Пры саветах, за саветамі, за саветаў, за саветы

Юрась Бушлякоў, Менск

У лісьце на адрас “Жывой мовы” адзін з нашых слухачоў цікавіцца, як правільна па-беларуску: жылі пры саветах або за саветамі? Паводле сучасных нормаў, правільна і так, і так: паказваючы на эпоху, час, пэрыяд, на працягу якіх нешта адбывалася або адбываецца, выкарыстоўваем канструкцыі як з прыназоўнікам пры, так і з прыназоўнікам за. Можам сказаць, што Грунвальдзкая бітва адбылася пры Вітаўту або за Вітаўтам. На спалучэньнях з словам за трэба спыніцца падрабязьней – тут магчымае рознае кіраваньне. Найчасьцейшая сёньня – нарматыўная канструкцыя, у якой з прыназоўнікам за спалучаецца форма творнага склону назоўніка: за Вітаўтам, за каралём, за царом, за саветамі. Гавораць па-беларуску: не за намі гэта сталася, не за намі й перастане. Паралельна з спалучэньнем за саветамі – каб выразіць тое самае значэньне – магчымыя, хоць і даволі рэдкія ў літаратурным маўленьні, яшчэ дзьве канструкцыі – у іх назоўнік пры слове за стаіць у формах роднага й вінавальнага склонаў: за саветаў і за саветы. За жывата свайго добра чыні, – гэты сказ з кітабаў – помнікаў беларускай мовы, пісаных арабіцаю. За Польшчу яны тут добра жылі, а цяпер выехалі; за маю памяць гэтага не было – тут ужо ілюстрацыі з мовы мінулага стагодзьдзя, з “Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча”. За жывата – тут родны склон назоўніка, за Польшчу – вінавальны.

Пры канцы вяртаюся да цытаванага на пачатку пытаньня. Па-беларуску можам сказаць, што жылі пры саветах або за саветамі, магчымыя таксама спалучэньні за саветаў і за саветы.