каліноўскага і паўстаньня 1863 году, але і да гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, тэмы сталінскіх рэпрэсій:

«Усё, што зьвязана зь беларускай гісторыяй, выклікае алергію ў цяперашняй улады, і адносна гэтага ўладай абраны сродак замоўчваньня. Гэтая дата нідзе не адзначаецца, гэтае паўстаньне нідзе не аналізуецца, у падручніках пра яго пішуць як пра стыхійнае і выпадковае паўстаньне».

Тым часам незалежнае беларускае грамадзтва адзначае юбілей паўстаньня Каліноўскага прыватнымі ініцыятывамі. Імем Каліноўскага была названая Плошча пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і праграма падтрымкі рэпрэсаванай дэмакратычнай моладзі. Працягваюць дасьледаваць паўстаньне 1863 году незалежныя беларускія гісторыкі. Постары, прысьвечаныя паўстаньню, зьяўляюцца ў сацыяльных сетках. Тэму Каліноўскага працягвае і новы сеціўны конкурс Радыё Свабода.

Супрацьстаяньне афіцыйнай лініі і незалежнай думкі адбываецца ня толькі на ідэйным узроўні. Пра гэта сьведчаць красамоўныя загалоўкі паведамленьняў на нашым сайце: