«Ён быў добрым да людзей, што здарылася, ня ведаю», — кажа маці паэта. — Ён быў толькі вельмі «расстроены» у той дзень.
Маці Юрыя Гуменюка Крысьціна Казіміраўна распавяла Радыё Свабода:
«Міліцыя прыехала, а палове дванаццатай і што сказала? Што ён пасьлізнуўся і ўпаў зь дзявятага паверху… Мы разам выйшлі, у пляменьніцы дзень нараджэньня быў васямнаццатага, яна нас запрасіла, гаворыць: прыходзьце. Было хрышчэньне. І мы выйшлі, такая халадэча, і зайшлі ў аптэку валідолу купіць. Ён кажа ў аптэцы: мама, мне так халодна. Я кажу: ну дык давай вернемся дахаты. У аптэцы, там былі хлопцы, суседзі, перагаварыў зь імі. І ня стаў мяне чакаць, выбег. Я думаю: Госпадзі, мяне б пачакаў. Я выйшла з аптэкі. Прыйшла дахаты, а яго няма. Думаю: ну дзе ён падзеўся? Халадэча такая: чакаю-чакаю, яго няма, а мабільнік ён ня ўзяў. І я ня ведала дзе ён знаходзіцца і што. І вось такія справы: чалавека няма».
Ад дома Гуменюкоў на вул. В.Харужай, 18–1 да інтэрнату, дзе загінуў Юры, мэтраў 250. Далей ад інтэрнату да аптэкі яшчэ мэтраў 300–350, яна знаходзіцца на рагу бульвара Ленінскага камсамолу і праспэкту Будаўнікоў.
Юры Гумянюк быў апрануты ў чорнае паліто, на галаве бярэт, меў пры сабе торбу.
Вахцёрка інтэрнату, дзе загінуў Юры Гумянюк, распавяла:
«Як ён прайшоў — цяжка сказаць. Заўсёды глядзяць — свой гэта, жыхар інтэрнату, ці чужы. Чужога спыняюць, запісваюць — да каго ён ідзе. Жывуць у інтэрнаце людзі з розных арганізацыяў.
Як сказаў сьведка: ён як на кухню зайшоў, так прама і пайшоў праз балькон, сам, на кухні балькон. Там блёк: восем пакояў і кухня, а ў кухні балькон. Мы так разумеем, што да нікога ён не прыходзіў… У сем гадзінаў вечару гэта было. Я прыйшла на восем на зьмену, то гэта ўжо было. Сьледчыя прыйшлі. Мы зразумелі так, што ён спэцыяльна прыйшоў. Можа калі раз прыйшоў — як тут… У пляне ў яго, відаць, было штосьці такое. Адразу сказаць так ніхто ня можа, таму што там-то нікога не было, адзін толькі хлопец, каторы прыбег увесь белы ў спалоху. Каторы бачыў. Ён на кухні быў, посуд мыў. А гэты, кажа, як ішоў, так і пайшоў цераз балькон. Я спытала яшчэ: што, у сумёт упаў? Сказаў: не, каб у сумёт, то можа б жывы застаўся б. А так ён упаў — там толькі тры сантымэтры сьнегу было і аб асфальт галавой прама. Я прыйшла на працу, ён ужо ўпаўшы быў, безь дзесяці восем прыйшла. Я на працу ішла з таго боку, то бачыла, што фатаграфавалі. Я яшчэ падумала: моладзь нешта ноччу фатаграфуецца. І хуткая стаяла. А сюды ўжо зайшла, то гавораць — сьледчыя фатаграфуюць. Людзі хадзілі глядзелі на тое месца, гаварылі, што ўжо нічога няма там. Як ён падаў дакладна, ня ведаю: там яшчэ вяроўкі віселі, ён усе вяроўкі парваў. Але ўпаў проста на галаву, плазам галавой уніз. Як плывец падае ў ваду, як я зразумела.
Няясна, да каго ён прыйшоў, але гэта ясна, што ў нікога ён ня быў на дзявятым паверсе. Таму што там такі кантынгент, што ён ня пойдзе. І там напэўна хадзілі сьледчыя апытвалі, і там практычна нікога не было на паверсе. Там адзін толькі што бачыў хлопец, і ўсё. Зьнізу сьмецьцевыя бакі стаяць, ён як ішоў, так і пайшоў туды… Гэты хлопец прыбег увогуле белы, які бачыў, што ён упаў. Ніякі. Ён адразу хуткую выклікаў. А што ўжо хуткая? На вахце міліцыю выклікалі і ўсё. Учора тут тры гадзіны сьледчыя экспэрты былі, тут на кухні. У восем гадзінаў як зайшлі туды, у адзінаццаць, у дванаццатай гадзіне толькі выйшлі».