Як паведаміла Белта, сёньня Аляксандр Лукашэнка прызначыў Віктара Шэймана кіраўніком справамі прэзыдэнцкай адміністрацыі, вызваліўшы яго ад пасады памочніка прэзыдэнта па асаблівых даручэньнях.
Літаральна некалькі дзён таму, у студзені сёлета Віктар Шэйман быў прызначаны памочнікам прэзыдэнта Беларусі па асобых даручэньнях, на гэтую пасаду ён перайшоў з пасады памочніка прэзыдэнта па асобых даручэньнях у структуры дзяржаўнага сакратарыяту Рады бясьпекі.
Гэтую апошнюю пасаду Шэйман займаў з 2009 году, неўзабаве пасьля таго, як пазбавіўся пасады дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі пасьля выбуху на сьвяткаваньні Дня Рэспублікі ў ліпені 2008 году.
Шэйман застаецца ў блізкім атачэньні Лукашэнкі ад 1994 году: у часе першай прэзыдэнцкай кампаніі ён быў разам з Лукашэнкам у «Мэрсэдэсе», які нібыта абстралялі пад Лёзнам. Апошнім часам у структурах беларускай улады Шэйман курыруе стасункі з Вэнэсуэлай.
Ад 2004 году, на падставе рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Радыі Эўропы па справаздачы кіпрскага дэпутата Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычна матываваных зьнікненьнях людзей у Беларусі, Віктар Шэйман унесены ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу.
Паводле афіцыйнай біяграфіі, Віктар Шэйман жанаты, мае дачку і сына.
Віктар Шэйман нарадзіўся ў 1958 г. у в.Салтанішкі Воранаўскага р-ну Гарадзенскай вобл. Скончыў Благавешчанскую вышэйшую танкавую камандную вучэльню і Акадэмію міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь. У 1975-1992 г.г. служыў ва Ўзброеных Сілах на пасадах каманднага, палітычнага, камандна-штабнога складаў, у тым ліку ў Аўганістане.
Генэрал-палкоўнік. Прафэсар Акадэміі праблем бясьпекі, абароны і правапарадку Расейскай Фэдэрацыі. Дзяржаўны дарадца юстыцыі 1-й клясы.
У 1990-1994 г.г. быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, сакратаром камісіі Вярхоўнага Савету па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і барацьбы са злачыннасьцю.
У 1994-2000 г.г. — Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі — памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы, дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі — міністар унутраных спраў.
У 2000 −2004 г.г. — генэральны пракурор.
У 2004-2006 гг. — Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта.
У 2006-2008 гг. — Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі.
У 2009-2013 гг. — памочнік прэзыдэнта па асобых даручэньнях у структуры дзяржаўнага сакратарыяту Рады бясьпекі.