Сядзець пры сыне цi пры сыну, жыць пры Іване цi пры Івану – якую з формаў меснага склону ўжываць? Формы асабовых назоўнікаў мужчынскага роду з канчаткам -у – пры сыну, мужу, гаспадару – крыніцы дыялектнай беларускай мовы фіксуюць фактычна на ўсёй тэрыторыі краіны. У гэтым лёгка пераканацца – даволі, скажам, узяць “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (Мн., 1963). З названых фактаў жывой народнай мовы вынікала й тэндэнцыя ў літаратурнай мове ХХ стагодзьдзя: канчатак -у (-ю) прызнаваўся за нарматыўны ў месным склоне адзіночнага ліку асабовых назоўнікаў – прычым незалежна ад характару асновы такога назоўніка (як пры гаспадару, байцу, кавалю, так і пры дзеду, брату, салдату). Праўда, падчас паваеннага ўпарадкаваньня мовы ў БССР не абышліся бяз выняткаў. Акадэмічная “Граматыка беларускай мовы” 1962 году ўстанаўляла канчатак -е для мужчынскіх імёнаў і прозьвішчаў на цьвёрды зычны: аб Максіме, Тарасе, Коласе. Выходзіла – пры сыну Максіме, пры паэту Куляшове. Такое рознае скланеньне агульных і ўласных асабовых назоўнікаў ня мае ніякага лінгвістычнага абгрунтаваньня – відавочна, тут прычыняліся нелінгвістычныя фактары.
Цяпер падагульняем. Сын, брат, Іван, Павел, Колас, Куляшоў – усе гэтыя назоўнікі аднаго тыпу – на цьвёрды зычны – і ўсе яны абазначаюць асобу мужчынскага полу. То й зьмяняцца ў мове павінны аднастайна: пры сыну, брату, пры Івану, Паўлу, Якубу Коласу, Аркадзю Куляшову. Запомнім, што за назоўнікамі, якія выражаюць асобу мужчынскага полу, свая сыстэма канчаткаў. Сядзець пры сыну, жыць пры Івану – канчатак -у сыгналізуе, што мы гаворым пра асобу мужчынскага полу.