Гістарычна-культурны, палітычна-эканамічны, рымска-каталіцкі…

Юрась Бушлякоў, Менск

Як назваць па-беларуску спадчыну – гісторыка-культурнай ці гістарычна-культурнай? Як назваць сытуацыю – палітыка-эканамічнай ці палітычна-эканамічнай? Касьцёл, кажучы па-беларуску, рыма-каталіцкі ці ўсё ж рымска-каталіцкі? Такіх пытаньняў – пра аблічча складаных прыметнікаў – безьліч. У савецкіх і постсавецкіх нарматыўных слоўніках складаныя прыметнікі таго самага тыпу аформленыя па-рознаму: гістарычна-літаратурны, гістарычна-партыйны, гістарычна-філалагічны, але палітыка-адміністрацыйны, палітыка-выхаваўчы, палітыка-масавы. Вядома, хоць якіх унутрымоўных прычын на такое рознае афармленьне няма. Ува ўсіх прыведзеных прыкладах перад намі складаныя прыметнікі, утвораныя з двух раўнапраўных простых прыметнікаў. Бярэм словы гістарычны й літаратурны. Зь іх спалучэньня вынікае складаны прыметнік гістарычна-літаратурны – першая частка мае тут заканамернае адпрыметнікавае аблічча. З сыстэмных меркаваньняў у такім абліччы й варта афармляць усе складаныя прыметнікі, між раўнапраўнымі часткамі якіх можна паставіць злучнік і: палітычны й эканамічныпалітычна-эканамічны, фізычны й матэматычныфізычна-матэматычны, рымскі й каталіцкірымска-каталіцкі, японскі й беларускі японска-беларускі.

Няма сумненьняў, зь цягам часу пасьлядоўнае афармленьне складаных прыметнікаў будзе праведзена ў нарматыўных слоўніках нашай мовы. На заканчэньне, як звычайна, паўторым. Гаворым па-беларуску: гістарычна-культурная спадчына, палітычна-эканамічная сытуацыя, доктар фізычна-матэматычных навук, вернікі рымска-каталіцкага касьцёлу.