«Юра ня раз мне казаў, што яго хочуць забіць»

Алесь Аркуш

Беларускі паэт, эсэіст, выдавец Алесь Аркуш апублікаваў у сваім livejournal успаміны пра Юрыя Гуменюка. Паводле Аркуша, Гумянюк ня раз казаў, што яго хочуць забіць.

Зь Юрам Гуменюком я пазнаёміўся з дапамогаю пошты на самым пачатку 90-х. Нехта з агульных знаёмых даў яму мой адрас як «змагара альтэрнатывы». І мы пачалі ліставацца. У мяне захавалася большася частка гэтых лістоў. Выдатны летапіс таго няпростага, але надзвычай цікавага і бурлівага часу.

Што толькі не абмяркоўвалася ў тых лістах? І праблемы сучаснай беларускай літаратуры. І асобныя пісьменьнікі. І эстэтычныя накірункі ў літаратуры. І нават тэрміны, напрыклад, нонканфармізм.

У выніку гэтых абмеркаваньняў і нарадзілася ідэя Таварыства Вольных Літаратараў.
Юра быў ці не самым пасьлядоўным і прынцыповым прыхільнікам тэвээлаўскай ідэі. Калі сьцісла, то сэнс яе ў наступным: стварыць літаратурную суполку з невялікай колькі сяброў, якія аб’ядналіся б на прынцыпах агульных творчых і жыццёвых пазыцыяў. Са сваім часопісам і выдавецтвам. Прычым разгарнуць сваю дзейнасьць у рэгіёнах, пакінуўшы сталіцу. Стварыць своесаблівую «фэрмерскую» гаспадарку ў супрацьвагу вялікаму «калгасу».

Юра быў зацятым антыкамуністам і на дух не пераносіў камуністычны, казарменны ўклад жыцьця, перадусім творчага. Яшчэ студэнтам ён напісаў цэлую нізку адпаведных вершаў. СССР яшчэ не разваліўся. Афіцыйна надрукаваць іх было немагчыма.

На той час я пачаў ствараць выдавецкую суполку «Полацкае ляда». Адной зь першых кніг, якія пабачылі сьвет у «ПЛ», і стаўся гуменюкоўскі дэбютны зборнік «Водар цела». Гэта было ў 1992 годзе. Ужо быў ліквідаваны «галоўліт» і стала магчыма выдаваць кнігі без цэнзуры.

У 1993 годзе мы засноўваем ТВЛ, часопіс «Калосьсе», літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». Юра гарыць жаданьнем працаваць і рабіць канкрэтную справу. Часопіс «Калосьсе» мы практычна выдавалі ўтрох — я, Гумянюк і Мудроў.

Але няўхільна насоўваецца новы парадак, які жорстка і нахабна пачаў вяртаць ранейшыя грамадска-палітычныя пазыцыі. У Менску мы так і не змаглі зарэгістраваць ТВЛ. Незабаве ўсе нашыя ідэі пачалі абрынацца і пераўтварацца ў друз.

Праўда, касьцяк ТВЛ па-ранейшаму трымаўся разам, што было ў нашых сілах мы рабілі — выдавалі «Калосьсе», уручалі «Вялеса», друкавалі кнігі. Аднак нашая справа гасла на вачах. Пакуль не засталося сумнае вугольле.

Нейкі час Юра быў у поўным трансе. Я ня меў ад яго ніякіх вестак месяцамі. Пра яго пачалі ўсе забываць. Не запрашалі ні ў чорна-белыя, ні ў каляровыя паэтычныя праекты, не друкавалі ў анталёгіях. Ён ня вельмі паражываў. Любіў паўтараць: затое мы не скурвіліся. Паэт вярнуўся да сваёго юначага захаленьня — пабудаваў вялікі акварыюм, пра які мог расказваць гадзінамі.

У мінулым годзе Юра неяк ажывіўся. У нас была такая традыцыя, калі ён прыяжджаў у Беласток, дзе я працаваў, то абавязкова мы зь ім разам абедалі ў кавярні. Абмяркоўвалі навіны, дзяліліся планамі. Балазе 2013 год быў для нас
юбілейны — 20-годдзе ТВЛ. Да юбілею Юра плянаваў выдаць свой новы зборнік вершаў, нават ужо дамаўляўся пра гэта з Вішнёвым. Плянаваў распачаць на Радыё Рацыя аўтарскую перадачу. Быў у гуморы і неяк больш аптымістычна пачаў глядзець у будучыню.

І вось гэтая трагічная смерць.

Цікава, што Юра ня раз мне казаў, што яго хочуць забіць. Я ўспрымаў гэта з гумарам. Нават жартаваў на гэты конт. Аднойчы я спытаў яго: «Ну што яны з табой зробяць?» «Скінуць з 9-га паверху, або цэглай па галаве. Аднойчы мяне ўжо зьбілі да непрытомнасьці», — адказаў ён.

І вось зараз хочуць давесьці, што гэта было самагубства. Не магу ў гэта паверыць яшчэ і таму, што Юра вельмі любіў сваю старэнькую маці. Калі мы зь ім летась у кастычніку езьдзілі ў Варшаву на прэзентацыю маёй новай кнігі, то Юра за дарогу тры разы ёй тэлефанаваў і амаль з дзіцячым замілаваньнем распытваў, як яна сябе пачувае. І пасьля гэтага пакінуць яе адну. Не магу паверыць.

Алесь Аркуш,
http://alesarkush.livejournal.com/