Чувайце, будзьце пільныя, чуйнуйце

Юрась Бушлякоў, Менск

У сёньняшняй “Жывой мове” – водгук на просьбу аднаго з нашых слухачоў.

(Слухач:) “Хацелася б пачуць камэнтар наконт слова чуваць, якое ў беларускай Бібліі ўжываецца ў значэньні расійскага бодрствовать. Таксама пракамэнтуйце, калі ласка, слова чутнасьць – хоць яно ёсьць у слоўніках, але, мне падаецца, гучыць штучна. З прывітаньнем, пэнсіянэр Канстанцінавіч”.

Чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе”
, – чытаем у пераствораным Васілём Сёмухам Сьвятым Дабравесьці паводле Мацьвея. Чувайце азначае тут – ‘будзьце чуйныя, пільныя, будзьце напагатове’. У такім самым сэнсе слова чуваць выкарыстоўваў у сваім перакладзе Бібліі й айцец Уладзіслаў Чарняўскі. Увогуле, у сучасных беларускіх рэлігійных тэкстах такое ўжываньне слова чуваць раз-пораз здараецца, хаця яго, вядома, не назавеш традыцыйным для нашае мовы. Значэньне ‘быць чуйным’ было перанесенае на беларускае чуваць з польскага дзеяслова czuwać. Ці ніяк не абысьціся нам бяз гэтага перанясеньня, без ужываньня сэмантычнае калькі з польскае мовы? У ХХ стагодзьдзі бальшыня беларускіх перакладчыкаў Бібліі скарыстоўвала ў разьбіраным тут значэньні іншыя сродкі. Скажам, Антон Луцкевіч і Лявон Дзекуць-Малей перадалі сэнс будзённым ня сьпіце, у Янкі Станкевіча ў гэтым выпадку спалучэньне з экзатычным у літаратурнай мове прыметнікам чукавы будзьце чукавыя, у Анатолі Клышкі – проста будзьце чуйныя, будзьце пільныя.

Здаецца, у ролі ўсіх названых тут сродкаў варта нам, у тым ліку і ў рэлігійнай практыцы, шырэй выкарыстоўваць беларускі дзеяслоў чуйнаваць – паходжаньнем ад прыметніка чуйны. Мы ня сьпім, застаемся напагатове, напашэўку – значыць, чуйнуем. Гэтае слова пусьціла ўжо карані ў мове мастацкае літаратуры і, думаю, мае ўсе падставы зь цягам часу стаць фактам беларускіх рэлігійных тэкстаў.

Не гаманіце, вербы, не будзіце,

Ня грайце, ветры, у зялёным вецьці:

Яна ўсю ноч прачуйнавала зь дзіцем

І задрамала толькі на дасьвецьці
, – гэтая ілюстрацыя ўжываньня дзеяслова прачуйнаваць – з паэтычнае мовы Ніла Гілевіча. Ад дзеяслова чуйнаваць ёсьць у мове і вытворны назоўнік – чуйнаваньне. Чуйнаваньне ў валадарстве сну – так гучыць загаловак аднаго з артыкулаў у газэце “Наша ніва”.

А цяпер – яшчэ колькі словаў пра назоўнік чутнасьць. Ён, відавочна, суадносіцца з словамі чутны й чутна. Чутнасьць – гэта ступень выразнасьці чутнага, таго, што чутна, што чуваць. Ясна, што назоўнік чутнасьць кніжны, адсюль і пэўны недавер да гэтага слова ў нашага слухача, аднак ня думаю, што ў гэтым выпадку магчымая нейкая замена. Бяз слова чутнасьць нам не абысьціся – гаворым пра добрую ці, наадварот, кепскую чутнасьць, вызначаем мяжу чутнасьці, зону чутнасьці.