Зрабiў бы, зрабiла б; сам жа сказаў, сама ж сказала

Юрась Бушлякоў, Менск

Сёньня – кароткi напамiн пра аблiчча двух службовых словаў – пра формы, у якiх выступаюць гэтыя словы ў залежнасьцi ад пазыцыi ў моўнай плынi. Маю на ўвазе часьцiнку бы, а таксама часьцiнку й злучнiк жа.

На першы погляд, усё тут максымальна проста й ясна – згодна з маўленчымi нормамi, пасьля словаў на галосны памянёныя службовыя словы падкарочваюцца, трацяць “свой” галосны. Аднак паасобныя носьбiты лiтаратурнае мовы дапускаюць адступленьнi ад нарматыўнага ўжываньня бы й жа. Важна ўсьцерагчыся ад памылак. Формы накшталт зрабiла бы, ты жа сказала – з бы й жа пасьля слова на галосны – вынiкаюць звычайна з практыкi небеларускага маўленьня й парушаюць законы нашае мовы. Калi папярэдняе слова закончваецца на галосны, прыпамiнаныя тут часьцiнкi й злучнiк абавязкова зьмяняюць у моўнай плынi сваю форму – вымаўляем глухiя [п] i [ш]: насмажыла [п], падрыхтавалi [п], папрацавалi [п]; калi [ш] яны прыедуць, ты [ш] ведаеш, прыйшлi [ш] самi й г. д. Пасьля слова на зычны захоўваем бы й жа нязьменна: зрабiў бы, той жа, сам жа сказаў (вымаўленьне [ба] i [жэ] на месцы бы й жа – няправiльнае).