Фарміраваць ці фармаваць, фарміраваньне ці фармаваньне?

Юрась Бушлякоў, Менск

Характар фарміраваць ці фармаваць, вайсковае фарміраваньне або фармаваньне – што ўжываць – формы з элемэнтам -ір– або безь яго? Пра гэта ў сваім лісьце пытаецца наш сталы слухач Юры Эпштэйн.

Як вядома, формы дзеясловаў з суфіксам -ірава– не тыповыя для беларускай мовы. У нашай літаратурнай мове няма ніводнага прыкладу, каб ад беларускай або іншамоўнай асновы быў утвораны ўласнабеларускі дзеяслоў з суфіксам -ірава-. Формы кшталту апэрыраваць, камандзіраваць або фарміраваць – ня што іншае, як калькі аналягічных расійскіх дзеясловаў. Ясна, некаторыя з гэтых калек трывала замацаваліся ў нашай мове – без элемэнту -ір– сэнс такіх, напрыклад, словаў, як лавіраваць або парыраваць, сапраўды зацямняецца. Але ці ёсьць такая небясьпека ў выпадку слова фармаваць? Відавочна, няма. Фіксаваныя савецкімі слоўнікамі дзеясловы фармаваць і фарміраваць маюць вытокі ў лацінскім слове formare і нясуць у цэлым тое самае шырокае значэньне надаваньня формы, устанаўленьня, стварэньня або пераўтварэньня нечага. Да рэвізіі 1930-ых гадоў нашая мова абыходзілася адным тыповым словам – фармаваць. Пазьней палічылі, што яго замала, і дапісалі расійскае формиравать. Некаторыя айчынныя аўтары ўзяліся тады папраўляць у сваіх раней напісаных творах фармаваць на фарміраваць – напрыклад, у арыгінале Крапівовых “Мядзьведзічаў” бачым фармаваць, а ў паваенных перавыданьнях раману – фарміраваць.

У апошнія гадоў пятнаццаць дзеяслоў фармаваць і утвораны ад яго назоўнік фармаваньне вяртаюць сабе частку забраных пазычаньнямі значэньняў. Усё часьцей карыстальнікі мовы ўсьведамляюць збыткоўнасьць дзеяслова фарміраваць і ўсіх ад яго вытворных. Гаворым па-беларуску: фармаваць узор, фармаваць характар, сфармаваць урад, сфармаваць каманду, стварыць вайсковае фармаваньне.