Дах і страха

Юрась Бушлякоў, Менск

Пагаворым сёньня пра два беларускія словы – дах і страха. Адзін з нашых слухачоў папрасіў удакладніць іх ужываньне.

(Слухач: ) Калі слова дах сустракаецца, то гэта, відаць, любая верхняя частка будынку, а страха неяк асацыюецца толькі з саламянай абаронаю ад дажджу й ветру. А як будзе, калі на версе будынку шыфэр ці дахоўка?

Гаворачы па-беларуску, мы, як правіла, ужываем абодва названыя словы – і спаконвечную нашую страху, і вельмі даўняе пазычаньне зь нямецкай дах. У жывой народнай мове крытую саломай страху вясковай хаты могуць назваць і дахам, а, скажам, двухсхільны чарапічны дах камяніцы – страхою. Ніколі не назавуць страхою хіба толькі плоскі дах, прыкладам, дах гарадзкога шматпавярховіка.

Нельга не прызнаць, што многія носьбіты беларускай літаратурнай мовы звычайна асацыююць страху толькі з саламяным пакрыцьцём, называючы кожную інакшую верхнюю частку будынку дахам. Такое вузкае разуменьне страхі дыктуюць акадэмічныя расійска-беларускія слоўнікі: чытаем там, што страха – гэта тое, што з саломы або чароту. Іншыя нарматыўныя даведнікі, да прыкладу, тлумачальныя слоўнікі, у большай ступені ўлічваюць факты аўтэнтычнай беларускай мовы, дапускаючы ўжываньне слова страха таксама й на абазначэньне даху, крытага, скажам, шыфэрам або чарапіцаю (дахоўкаю).

Паспрабую цяпер падагульніць сказанае. Вось жа, у літаратурным маўленьні вельмі шырока можна выкарыстоўваць назоўнік дах – называць гэтым словам самыя розныя паводле формы й матэрыялу верхнія часткі будынкаў. Страхою можам назваць няплоскі дах – ня толькі вясковае хаты, але й сучаснага катэджу. Гаворым па-беларуску: дах гаража, дах палацу, шыфэрны дах або шыфэрная страха, двухсхільны дах мураванкі або двухсхільная страха мураванкі, саламяная страха.