Імавернасьць і верагоднасьць

Юрась Бушлякоў, Менск

Сёньня адкажу на пытаньні, зададзеныя адным з нашых слухачоў па тэлефоне.

(Слухач:) “Якая розьніца паміж словамі імавернасьць і верагоднасьць? І як правільна называць галіну матэматыкі: тэорыя верагоднасьцяў або тэорыя імавернасьцяў?”

Аб’ектыўна беручы, замацаваная слоўнікамі розьніца ў значэньнях назоўнікаў імавернасьць і верагоднасьць рэгулярна ў нас ігнаруецца. Рэч у тым, што слова верагоднасьць ужываюць проста на ўзор фармальна блізкага зь ім расійскага назоўніка вероятность – і гэтым размываюць спэцыфіку беларускай верагоднасьці. Ідучы ў маўленьні за слоўнікам, мы зможам захаваць гэтую спэцыфіку. Пачну з прыметніка. Верагодны – гэты той, які годны веры, заслугоўвае на веру, іншымі словамі, пэўны, дакладны. Можам, напрыклад, сказаць, што нашая інфармацыя верагодная, узятая зь верагодных крыніц. Уласьцівасьць верагоднагаверагоднасьць (напрыклад, верагоднасьць высноваў, верагоднасьць сьведчаньняў). Як бачым, беларуская верагоднасьць сынанімічная дакладнасьці, пэўнасьці. А вось імавернасьць не сынанімічная. Імаверны – гэта праўдападобны, магчымы, дапушчальны. Гаворым, напрыклад, пра імавернасьць падзеяў, імавернасьць разьвіцьця сытуацыі. Навуку, якая вывучае матэматычныя мадэлі выпадковых экспэрымэнтаў, называем тэорыяй імавернасьцяў.

Ідучы за слоўнікавай нормаю, запомнім, што верагоднасьць ня тоесная імавернасьці. Верагодны – той, якому верым, пэўны, дакладны. Імаверны – падобны да праўды, толькі магчымы.