Кастусь Каліноўскі — партызан, пісьменьнік, магілёвец

Кім быў Кастусь Каліноўскі, што ягоным імем назвалі вуліцу?. Адказваюць магілёўскія мінакі з вуліцы Каліноўскага.
Спадарыня: «Дужа шмат зрабіў для беларускага народу. Пад ягоным кіраўніцтвам было дужа шмат паўстаньняў супраць кепскага жыцьця. За тое, каб у людзей было лепшае, іншае жыцьцё. Быў, можна сказаць, рэфарматарам».

Спадар: «Кастусь Каліноўскі — гэта з рэвалюцыяй нешта зьвязана. Гэта дзеяч культурнай рэвалюцыі Рэспублікі Беларусь 19 стагодзьдзя».

Юначка і Юнак: «Было паўстаньне Кастуся Каліноўскага. У гонар гэтага чалавека і назвалі гэтую вуліцу. Ён, калі не памыляемся, супраць царскай улады паўстаў, і яго потым пакаралі сьмерцю».

Your browser doesn’t support HTML5

Кім быў Кастусь Каліноўскі?


Спадар сталага веку: «Каліноўскі — дык гэта пісьменьнік быў. Ці што? Пісаў паэмы, прозу. У гэтай творчасьці працаваў. Так, ці не?»

Спадарыня сталага веку: «Гэта быў беларускі рэвалюцыянэр. Змагаўся за вызваленьне Беларусі, каб прыгон адмяніць зь літоўцамі. Гэта было, можа, ў 1700 годзе».

Вуліца Каліноўскага на ўскрайку Магілёва ў Казіміраўцы


Спадар: «Каліноўскі — гэта беларускі... не, не партызан, а які ўзьняў паўстаньне супраць польскіх паноў. Мне падаецца, што яго пакаралі сьмерцю. Там была нейкая здрада».

Двое юнакоў. «Тут мы ня вучымся, дык нам гісторыю назвы гэтай вуліцы не казалі. Можа, нехта ў вайну праславіўся. Учынак гераічны зрабіў, дык, можа, таму».

Спадар: «Узьняў паўстаньне сялян за царскім рэжымам супраць усіх гэтых польскіх і літоўскіх паноў. Потым быў арыштаваны. Ссылка была».

Спадар сталага веку: «Гэта ж быў, як яго, беларускі пісьменьнік. Я сам расеец, дык яго не вывучаў і не чытаў».

Вуліца аформленая спрэс па-расейску


Спадарыня сталага веку: «Кастусь Каліноўскі — гэта наш беларускі дзеяч, гэтак мовіць, рэвалюцыйнага ўхілу. Я дык вось, ведаеце, нічога не магу сказаць, што ён зрабіў».

Па-беларуску — толькі расклад гарадзкога транспарту


Спадар: «Гэта, відаць, жыхар наш мясцовы, з Магілёва. Але адкуль я ведаю?»

Спадар сталага веку: «Я ня ведаю. Я тут толькі 25 гадоў жыву. У Менску ёсьць вуліца Каліноўскага — разумееце. Тут нешта зьвязанае, як кажуць, зь Беларусьсю».

Спадарыня: «Не магу я так сказаць. Ведаю, што ёсьць такі Кастусь Каліноўскі. Ён наш герой, беларускі».

Карэспандэнт: «А чым ён праславіўся?»

Спадарыня: «Барацьбой за Беларусь нашу. За свабоду».

Кастусь Каліноўскі — нацыянальны герой Беларусі, кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863-1864. Сёлета спаўняецца 150 гадоў ад пачатку паўстаньня.