Валянцiна Муха, Валянцiны Мухi, Валянцiне Мусе…

Юрась Бушлякоў, Менск

Студэнтка прынесла курсавую работу. Гляджу на тытульным лiсьце, чыя работа. Напiсана, што Валянцiны Муха. Пытаюся, чаму курсавая ня Мухi, а Муха. Студэнтка адказвае, што яе прозьвiшча не скланяецца. Задаю пытаньне, чаму не скланяецца. “Не скланяецца, i ўсё”, – студэнтка не спрабуе аргумэнтаваць. Такі добра вядомы стэрэатып – раз жаночае прозьвiшча на (), то не зьмяняецца. Гэты стэрэатып у нашай моўнай сытуацыi вельмi моцна падтрымлiваюць факты нескланеньня аналягiчных будоваю жаночых прозьвiшчаў у расiйскай лiтаратурнай мове. Павел Сьцяцко ў кнiзе “Культура мовы” прыпамiнае нараду для “нармалiзацыi” беларускай мовы – яе ў 1972-iм праводзiлi з iнiцыятывы ЦК КПБ. Выступаючы на той нарадзе, Павел Сьцяцко перасьцерагаў ад нескланеньня беларускіх жаночых прозьвiшчаў на (). На гэта была рэплiка тагачаснага дырэктара Інстытуту мовазнаўства Мiхаiла Суднiка. “У рускай мове, – гаварыў Суднiк, – такiя прозьвiшчы (на -ко, -енко) не скланяюцца, дык нашто iх скланяць у беларускай, руская ж мова для нас узор”.

А калi ўсё ж адступiцца ад названага Мiхаiлам Суднiкам узору – проста iсьцi за фактамi жывой беларускай мовы. Тады ўсё становiцца на свае месцы – жаночыя прозьвiшчы на () функцыянуюць у нашай мове, як i iншыя беларускiя назоўнiкi, гэта значыць, зьмяняючыся. Бярэм, да прыкладу, прозьвiшчы на -ха, -га, -каМуха, Вiлюга, Глебка. Гаворым па-беларуску, што бачылiся з Валянцiнай Мухай, Людмiлай Вiлюгай, Нiнай Глебкай, гаварылi нешта Валянцiне Мусе, Людмiле Вiлюзе, Нiне Глебцы. Абыходзімся бяз выняткаў – рэгулярна скланяем беларускія жаночыя прозьвішчы на (): вучыліся ў Ірыны Шкрабы, прысьвяцілі Ўладзіславе Купале, раіліся зь Зінаідай Бандарэнкай, ліставаліся зь Верай Бядуляй.