Як вітаемся, уваходзячы ў лазьню, парыльню? Найчасьцей, відавочна, ужываюць у нас цяпер фразэму зь лёгкай параю. Гэтае вітаньне фіксуюць даступныя для кожнага перакладныя слоўнікі. А вось іншых або крыху інакшых беларускіх лазьневых вітаньняў у абсалютнай бальшыні тых слоўнікаў няма, таму нялішне тое-сёе прыпомніць. Пару бяз чаду называлі й называюць ня толькі лёгкаю – яшчэ, скажам, добраю, прыемнаю. Адсюль павітаньні: з добрай параю, прыемнае пары. Яшчэ адно беларускае лазьневае зычэньне – лёгкі дух. Яно вельмі даўняе – нашыя продкі лічылі, што ў аблоках пары ў лазьні крыецца добры дух. Слова дух у беларускай мове мае таксама значэньне пары. Лёгкі дух – значыць прыемная пара, тая, што нясе радасьць і палёгку. Іван Насовіч і пазьнейшыя беларускія фразэографы фіксуюць і шырэйшае пажаданьне, дзе ўжо ня толькі пра пару, але й пра венік: шаўковы венік, лёгкі дух.
Вось жа, няможна зводзіць усёй палітры беларускіх лазьневых вітаньняў да адной лёгкай пары. Будучы ў лазьні, ні ў якім разе не забываймася на нашае старое, архаічнае зычэньне – лёгкі дух!