Каліноўскі ў Горадні: Буду пісаць кнігу пра «Вясну»

Аўтар Валер Каліноўскі раздае аўтографы, 20 студзеня 2013 году

У Горадні адбылася прэзэнтацыя кнігі «Справа Бяляцкага». Сабраліся больш за 40 чалавек. Выступілі аўтар кнігі Валер Каліноўскі, журналіст Андрэй Пачобут, праваабаронца Віктар Сазонаў ды іншыя.

На сустрэчу з аўтарам кнігі «Справа Бяляцкага» Валерам Каліноўскім ў Горадні сабралася больш за сорак чалавек. Ён сказаў гарадзенцам:

«Мы жадаем яму, каб ён хутчэй выйшаў на волю, гэта ненатуральная сытуацыя, калі чалавека за добрыя справы, за дапамогу ганімым, арыштаваным, пабітым, садзілі самога ў турму. Відаць, гэта было асноўнай мэтай маёй працы над кнігай, якая доўжылася год пасьля завяршэньня працэсу над Алесем, суровым прысудам, на фактах, дакумэнтах, сьведчаньнях давесьці, што Алесь Бяляцкі ня быў ні ў чым вінаваты, што працэс меў палітычны характар».

Аўтар кнігі раздаў прысутным лісты ад Алеся Бяляцкага, каб яны маглі зь імі пазнаёміцца.

Былы палітвязень журналіст Андрэй Пачобут зазначыў на прэзэнтацыі:

«Я думаю, што з 1996 году, калі ўтварылася „Вясна“, любы чалавек, які патрапіў пад перасьлед, зьвязаны з палітыкай, з журналістыкай, ён сутыкнуўся з гэтай арганізацыяй, зь дзейнасьцю Бяляцкага, я перш сутыкнуўся зь ёю як журналіст, таму што пісаў пра падзеі, пра рэпрэсіі, то Алесь заўсёды гатовы быў даць інфармацыю. А калі я сам патрапіў пад перасьлед, то „Вясна“ і тут гарадзенская „Вясна“, яны мне дапамагалі, інфармацыйна перш за ўсё, таму што прававая дапамога мне была гарантаваная рэдакцыяй, дзе я працую. І калі быў першы дзень майго працэсу, тады Алесь прыяжджаў. Мой працэс быў закрыты, нікога не пусьцілі. І ён быў адным з тых, хто стаяў пад судом. Мінула недзе паўгады, і я быў на яго судзе, прыехаў адмыслова ў Менск, каб быць на абвяшчэньні прысуду. Самае галоўнае, што чалавек пацярпеў за тое, што нёс дапамогу іншым, гэта самае галоўнае ў гэтай справе».

Валер Каліноўскі не выключае, што можа напісаць таксама кнігу пра саму праваабарончую арганізацыю:

«Вясна» — гэта ўнікальная арганізацыя, якая дзейнічае ў рэпрэсіўных умовах, без рэгістрацыі, пад ціскам, арыштамі, ператрусамі, пазбаўленая офісу, бяздомная, але дзейнічае і ніводзін чалавек не сышоў. Я думаю, варта з часам напісаць кнігу пра гэту ўнікальную арганізацыю, гэтых людзей».

Алесь Бяляцкі пісаў, сказаў Валер Каліноўскі:


«Дзякаваць Богу, што ў Беларусі няма Сібіры, Калымы, а ў бабруйскай калёніі тое ж самае надвор’е, што ўва ўсёй Беларусі, тое ж неба. І лісты прыходзяць хутка: дзень-два і ўжо чытаеш».

Прадстаўнік «Вясны» у Горадні Віктар Сазонаў падтрымаў гэтыя словы:

«Я б хацеў дадаць, што гэта адна з заваёваў нашых, у тым ліку і Алеся Бяляцкага, што мы ня ў гэтай ўжо прасторы савецкай, дзе маглі б заслаць на Калыму, а ў незалежнай краіне жывем».

Удзельнікі сустрэчы напісалі пажаданьні Алесю Бяляцкаму на старонках нататніка, якія былі ўкладзеныя ў капэрту, каб адаслаць зьняволенаму ў бабруйскую калёнію.



Удзельнікі прэзэнтацыі кнігі "Справа Бяляцкага" ў Горадні 20 студзеня 2013 году



Кніга пра Алеся Бяляцкага


Удзельнікі сустрэчы напісалі лісты Алесю Бяляцкаму



Выступіў Андрэй Пачобут