Дакочваць, зношваць, утойваць

Юрась Бушлякоў, Менск

Работу даканчваць ці дакончваць, падскакваць ад радасьці ці толькі падскокваць? Сёньняшні напамін – пра даволі вялікую групу дзеясловаў незакончанага трываньня, у корані якіх перад суфіксам -ва- выступае, узнаўляецца пад націскам першапачатны (этымалягічны) гук [о]. Такія дзеясловы вытворныя. Ёсьць, скажам, прыстаўкавы дзеяслоў закончанага трываньня дакаціць (напрыклад, бочку або кола некуды дакаціць). Ад слова дакаціць пры дапамозе суфікса -ва- ўтвораны ў мове дзеяслоў зь іншым ужо граматычным значэньнем – незакончанага трываньня й паўторнасьці. Гэты дзеяслоў – дакочваць (у корані той самы ўзноўлены гук [о]). Узнаўленьне першапачатнага [о] у дзеясловах з рознымі прыстаўкамі й суфіксам -ва- – гэта асаблівасьць беларускае мовы й яе норма. Па-беларуску адкалоць, але адколваць, выпрастаць, але выпростваць, знасіць, але зношваць, спаіць, але спойваць, упрасіць, але ўпрошваць і гэтак-гэтак далей.

У сучасных слоўніках, праўда, зафіксаваны паасобныя дзеясловы, якія паказаную тут беларускую асаблівасьць парушаюць і тым самым часткова размываюць. Трапілі, скажам, у слоўнікі формы падскакваць і ўскакваць. Перавагу ў літаратурнай мове трэба аддаць сыстэмным формам падскокваць і ўскокваць, бо ў аснове гэтых словаў назоўнік скок. Запомнім: згодна з моўным законам, першапачатны каранёвы [о] праяўляецца ў кожным вытворным дзеяслове з суфіксам -ва-. Гаворым: дакончваць работу, выпростваць сьпіну, ня ўтойваць праўды, падскокваць ад радасьці.