Сёньня – кароткі напамін пра складаныя словы зь першай часткаю поў- / паў-. Здаецца, з афармленьнем такіх словаў не павінна ўзьнікаць абсалютна ніякіх праблем, аднак жа часам чуем у беларускім маўленьні то п[о]ўгадзіны, то п[о]ўмесяца. Асноўная прычына названых ненарматыўных формаў – у перанясеньні на беларускі моўны грунт асаблівасьцяў вымаўленьня расійскіх словаў з часткаю пол-: п[о]лчаса, п[о]лмесяца, п[о]лтоны (у расійскай мове частка пол- мае на сабе, як правіла, пабочны націск). У 30-40-ыя гады мінулага стагодзьдзя, калі нашую літаратурную мову актыўна падраўноўвалі ў БССР пад расійскую, зьявіліся на пісьме й формы накшталт поўгадзіны й поўмесяца. Людзі, якія ведалі жывую, натуральную беларускую мову, такія формы крытыкавалі. Скажам, на самым пачатку 1950-ых у артыкуле ў часопісе “Полымя” мовазнавец і пісьменьнік Мікола Лобан называў памянёныя факты “яўным уродаваньнем мовы”.
Вось жа, у нашай мове ў складаных словах з часткаю поў- / паў- заўсёды адзін націск, другога, пабочнага націску, – няма. Як на названую тут частку слова падае націск, тады ў ёй, натуральна ж, выступае гук [о]: поўдзень, поўнач. Калі націск на другой частцы складанага слова, у першай заўсёды маем [а]: паўгадзіны, паўмесяца, паўтоны, паўтысячы й г. д.
Пры нагодзе размовы пра частку паў- у складаных словах дазволю сабе яшчэ малую граматычную рэпліку. Формы тыпу паўгады, паўмесяцы, паўмільёны, якія таксама раз-пораз чуем у літаратурным маўленьні, памылковыя. Мы гаворым: палова / палавіна (чаго?) году або (у савецкай граматычнай традыцыі) года, палова месяца, палова мільёна. Адкуль жа паўгады, пры чым тут форма множнага ліку гады? З часткаю паў- спалучаецца форма роднага склону. Гаворым па-беларуску: ня бачыліся паўгоду, прыедзе праз паўмесяца, заробім паўмільёна.