Радаўніца

Юрась Бушлякоў, Менск

У аўторак, на 9-ты дзень пасьля Вялікадня, ушаноўваюць памерлых. Веснавое памінаньне продкаў – Радаўніца. Гэты абрад памінаньня сягае дахрысьціянскае пары, дык жа назоў Радаўніца (Радуніца, Раданіца) – архаічны. Адзінага меркаваньня што да яго паходжаньня няма – спэктар тлумачэньняў тут даволі шырокі. Доўгі час Радаўніцу выводзілі ад словаў рад, радавацца або род. Думка пра паходжаньне ад слова рад вынікла з таго, што ў хрысьціянскі час Радаўніца стала сьвятам радаснага велікоднага памінаньня памерлых у сувязі з Хрыстовым Уваскрэсеньнем. У сваю чаргу спробы вытлумачыць Радаўніцу ад слова род падмацоўваліся другімі назовамі памінальнага дня – сьнеданьне па радзіцелях, радзіцельскі дзень. Пазьней зьявілася дапушчэньне, што Радаўніца мае грэцкія вытокі, ідзе ад старажытнагрэцкага слова ροδωνιά – даслоўна ‘куст ружы, дзень ружаў’. Здаецца, гэтая вэрсія найменш пераканаўчая – знаны славіст-этымоляг Макс Фасмэр канстатаваў, што ў старой грэцкай мове не зафіксавана такога назову памінак. Нарэшце, яшчэ адно меркаваньне: Радаўніцу выводзяць ад літоўскіх словаў raudá ‘плач з галашэньнем’ і raudìnė ‘малітва з плачам і галашэньнем’. Аўтары найнавейшага слоўніка “Беларуская міфалогія” за найбольш праўдападобнае лічаць якраз-такі балцкае паходжаньне Радаўніцы. Падставамі для такой высновы – і агульныя ў беларусаў і літоўцаў ключавыя элемэнты веснавога абраду памінаньня, і таксама той факт, што назоў Радаўніца не пашыраны на поўдні ад Беларусі – не ўжываецца ва Ўкраіне.

Апрача як Радаўніцай, веснавы памінальны дзень называлі й называюць у Беларусі яшчэ Радуніцкімі Дзядамі й Вялікаднем мёртвых (ці Наўскім вялікаднем). Пра тое, якой была ў нашых продкаў Радаўніца, гаворыць даўняя беларуская прыказка: “На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а вечарам скачуць”.